Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Клуб “Спаемства”

2012.08.06 0

Клуб “Спаемства” – гэта культурна-асветніцкая беларускамоўная суполка, якая існавала ў Мінску з 1996 па 2009 год. Ініцыятарам яе стварэння і нязменным старшынём быў Сяргей Андрэевіч Язерскі, псіхатэрапеўт па прафесіі.

Сп. Язерскі нярэдка падчас сваёй лекарскай практыкі сутыкаўся з праблемамі беларускамоўных людзей у постсавецкім зрусіфікаваным грамадстве. Таму з 1992 года ён пачаў друкаваць у газетах “Наша слова”, “Звязда”, “Літаратура і мастацтва” абвесткі з такім зместам:”Псіхатэрапія пры жыццёвых нягодах. Беларускамоўная. Бясплатная. Вы застаецеся ананімнымі. Папярэдні запіс,” – ідадаваў свой нумар тэлефона, па якім яго знаходзілі беларускамоўныя людзі. Гаючае беларускае слова было цудоўным сродкам у працэсе лячэння душэўных хваробаў. Разам з тымсп. Язерскі ўсведамляў, што падобная тэрапія, калі і дапамагала, то ўсё ж не вырашала праблем адзіноты, адасобленасці беларускамоўных людзей, адсутнасці кантактаў з аднадумцамі, што часта і з’яўлялася прычынай душэўнага нездароўя. Адсюль узнікла ідэя сабраць такіх людзей у пэўную супольнасць, стварыць тым самымдля іх спрыяльнае моўнае асяроддзе.

З дапамогай газетных абвестак і тэлефанаванняў удалося сабраць каля сарака чалавек, якія і стварылі клуб пад назвай “Спаемства”. Такое незвычайнае слова, якое вырашылі абрацьу якасці назвы клуба, удзельнікісустрэлі сярод “Тварасловаў” пісьменніка Алеся Разанава (сэнс яго выводзіцца з паняцця “спаяць” – а менавіта “згуртаваць”, “аб’яднаць”).

Даволі хутка клуб далучыўся да Таварыства беларускай мовы як суполка “Спаемства” і атрымаў магчымасцьсустракацца для ажыццяўлення сваёй дзейнасці ў памяшканні сядзібы ТБМ.Сустрэчы сяброў клуба ладзіліся так, каб людзі адчувалі сябе камфортна, маглі адпачыць пасля працы ў прыемным для сябе асяродку аднадумцаў, людзей беларускамоўных, нацыянальна свядомых. Самі па сабе такія сустрэчы аказвалі маральную падтрымку тым, хто быў траўмаваны той атмасферай, што пачала панаваць у грамадстве пасля рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, калі ў значнай меры зруйнаваліся вынікі намаганняў патрыятычнай інтэлігенцыі ў нацыянальным адраджэнні Беларусі і дэмакратызацыі грамадскага жыцця.

Але формы дзейнасці суполкі не абмяжоўваліся звычайным абменам думкамі ды інфармацыяй. Сп. Язерскі перыядычна праводзіў псіхалагічныя трэнінгі па культуры зносін (“Як правільна весці дыялог”); час ад часу ладзіліся тэматычныя сустрэчы (з гістарычнай, літаратурнай, краязнаўчай, грамадска-палітычнай тэматыкай); сумесна святкаваліся Каляды, Купалле, Свята вайсковай славы, дні народзінаў, юбілеі; ладзіліся сумесныя паездкі на прыроду іцікавыя вандроўкі па Беларусі. Першая такая вандроўка мела назву “У Полацак без экскурсавода”, яе праводзілі самі сябры клуба, адпаведна падрыхтаваныя. Неўзабаве пасля гэтай вандроўкі ў газетах “Народная Воля” і “Наша слова” з’явіліся публікацыі, у якіх яе ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі (Зміцер Цехановіч, Людміла Буднікава, Барыс Мускі).

У далейшым сябры клуба зладзілі вандроўкі ў Мір і Нясвіж, у Крэва, Валожын, Ліду, Гародню. У некаторых з гэтых вандровак удзельнічала і грамадзянка Польшчы Катажына Вашчыньска, выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэта, якая з захапленнем вывучала нашу краіну, збіраючы матэрыял для сваёй дысертацыі пра беларускае нацыянальнае адраджэнне і ролю ў ім беларускай інтэлігенцыі. З такой выдатнай мэтай яна на нейкі час стала сябрам клуба і блізка пазнаёмілася з яго ўдзельнікамі.

Падчас падрыхтоўкі да святкавання Купалля (1999 г.), Калядаў (2000 г.) выявіўся яскравы рэжысёрскі талент Наталлі Цітавец. Ёй належала галоўная роля ў падборы песень, мізансцэнаў, касцюмаў. Спн. Наталля кіравала рэпетыцыямі, выдумляла цікавыя дэталі. Да Калядаў 2000 года быў нават падрыхтаваны спектакль – сябры “Спаемства” паказалі ўрывак з купалаўскай “Паўлінкі”. Аўтарам ідэі і рэжысёрам была спн. Наталля. На вялікі жаль, у выніку цяжкой хваробы спн. НаталляЦітавецу 2001 годзе заўчасна пакінула гэты свет.

Адным з апошніх цікавых праектаў, ахыццёўленых суполкай “Спаемства”, было апытанне па тэме “Што дае мне Беларуская Мова?”. Аўтарка ідэі Святлана Багданкевіч запісала выказванні людзей на магнітафон і падрыхтавала папяровы варыянт матэрыялу. Сп. Зміцер Цехановіч адрэдагаваў тэксты і змясціў іх у інтэрнэце. Таксама матэрыялы апытання друкаваліся ў “Нашым слове” ў 2003 і 2005 гадах. Апытанне было ананімным, удзельнічалі не толькі сябры “Спаемства”, але і іншыя ахвотныя. Апытанка змяшчала і наступныя пункты: “Як я прыйшоў да беларускае мовы?”, “Як я засвойваю беларускую мову?”, “Як і з кім я размаўляю па-беларуску?”, “Што перашкаджае мне цалкам перайсці на беларускую мову?”, “Што я раблю для беларускае мовы?” і шэраг іншых.

У 2009 годзе клуб “Спаемства” практычна спыніў сваё існаванне, а ў 2010 годзе пайшоў з жыцця ягонязменны кіраўнік сп. Сяргей Язерскі, які быў інтэлігентным, ініцыятыўным чалавекам, сапраўдным патрыётам сваёй Бацькаўшчыны і роднай мовы.


← вярнуцца ў навіны