Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Спадкаемцы Вацлава Ластоўскага

2012.08.23 0

Гэта была першая папулярная гісторыя не Літвы, не “ўсходніх крэсаў”, ні “северо-западного края”, а менавіта, Беларусі, напісаная беларусам і для беларусаў.
 
Цікава, што Ластоўскі зрабіў сваю працу з ілюстрацыямі, на якіх паказаў руіны беларускіх замкаў, старыя пячаткі, старонкі беларускіх старадрукаў, партрэты гістарычных асобаў, план Полацка з XVI ст., а таксама выявы беларусаў у XIX ст. Прычым у канцы сваёй кніжкі Ластоўскі змясціў раздзел “Дапіскі да рысункаў”, дзе дае падрабязнае тлумачэнне кожнаму з іх.
У 1910 годзе Ластоўскаму было толькі 27 гадоў, але ён упершыню здолеў паказаць беларускі народ не толькі як аб’ект гісторыі, але і як суб’ект, што было абвешчана з непасрэдным удзелам Ластоўскага 25 сакавіка 1918 года і канчаткова замацавана ў 1991 годзе, калі на мапах свету паўстала Рэспубліка Беларусь.
 
У часы сталінскіх рэпрэсій усе працы Ластоўскага былі забаронены, ажно да 1988 года, калі ён быў рэабілітаваны. Як толькі Беларусь стала незалежнай, у 1992 годзе выдавецтва “Універсітэцкае” перавыдае працу Ластоўскага з грунтоўным пасляслоўем прафесара Анатоля Грыцкевіча накладам 30 тысяч асобнікаў.
 
Прайшло дваццаць гадоў. І вось пад рэдакцыяй Зьміцера Санько і з навуковым рэцэнзентам зноў жа А.Грыцкевіча выходзіць у свет унікальная кніга Уладзіміра Арлова і Зміцера Герасімовіча “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, выдадзеная ў Славакіі накладам 5 000 асобнікаў. Тэкст кнігі напісаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, а ілюстрацыі (іх каля 2000) падабраў і падрыхтаваў да друку мастак Зміцер Герасімовіч.
 
Прычым прынцып пабудовы кнігі такі, як і ў Вацлава Ластоўскага. Асобна ідуць раздзелы па гісторыі Беларусі і ВКЛ і паралельна – ілюстрацыі з падрабязным іх тлумачэннем.
 
Трэба сказаць, што за апошнія дваццаць-дваццаць пяць гадоў па гісторыі ВКЛ і адпаведна Беларусі як складовай часткі гэтай дзяржавы, выйшла шмат сур’ёзных і грунтоўных навуковых і навукова-папулярных публікацый. Дастаткова толькі прыгадаць працы Анатоля Грыцкевіча, Міхася Ткачова, Аляксандра Краўцэвіча, Генадзя Сагановіча, Тамары Габрусь, Алеся Кушнярэвіча, Валянціна Голубева, Андрэя Мяцельскага і іншых беларускіх даследчыкаў.
 
Тым не менш, нашы аўтары здолелі стварыць новую цікавую кнігу, у якой падвялі грунтоўную рысу пад сённяшнім уяўленнем пра гістарычную спадчыну ВКЛ і яе значэнне для беларускай нацыі.
 
Пасля сталінскіх рэпрэсій у пасляваеннай БССР адносіны да ВКЛ былі цалкам негатыўныя як да дзяржавы літоўскіх (летувіскіх) феадалаў, што рознымі шляхамі захапілі праваслаўную Беларусь.
 
У 1969 годзе аўтар падручнікаў па гісторыі БССР Лаўрэн Абэцадарскі ў бібліятэцы газеты “Голас Радзімы” выдаў брашуру "У святле неабвержаных фактаў” накладам 30 000 асобнікаў, у якой мусіў уступіць у палеміку з замежнымі беларускімі гісторыкамі, што называлі ВКЛ беларускай дзяржавай. Дзякуючы гэтай брашуры, беларуская савецкая грамадскасць даведалася шмат цікавага пра дзяржаву нашых продкаў.
 
Абэцадарскі (на стар.17) мусіў прызнаць, што беларусы складалі значную частку насельніцтва ВКЛ і што большая частка афіцыйных актаў гэтай дзяржавы была напісана на беларускай мове (некаторыя акты – на латыні). Але далей ён сцвярджаў, што  “у сапраўднасці ні этнічны склад насельніцтва, ні мова ніколі не з’яўляліся адзнакамі дзяржавы”.
“Вялікае княства літоўскае ўтварылася ў XIII ст. на тэрыторыі ўласна Літвы (Летувы – А.Т.) як дзяржава літоўскіх феадалаў”. І вось самы галоўны, каронны аргумент Абэцадарскага: “Усе без выключэння вялікія літоўскія князі былі літоўскага (летувіскага – А.Т.) паходжання. На вялікакняжацкім прастоле ніколі не было князя-беларуса па паходжанні”.
 
Такім чынам, Абэцадарскі ўзяў на ўзбраенне летувіскі міт, што Гедымінавічы і Ягелоны - выключна летувіскія дынастыі, і да беларусаў не мелі ніякага дачынення.
 
Цікава, што зараз пішуць у школьных падручніках па гісторыі Беларусі спадкаемцы Абэцадарскага. Возьмем падручнік пад рэдакцыяй Я.І. Трашчанка, 2008 года выдання (стар.54). “Вялікае княства Літоўскае было федэрацыяй феадальных вярхоў двух народаў. Літоўскія (летувіскія – А.Т.) феадалы-язычнікі, якія ў старажытнарускі перыяд паступова працягвалі збліжацца з рускай (беларускай – А.Т.) знаццю. На рускіх землях яны прынялі праваслаўе, радніліся з рускімі суседзямі. Бралі шлюб з рускімі (беларускімі – А.Т.) княгінямі і Вялікія князі. Так, Альгерд Гедымінавіч быў жанаты двойчы – на Марыі Віцебскай (за яё ён атрымаў Віцебскі ўдзел), а затым на Ульяне Цвярской. З яго 12 сыноў усе, акрамя спадчынніка Ягайлы, які заставаўся язычнікам, былі хрышчоныя ў праваслаўную веру і ўспрымаліся як рускія князі”. Аўтары падручніка пагаджаюцца з тым, што дзяржаўнасць ВКЛ трэба разглядаць “ужо як старабеларускую”.
 
Зараз, пасля выхаду кнігі Арлова і Герасімовіча, міт аб тым, што ВКЛ – дзяржава літоўскіх (летувіскіх) феадалаў, канчаткова адышоў у нябыт.
 
Давайце разам пагартаем гэтую працу і крытычна яе ацэнім.
 
Назва першага раздзела “Славяне і балты”. Тут варта было сказаць, што крывічы, акрамя Полацкага і Смаленскага княстваў, выйшлі да Волгі і заснавалі вялікае княства Цвярское, а на рэчцы Вялікая ў фіна-ўгорскіх землях – г. Пскоў, пазней – незалежная пскоўская дзяржава. Менавіта гэтыя дзяржаўныя ўтварэнні ў XIII-XV стст. стануць суседзямі і саюзнікамі ВКЛ. Было б добра, каб у кнізе былі невялікія асобныя раздзелы пра гэтых непасрэдных суседзяў ВКЛ. Можна пазначыць, што радзімічы прыйшлі з захаду на Беларусь пазней, чым крывічы і дрыгвічы, і мелі спачатку асобны пахавальны абрад, калі попел спаленых целаў нябожчыкаў клалі ў гліняныя гаршкі-урны і ставілі на прыдарожных слупах.
Добра напісаны раздзел “Старажытныя княствы”, які мае новыя цікавыя ілюстрацыі. Шкада, што аўтары не выдзелілі ў асобную частку гэтага раздзела Гарадзенскае княства XII ст. з унікальнай архітэктурнай школай і каменнымі ўмацаваннямі гарадзенскага дзядзінца.
 
Наступныя раздзелы, што апавядаюць пра змаганне з крыжакамі і мангола-татарамі, амаль не маюць ніякіх заўваг. Толькі трэба адзначыць, што Рыга заснавана не ў канцы XII, а ў пачатку XIII ст. (1201г.), а ў наступным -  1202 годзе быў створаны крыжацкі Ордэн мечаносцаў.
 
У папярэднім раздзеле “Культура” варта было сказаць, што ў XII - пачатку XIII стст. на беларускіх землях існавалі чатыры мясцовыя архітэктурныя школы: полацкая, віцебская, гарадзенская і смаленская.
Вельмі грунтоўна напісаныя раздзелы “Летапісная Літва” і “Літва і Летува”. Шкада, што перад гэтым не з’явіўся асобны раздзел, прысвечаны назве “Русь”, якая існуе з IX ст. і паходжанне гэтай назвы выклікае вялікія спрэчкі сярод навукоўцаў. Пазней (на стар.156) аўтары вызначэнне і паходжанне тэрміна “Русь” не разглядаюць, хоць у назве раздзела слова прысутнічае. У наступных раздзелах, дзе ідзе гаворка пра стварэнне ВКЛ, ужываюць імя заснавальніка дзяржавы ў новым заходнееўрапейскім гучанні – князь Міндаў, а не Міндоўг.
 
 І вось аповед пра перавод сталіцы ў Вільню. Тут можна было дадаць, што польскія археолагі Галубовічы ў выніку раскопак у гістарычным цэнтры горада знайшлі рэчы XII-XIIIстст. часоў Полацкай дзяржавы і потым, у 1940 годзе, надрукавалі іх выявы і апісанні ў савецкім археалагічным часопісе "Краткие сообщения института археологии АН СССР".
У часы Альгерда ў склад ВКЛ увайшла значная частка ўкраінскіх земляў – Кіеўшчына, Валынь, Ноўгарад-Севершчына і Падолле. Яны знаходзілася ў складзе ВКЛ да Люблінскай уніі з 1362 па 1569 год.
 
Шкада, што аўтары не прысвяцілі асобнага раздзела нашым стасункам з Украінай, бо тут ёсць шмат розных праблемаў. Па-першае, гэта ўзнікненне ўкраінскіх казакаў і Запарожскай Сечы, дзе былі беларусы і існаваў нават Менскі курэнь, па-другое, спрэчкі за беларускае Палессе, якое ўкраінцы лічаць сваім.
 
Возьмем да прыкладу некалькі сучасных падручнікаў па гісторыі Украіны. Адкрываем падручнік для 8 класа, выданне 2003г. На старонцы 20 паведамляецца, што пасля Люблінскай уніі з украінскіх зямель у складзе ВКЛ засталіся толькі “Берасцейшчына і Піншчына (землі, што межавалі з Беларуссю)".
 
Адкрыем дапаможнік па гісторыі Украіны для старшакласнікаў і абітурыентаў, таксама выдадзены ў 2003 годзе і зацверджаны Міністэрствам адукацыі Украіны. На стар. 61 чытаем, што ў выніку Люблінскай уніі "з украінскіх зямель да Літвы адышлі Берасцейскае ваеводства і Піншчына". Таму на пытанні, дзе праходзіла мяжа Беларусі і Украіны ў XII ст. і пазней    і як яе тлумачаць украінскія гісторыкі, трэба ў будучым спыніцца асобна.
 
Вельмі важна, што ў раздзеле пра Крэўскую унію аўтары пазначаюць, што сам тэкст яе не захаваўся, а пазней у XV-XVI стст. палякі выкарыстоўвалі сфальсіфікаваны дакумент.
 
Некалькі раздзелаў кнігі прысвечаны князю Вітаўту, які запрасіў на Беларусь татараў і яўрэяў. На маю думку, варта было прысвяціць гэтым народам па асобнаму раздзелу, напоўніўшы іх дадатковымі ілюстрацыямі, найперш, архітэктурай. Напрыклад, выявы каменнай мячэці ў Менску, ці абарончай сінагогі ў Быхаўскім замку.
 
Шкада, што пры апісанні Грунвальдскай бітвы аўтары не згадалі імя мсціслаўскага князя Лугвена (Сямена), брата Ягайлы, які кіраваў тымі трыма харугвамі, а таксама атрадам наўгародцаў, якія фактычна дапамаглі выйграць змаганне з крыжакамі.
У раздзеле “Царква і талеранцыя” аўтары падаюць малавядомы факт, што ў 1585 годзе католікі выдалі па-беларуску катэхізіс, які вызначаўся чысцінёй мовы.
 
Вельмі прафесійна і зразумела ўдалося аўтарам напісаць раздзел “Гаспадар. Рада. Сойм”. Гэта гатовы матэрыял для школьнага падручніка. Тое ж можна сказаць і пра дзяржаўную мову ВКЛ. Адзінае, што можна было б пазначыць час, калі беларуская і ўкраінская мовы сталі асобнымі і адметнымі.
 
У раздзеле “Магнаты і шляхта” добра сказана, што больш за 80% шляхты паводле крыві былі беларусамі, але ў XIX ст. карысталіся польскай мовай. Так і просіцца тут параграф “Паланізацыя”, дзе трэба згадаць і славутую “прамову Мялешкі”, а таксама дзейнасць каталіцкага касцёла.
 
Добра напісаныя раздзелы пра гарадское жыццё. Але ёсць тут невялічкія заўвагі. На стар. 122 мірская кафля, дарэчы знойдзеная ў 1982 годзе аўтарам гэтага матэрыялу, датуецца не першай паловай, а канцом XVI ст. Выклікае сумнеў і датаванне магілёўскай кафлі на стар.123.
 
Самая лепшая частка кнігі, гэта - “Вільня, сталіца нашай дзяржавы”. Ніхто з сучасных беларускіх гісторыкаў не здолеў так падрабязна і грунтоўна даказаць беларускую прысутнасць у Вільні, як гэта зрабіў Уладзімір Арлоў.
 
Есць некалькі заўваг па раздзелу “Узбраенне і Рыцарства”. Па-першае, шаблі на Беларусі былі вядомыя не з часоў Вітаўта, а значна раней, калі нашыя продкі сутыкнуліся з полаўцамі (XI-XII стст).
 
Па-другое, міжнародныя рыцарскія фэсты (стар. 141) ужо пяты раз адбываюцца і ў Мсціславе. У гэтым годзе Мсціслаўскі рыцарскі фэст набыў статус абласнога.
 
Нельга пагадзіцца з аўтарам, што ў абарончым дойлідстве ў XIV ст. “па-ранейшаму пераважаў раманскі стыль”. Трэба сказаць, што ў раманскім стылі спрабаваў збудаваць у канцы XI ст. царкву ў Менску князь Глеб, запрасіўшы майстроў з Польшчы. Аднак будоўлю не скончылі, і засталіся толькі падмуркі. Больш у раманскім стылі нічога на Беларусі не збудавана.
 
У перыяд ВКЛ панаваў гатычны стыль, які прыйшоў з нямецкіх земляў. Гэта  стыль цаглянай готыкі, разам з адпаведнай тоўстай цэглай і дахоўкай.
 
 У XV ст. у ВКЛ склаўся адметны варыянт мясцовай гатычнай архітэктуры – “беларуская готыка”.
 
Пасля раздзела “Жамойты” варта было б змясціць звесткі пра такіх жыхароў ВКЛ, як лівы і латгалы. Лівы былі самымі лепшымі саюзнікамі Полацкай  дзяржавы яшчэ ў XI-XII стст. і служылі ў Полацкім войску. Тое ж можна сказаць і пра латгалаў, якія ўвайшлі у склад ВКЛ у выніку Лівонскай вайны.
 
Грунтоўна паказана вайна са Швецыяй у пачатку XVII ст. Упершыню шырокія колы чытачоў могуць даведацца пра марскую перамогу Хадкевіча пад Салісам, калі сухапутнае войска ВКЛ села на марскія караблі і разбіла флот шведаў (1608г.).
Шкада, што адносіны з суседняй Украінай сталі асвятляцца толькі пачынаючы з 1648 года, калі войскі Хмяльніцкага напалі на ВКЛ. Спачатку трэба было прыгадаць паход на Беларусь Севярына Налівайкі, калі ён у 1595 годзе напаў на тэрыторыю ВКЛ. Казакі захапілі і разрабавалі гарады Слуцк, Бабруйск і Магілёў.
 
У 1654 г. вялізарнае маскоўскае войска і 20 тысяч казакаў на чале з гетманам Іванам Залатарэнкам уварваліся на тэрыторыю ВКЛ. За два гады вайны амаль уся тэрыторыя краіны была захоплена. Аднак пасля смерці Багдана Хмяльніцкага сітуацыя ва Украіне змянілася. У 1657 годзе гетманам Украіны стаў Іван Выгоўскі. Ён падпісаў саюзную дамову са Швецыяй і спыніў вайну супраць Польшчы.
 
У верасні 1658 г. у Гадзячы ён падпісаў з Польшчай дамову, у адпаведнасці з якой Украіна ў якасці аўтаномнай структуры – Рускага княства – далучалася да Рэчы Паспалітай. Такім чынам, у ВКЛ на поўдні з’явіўся новы сусед – Вялікае Княства Рускае. Украіна захоўвала сваю ўладу, фінансы, грошы і войска (30 тысяч казакаў + 10 тысяч наёмнікаў). Унія скасоўвалася, мітрапаліт і пяць праваслаўных епіскапаў дапускаліся на пасяджэнні вальнага сейма разам з каталіцкімі епіскапамі. Нават прадугледзелі адкрыць два ўніверсітэты і некалькі друкарняў.
 
Гэта не спадабалася Маскоўскай дзяржаве і пачалася вайна. У 1659 годзе Варшаўскі сейм зацвердзіў Гадзячскі трактат, але ваеннай дапамогі Выгоўскаму не далі. У траўні 1659 г. войскі гетмана і яго саюзніка крымскага хана разбілі пад Канатопам маскавітаў. Загінула 40 тысяч чалавек, а 15 тысяч трапіла ў палон. Аднак супраць гетмана пачалося паўстанне мясцовых палкоўнікаў, і ён мусіў пайсці ў адстаўку. Гетманам зноў стаў сын Хмяльніцкага Юрый, і саюз з Маскоўскай дзяржавай аднавіўся, а Гадзячская дамова скасавалася.
 
У 1667 годзе ў в. Андрусава Рэч Паспалітая і Маскоўская дзяржава падпісалі замірэнне. Прадстаўнікоў Украіны туды не запрасілі. Без згоды гетмана Украіну падзялілі па Дняпры. Левы бераг разам з Кіевам  адышоў да Масковіі, а Запарожжа адначасова кіравалася і Масквой, і Варшавай.
 
 Перыяд XVIII ст. напісаны, на нашу думку, бездакорна, хіба што ў раздзеле “Архітэктура і мастацтва” варта было б згадаць і пра стыль ракако, які прыйшоў да нас з Францыі. У якасці прыклада можна прывесці здымкі інтэр’ераў Слонімскага касцёла Св. Андрэя.
 
У раздзеле “Пад расейскай уладай” варта сказаць, што ў 1778 г. была знішчана гістарычная планіроўка ўсходне-беларускіх гарадоў. Асабліва пацярпеў Мсціслаў, калі цэнтр горада перанеслі ў іншае месца. У пачатку XIX ст. знішчылі гістарычны цэнтр Бабруйска, дзе збудавалі вялізарную цытадэль. У яе будаўніцтве браў удзел Тэадор Нарбут, аўтар шматтомнай гісторыі ВКЛ.
 
Вельмі добра напісаны раздзелы пра вайну 1812 года і вызваленчую барацьбу патрыётаў нашай краіны за вяртанне незалежнасці ў складзе Рэчы Паспалітай. Аднак варта было згадаць і пра актыўнага ўдзельніка паўстання 1831 года Напалеона Орду, а таксама пра ролю рускай праваслаўнай царквы ў падаўленні паўстання 1863-1864гг. Невыпадкова, што Віленскі генерал-губернатар М.Мураўёў загадаў будаваць праваслаўныя храмы на тэрыторыі Беларусі толькі па планах, зацверджаных у Санкт-Пецярбурзе. Народ назваў гэтыя будынкі “мураўёўкамі”. Вельмі добрыя ілюстрацыі маюць раздзелы пра лёс Беларусі ў канцы XІХ-  пачатку XX стст.
 
Цікавы і малавядомы для беларускага чытача раздзел “Летувіскі нацыянальны рух”, дзе можна даведацца, як літоўцы (летувісы) прыўлашчылі ўсю гістарычную спадчыну ВКЛ.
 
Грунтоўна пададзены гістарычныя факты ў раздзеле “Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі і Летувы”. Але ёсць недакладнасці на стар. 356, дзе паказаны дзве паштовыя маркі як маркі БНР 1918-1919гг. Аднак жа, марка “Асобны атрад БНР” надрукавана ў 1920 годзе, а марка “Беларусь” надрукавана беларускімі эмігрантамі пасля другой сусветнай вайны, як сувенірнае выданне.
 
Бадай упершыню для шырокага кола чытачоў з’явіўся раздзел “Дачыненні  паміж БНР і Летувой”, Можна толькі дадаць, што летам 1920 года РСФСР прызнала не толькі Летуву, але і Латвію,  якой аддалі чатыры беларускія паветы (уезды) Віцебскай губерніі. Так частка Заходняй Беларусі апынулася ў складзе  Латвіі і ў 1939 годзе не была далучана да БССР.
Добра ілюстраваны і раздзел пра Сярэднюю Літву, марыянеткавую дзяржаву са сталіцай у Вільні.
 
У раздзеле “Сталіца Заходняй Беларусі” трэба было расказаць пра ўнікальны беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя Івана Луцкевіча і даць выявы яго экспанатаў (музей быў зачынены ў 1945 годзе).
 
Шкада, што ў кнізе няма раздзела пра сучасных беларускіх гісторыкаў, якія вярнулі беларускаму народу яго гістарычную спадчыну, а таксама спісу іх асноўных публікацый.
 
Але мы спадзяемся, што аўтары кнігі, пад час яе перавыдання, улічаць нашыя заўвагі і прапановы, бо мяжы ў дасканаласці няма.
 
Гэтую кнігу варта мець у сваёй хатняй бібліятэцы кожнай беларускай сям’і, і таму пажадаем яе аўтарам новых перавыданняў з вялікімі накладамі.
 

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук


← вярнуцца ў навіны