Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Ніл Армстранг называў беларускую мову музыкай

2012.09.05 0

Прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук, вядомы беларускі вучоны, радыёфізік Ігар Аляксандравіч Малевіч, напэўна, адзіны беларус, які можа пахваліцца асабістым знаёмствам з чалавекам, які зрабіў першы крок на Месяц.

- Як вы апынуліся ў НАСА і пазнаёміліся з Армстрангам?

- Я тройчы працаваў у НАСА ў канцы 70-х па савецка-амерыканскім праекце лазернай лакацыі Месяца. Працаваў у надзвычай знакамітым месцы НАСА, у даследчым корпусе № 32 новых касмічных тэхналогій. Штопятніцу ў паўдзён там адбываўся семінар, дзе абмяркоўваліся смелыя навуковыя ідэі, праблемы. Папросту – навуковая балбатня. Праблем у НАСА было шмат. І адна з іх – праблема дакладнага вызначэння становішча аб’екта. Я прапанаваў зрабіць аптычны камп’ютар, які працуе са святлом. А дакладней, аптычную памяць, вельмі хуткую аптычную памяць для лазарнага інтэрферометра лакацыі Марса і Венеры.

Чуткі пра гэты хутка разнесліся па НАСА. І на наступны семінар прыйшоў Армстранг. Нас пазнаёмілі. Ён не разумеў, адкуль я. Для амерыканцаў я быў савецкім. А я тлумачыў, што я не рускі, а беларус. Мы пачалі з Армстрангам даволі часта сустракацца. Я яго некалькі разоў запрашаў наведаць Беларусь. Армстранг натхніўся, але ён быў чалавекам непублічным, нават замкнутым, рэдка з кім размаўляў больш за тры хвіліны. Але на семінары хадзіў, усё запісваў. Ён вельмі цікавіўся Беларуссю. З вялікай цікавасцю выслухоўваў мае аповеды. Нават некалькі разоў папрасіў мяне сказаць што-небудзь на беларускай мове.
 
- І што вы сказалі?
 
- Мама была настаўніцай беларускай мовы. Я беларускую паэзію з дзяцінства ведаў напамяць і прачытаў:
 
Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
І ўжо пры печцы з чапялою
Стаяла маці... Пад рукою
Таўкліся дзеці, заміналі
Або смяяліся, спявалі.
 
Армстранг сказаў, што гэта не мова, а музыка.
 
- Што вы расказвалі астранаўтам пра краіну?
 
- У тыя гады зарплата савецкага прафесара была амаль такая ж, як і ў амерыканскага. Мне лёгка было з імі размаўляць пра навуку і прафесарскае жыццё. Жартам я пералічваў свой заробак і паказваў, што я жыву нават лепей, чым яны. Але мне цяжка было адказаць на пытанне, які ў мяне дом. Там жа вялікія дамы – стыль жыцця. А ў мяне ў той час была на Веры Харужай двухпакаёвая кватэра. Або пытанне: “Колькі ў цябе ў сям’і аўтамабіляў?” – заганяла мяне ў тупік.
 
Яшчэ давялося доўга тлумачыць, якая рэлігія ў Беларусі. Што ў нас ёсць і праваслаўе, і каталіцызм, што было ўніяцтва. Расказваў пра бацькоў. Пра тое, што бацька загінуў падчас вайны. Маці засталася адна, настаўніца пачатковых класаў, але ў сям’і ўсе атрымалі адукацыю, усе чацвёра дзяцей маюць вучоныя ступені. Армстранга вельмі цікавіла гісторыя. Я з дзяцінства ведаў, што трагічнага адбывалася ў СССР. У бабулі было 13 сыноў, з іх 11 загінулі падчас вайны, а астатнія ў канцлагерах. У маёй сям’і не было сакрэтаў, што такое канцлагер, якія людзі там сядзяць. Яшчэ я распавядаў, што такое Нарач, якая ў краіне прыгожая зямля і прыемныя людзі. Армстранг заўсёды гаварыў, што мая любоў да Беларусі мацнейшая за іх амерыканскую.
 
З размоў пра Месяц больш за ўсё запомнілася, як Армстранг расказваў пра тое, што ў яго было адчуванне, нібыта за яго спінай нехта стаіць.
 
Ірына Козлік 
 
(Пераклад наш,  газета “Комсомольская правда” ад 30.08.29012.)

← вярнуцца ў навіны