Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

"Людзі нарэшце пачынаюць пачувацца беларусамі"

2012.08.06 0

Тым часам, як беларускія ўлады ўсё яшчэ жывуць па савецкіх звычках, у грамадстве “з нізоў” пачынае фармаваццца нацыянальны сярэдні клас. Пра гэта Службе інфармацыі“ЕўраБеларусі” заявіў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

 
Грамадзянская супольнасць ужо некалькі год выступае з ініцыятывай назваць адну з вуліц сталіцы у гонар вядомага пісьменніка Васіля Быкава, але кіраўніцтва горада падобныя заклікі ігнаруе. На думку Алега Трусава, славутаму празаіку трэба “аддаць” палову вуліцы, на якой ён жыў у Мінску. Зараз яна носіць імя паэта Максіма Танка.
 
“Некаторыя дзеячы сталі змагацца за тое, каб перайменаваць у гонар Быкава вуліцу Ульянаўскую. Але я катэгарычна супраць: у гэтай вуліцы ёсць спрадвечная назва, і яе належыць вярнуць. А каб назваць у гонар Быкава, дык хапае новых вуліц. Навошта ў гістарычны цэнтар лезці з новымі імёнамі, калі па закону трэба аднавіць старыя назвы, якія былі да бальшавікоў? Прытым Быкаў на Ульянаўскай ніколі не жыў і не працаваў. Калі на тое пайшло, дык лагічна ўжо вуліцу Танка падзяліць папалам: з таго дома, дзе жыў Быкаў, назваць у гонар Быкава, а астатнюю частку пакінуць за Танкам. Бо вуліца вялікая, месца хопіць усім. А Максім Танк таксама быў харошым дзядзькам, ды і з Быкавым яны сябравалі. Хай і вуліцы іх будуць побач! На маю думку, зараз можна зноў пачаць кампанію за Быкава з такой прапановай”, - кажа кіраўнік ТБМ.
 
Дарэчы, нядаўна ў Мінску з’явілася дзесяць новых вуліц, але імя Быкава не атрымала ніводная. А адну назвалі наагул у гонар герояў Сталінграда.
 
“Гэта проста глупства! Ну, застаўся чалавек з сталінскімі мазгамі, які прыдумаў такую назву… Якое дачыненне мы маем да таго Сталінграда? Нейкі савецкі атавізм. І слава Богу, што атавізм ужо адзін, а усе астатнія назвы нармальныя. Бо яшчэ гадоў пяць таму было б наадварот: атавізмаў - 10, а гістарычная назва - адна”, - заўважыў Алег Трусаў.
 
“Калі хочаш ушанаваць памяць апошняй вайны, дык назаві вуліцу Буйніцкай”
 
Паводле яго, назваць вуліцу ў памяць пра Другую сусветную вайну для Беларусі досыць актуальна - але ж толькі калі тая назва будзе тычыцца нашай краіны.
 
“Каб назвалі ў гонар, скажам, бітвы пад Магілёвам - прыкладам, вуліца Буйніцкая - дык было б добра. У нас ёсць Буйніцкае поле, мемарыял. Каб у Мінску была яшчэ і вуліца Буйнцкая, асабліва каб ішла ў бок Магілёва - хораша было бы і даць такую назву. Бо першае месца, дзе спынілі немцаў, якія рухаліся на Маскву, гэта быў Магілёў. Горад не маглі ўзяць цэлы месяц! Калі ўжо хочаш ушанаваць памяць апошняй вайны, дык назаві вуліцу Буйніцкай. А героі Сталінграда да нас дачынення не маюць. Я думаю, такая назва і праіснуе нядоўга. Зменіцца ўлада, і першае, што зробяць, дык памяняюць гэтую назву”, - спадзяецца кіраўнік ТБМ.
 
Звыклі ўжываць заімшэлае
 
Тым часам у Мінску на вуліцы Леніна будуюць шматфункцыйны гандлёвы аўтакомплекс, які вырашылі назваць “ЛенінГрад”.
 
“Таксама глупства! Ну, засталася вуліца Ленінградска - хаця ўжо даўно таго Леніграда няма. Як вуліцу новую называюць заімшэлым імём, так і гэты цэнтар. Такі сама атавізм! Калі ўшаноўваць памяць беларусаў Санкт-Пецербурга, дык канешне, гэты горад павінен быць узгаданы ў нашай гісторыі. Бо там было 200 тыс. беларусаў, там пачанаўся і наш кнігадрук. У Пецербурзе многія нашыя дзеячы жылі, вучыліся і кніжкі выдавалі”, - адзначыў эксперт.
Калі ўлады ўсё яшчэ жывуць “за савецкім часам” і памнажаюць савецкія назвы, у беларускім грамадстве выразна праглядаецца імкненне вярнуць родную мову “з нізу”. Напрыклад, у галіне рэкламы з’яўляецца ўсё больш прадукцыі па-беларуску.
 
Быць беларусамі, каб не паглынула Расія
 
“Гэта паўстае нарэшце наш беларускі нацыянальны сярэдні клас. Бо у нас такая была трагедыя: на роднай мове размаўлялі толькі калгаснікі-сяляне, якія гэтую мову ненавідзелі і намагаліся ў горадзе яе выракчыся. Так і было, калі Мінск засялілі тымі калгаснікамі. Ды яшчэ ў сталіцы была маленькая праслойка эліты - пісьменнікі, журналісты. І ўсё! Сярэдняга класа мы не мелі. І тое, што пачало стварацца адразу пасля распада СССР, - дык гэта беларускамоўны сярэдні клас”, - узгадвае Алег Трусаў.
 
“А зараз, праз 16 год, нашыя прадпрымальнікі пачалі разумець, што калі яны хочуць застацца незалежнымі і хочуць пакінуць свой бізнэс, каб яго не з’еў расійскі, трэба быць беларусамі. Я зараз сябрую з кіраўніцтвам Саюза прадпрымальнікаў Беларусі - яны па маёй прапанове ўсе свае праграмы перакладаюць па-беларуску, выкарыстоўваюць родную мову ў рэкламе, дапамагаюць выкупіць статут ВКЛ і г.д. Гэта прадстаўнікі мадэрновай беларускай нацыі. Тобок, нарэшце мы атрымалі нацыянальны сярэдні клас. Надзвычай добрая з’ява! Людзі ўжо пачынаюць пачувацца беларусамі - прычым па пашпарту яны могуць быць кім заўгодна”, -дадаў старшыня ТБМ.
 
Артыкул адсюль.

← вярнуцца ў навіны