Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Магілёўскі летапісец ХХ стагоддзя

2012.08.29 0

У жніўні гэтага года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння вядомага магілёўскага краязнаўцы Іераніма Філіповіча. Ён нарадзіўся ў Магілёве, скончыў там школу і два курсы даваеннага Палітасветінстытута, доўгі час працаваў у музеі і ў Магілёўскім гістарычным архіве. Яшчэ да вайны, з 1930 года, стаў цікавіцца гісторыяй роднага горада, а з 1958 года, калі працаваў інжынерам тэхнічнага нагляду на будаўніцтве дарог і мастоў, пачаў збіраць матэрыялы па гісторыі Магілёва, каб напісаць яго гістарычны летапіс з ХІІІ па ХХ стст.

У Ленінградзе ў бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына ён знайшоў арыгінальны рукапіс Хронікі горада Магілёва Трафіма Сурты і Трубніцкіх і цалкам перапісаў яго сваёй рукою, бо зняць копію са спарахнелага арыгінала было немагчыма. Філіповіч звольніўся з працы і 8 месяцаў днямі рабіў гэтую тытанічную працу. Усе факты па магілёўскай гісторыі ён выпісваў на асобныя карткі (12 тысяч картак), а таксама не выпускаў з рук фотаапарат і пакінуў у спадчыну Магілёўскаму абласному краязнаўчаму музею 2390 фотанегатываў.

Я пазнаёміўся са спадаром Іеранімам у верасні 1979 года, калі пачаў раскопкі магілёўскай ратушы. Ён вельмі зацікавіўся археалагічнымі раскопкамі і мы сталі абменьвацца інфармацыяй пра гістарычны цэнтр Магілёва, бо я перад раскопкамі сабраў цікавы матэрыял па гісторыі ратушы ў розных бібліятэках і архівах Вільні, Мінска, Магілёва, Масквы і Ленінграда. Запрашаў сп. Філіповіч мяне і дахаты, дзе паказваў сваю ўнікальную калекцыю і хроніку гісторыі сучаснага Магілёва, якую ён пісаў штодня, не прапускаючы ніводнай падзеі ў жыцці горада і ўсё фіксуючы на фотастужку.

Неяк ён заўважыў, што я дэтальна абмяраю цэглу з падмуркаў магілёўскай ратушы XVII ст., і пацікавіўся, навошта гэта трэба. Калі даведаўся, што гісторыя беларускай цэглы − гэта адна з тэмаў маёй будучай кандыдатскай дысертацыі, паказаў мне і дазволіў карыстацца сваёй калекцыяй старой магілёўскай цэглы, якую ён збіраў і прыносіў з розных месцаў горада, калі руйнаваліся старыя будынкі ці праводзілі каля іх земляныя работы. Каля цаглянага падмурка яго драўлянай хаты ляжаў стос добра памытай цэглы, прычым кожная цаглінка мела паперку-пашпарт свайго паходжання.

Такім чынам, дзякуючы дапамозе Іераніма Іосіфавіча, я здолеў добра вывучыць цэглу з помнікаў магілёўскай архітэктурнай школы, што склалася ў XVІІ ст. Гэта была тонкая цэгла, таўшчынёй 4,5-5,5 см, на сваёй паверхні яна мела некалькі неглыбокіх баразёнак, размешчаных наўкос адпаведна бакавых граняў шырокай часткі цаглінаў.
Наша знаёмства доўжылася некалькі гадоў і мела ўзаемную цікавасць.

Да юбілея Філіповіча ў Магілёўскай абласной бібліятэцы зроблена выстава, дзе можна пабачыць яго кнігі і асобныя артыкулы. Грунтоўны артыкул пра краязнаўчую і навуковую дзейнасць І. І. Філіповіча надрукавала ў "Краязнаўчай газеце" (№31(432) жнівень 2012 года) Тамара Калініна. Было б добра, каб у Магілёве з'явілася вуліца, названая ў гонар знакамітага краязнаўцы і даследчыка.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.


← вярнуцца ў навіны