Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

«Мы завяршылі русіфікацыю свайго тытульнага народа»

2012.07.27 0

Ну вось нарэшце і прывялі беларусаў туды, куды задумвалася. Сёння чыноўніцкі апарат суверэннай Рэспублікі Беларусь ужо можа з вялікай радасцю заявіць: «Мы завяршылі русіфікацыю свайго тытульнага народа».

Падстаў для такога сцвярджэння больш чым дастаткова: уся палітычная, эканамічная дзейнасць, амаль уся сістэма народнай адукацыі, пераважна і культурная сфера, сродкі масавай інфармацыі працуюць у рускамоўным рэжыме. Практычна не знайсці ў краіне ніводнага працоўнага калектыву, дзе б службовае справаводства, сходы і іншага роду мерапрыемствы з людзьмі праводзіліся на роднай мове яе зямлі. Зразумела, у такіх варунках беларуская мова не можа быць і сродкам зносін паміж людзьмі па-за іх афіцыйным жыццём. Задуманае расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя злачынства здзейснілася! І галоўнае -- здзейснілася ў гады, калі Беларусь завалодала (відаць, толькі сімвалічна) статусам суверэннай дзяржавы. Калі для яе ўлад завяршэнне русіфікацыі беларусаў -- гэта гістарычнай важнасці перамога, вялікае, жаданае шчасце, дык для нацыянальнай арыентацыі людзей (шкада, што сёння іх да крайнасці мала!) -- гэта не толькі трагедыя, а сапраўдная катастрофа, віноўнікаў якой ніякім іншым словам нельга назваць, як толькі злачынцамі.

Спрадвеку вядзецца, у тым ліку і ў нашым народзе, што за ўчыненае злачынства віноўнік павінен несці адказнасць. Гэта толькі калі ў краіне адсутнічае дэмакратыя, пануе кулачнае права, злачынцы, асабліва надзеленыя паўнатой улады, могуць смела сабе гуляць на волі. Па вядомых прычынах у нас так сталася, захоўваецца і па сёння, што ў дачыненні да тых, хто займаўся і займаецца русіфікацыяй беларускага народа, не ўжываюцца нават меры адміністрацыйнага пакарання.

Гэтае мо самае цяжкае з усіх катэгорый злачынства прыйшло да нас адразу, як толькі ў выніку гвалтоўных падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 гг.) амаль увесь абшар беларускай зямлі прыдбала сабе Расійская імперыя. Каго толькі не слала яна ў наш край дзеля правядзення тут русіфікатарскага эксперыменту! Ажыццяўлялася ж гэта тыпова каланізатарскімі метадамі, прымусова, шляхам шантажу і подкупу. І як ні дзіўна, іх вельмі ахвотна выкарыстоўваў і Найсвяцейшы Сінод, што асабліва заўважна ў яго барацьбе і ліквідацыі Уніяцкай царквы, якая, нягледзячы на сістэмную паланізацыю з боку каталіцкага касцёла і русіфікацыю з боку праваслаўнай царквы, аж да самага канца свайго існавання (1839 г.) працягвала заставацца беларускай з’явай, рабіла, хаця і з неверагоднай цяжкасцю, крок за крокам, каб стаць у поўным сэнсе слова нацыянальнай царквою.

Адчувальна прыклала руку да русіфікацыі беларусаў створаная на іх зямлі руская сістэма адукацыі. Ніхто так не паспрыяў надаць ёй моцны шавіністычны напал, як сам віленскі генерал-губернатар з надзвычайнымі паўнамоцтвамі Міхаіл Мураўёў. Ва ўсім, што датычыла русіфікацыі маладых пакаленняў беларусаў, яго падтрымліваў куратар Віленскай навучальнай акругі Іван Карнілаў. Гэтыя два вялікадзяржаўныя дзеячы сталі проста ўзорам для ўсіх тых, хто пасля іх узначальваў адміністрацыйнае кіраўніцтва нашым зацюканым краем, адказваў за стан народнай адукацыі, ажыццяўляў царкоўна-рэлігійную дзейнасць.

З беларускім народам адбылося нешта зусім неверагоднае: за ўвесь перыяд знаходжання ў складзе «братняй» Расійскай імперыі не была за дзяржаўны кошт заснавана аніводная (!) пачатковая школа на беларускай мове, не выдадзена на ёй аніводная кніжачка, не выпушчана аніводная газета і нават паштоўка. Ці ж гэта не самае буйное злачынства ў форме русіфікацыі?! А доўжылася яно з 1772-га па 1917 год, калі на змену царскай імперыі на крайне непрацяглы тэрмін прыйшоў да ўлады Часовы ўрад. Сёння тых зацятых крыважэрных русіфікатараў у багатых чыноўніцкіх гарнітурах і шыкоўных папоўскіх рызах не прыцягнеш да судовай адказнасці. Але цалкам заслужаны суровы вырак ім трэба зрабіць, бо можам дачакацца такога, што сённяшнія адарваныя ад нацыянальнай глебы палітыкі, афіцыйныя ідэолагі і інтэлігенты будуць усяляк усхваляць русіфікатарскія акцыі тых чыноўнікаў і святароў, гарой стануць на абарону сваіх аднадумцаў па метадах «развязвання» беларускага нацыянальнага пытання. Быў жа “зорны” час, калі па просьбе свецкіх і духоўных вярхоў Вільні ў гэтым горадзе паставілі помнік Мураўёву-вешальніку!

Дарэчы будзе нагадаць, што за савецкім часам не асмельваліся, а вось у 1999 годзе ў пятым томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» змясцілі артыкул пра Мураўёва ўжо разам з яго партрэтам! Апошнімі гадамі на старонках афіцыйнага друку ніколькі не шкадуюць месца, эпітэтаў дзеля ўсхвалення гэтага сапраўднага рыцара русіфікацыі, далакопа беларускага народа. Падобная прыкрая практыка больш як паўтара дзясятка гадоў таму ўзведзена ў нас у ранг дзяржаўнай палітыкі. Паводле маштабнасці і адмоўных наступстваў яна шматкроць перасягае тое, што чынілася царызмам дзеля гэтай мэты.

Што ж рабіць тым, хто ўсё яшчэ не здаецца, супраціўляецца, не жадае стаць ахвярай русіфікацыі? Лічу, нам перш за ўсё трэба віртуальна зладзіць суд над заўзятымі русіфікатарамі царскага часу. Сёння скласці іх спіс нашым гісторыкам зусім не складана. Пажадана было б у гэтым накірунку папрацаваць ім супольна са сваімі ўкраінскімі і польскімі калегамі, бо цяжкія наступствы дзяржаўнай палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі напоўніцу зведалі і іх народы. Вось добра было б, каб гэтыя тры славянскія народы па заслугах ацанілі ролю царскай Расіі як «апякункі» славянскай этнічнай супольнасці.

Не будзем лічыць перашкодай ладзіць такі паказальны суд з-за даўняй адсутнасці ў жывых тых, хто прыкладаў руку да русіфікацыі ў дарэвалюцыйны перыяд. Гісторыі вядомыя шматлікія выпадкі, калі абвінавачвалі і тых, хто шмат гадоў таму развітаўся з зямным светам. Нагадаю, што так зрабіла на пачатку 2010 года нашая суседка Украіна, калі апеляцыйны суд Кіева прызнаў генеральнага сакратара ЦК ВКП(б) Сталіна, старшыню Саўнаркама СССР Молатава, сакратароў ЦК ВКП(б) Кагановіча і Постышава, генсека ЦК Кампартыі бальшавікоў Украіны Касіёра, другога сакратара таго ж ЦК і старшыню саўнаркама УССР Чубара вінаватымі ў арганізацыі генацыду ўкраінцаў ў 1932--1933 гадах, калі загінула каля чатырох мільёнаў чалавек.

Было б паўбяды, калі б русіфікацыя беларусаў скончылася з адыходам у нябыт Расійскай імперыі. Тады яшчэ ў нас, галоўным чынам дзякуючы вёсцы, было нямала нацыянальнага ў культурна-моўным жыцці. Але камуністы і іх паслядоўнікі ўжо нашага часу не жадалі лічыцца і не лічацца ні з чым. Нібыта нейкае сатанінскае насланнё, русіфікацыя і сёння душыць горла, не дае па-чалавечы дыхнуць беларусу. Штогод з ёй звязана здзяйсненне столькіх злачынных акцый, што проста дзіву даешся: як усё яшчэ гэта трывае, зносіць беларускі народ?! А мо ён ужо перастаў быць самім сабой з-за праглынутай невымерна вялікай дозы культурна-моўнай асіміляцыі, якую не ў сподачку, а ў цэбры валакуць яму штодня не ўсходні сусед -- сваёй выпечкі русіфікатары. Яны ніколькі не задумваюцца, што выступаюць у ролі злачынцаў. Ды яшчэ якіх!

Я асабіста не знаходжу больш цяжкага злачынства, як свядомае выгнанне беларускай мовы з яе бацькоўскай зямлі. Несумненна, кастрычніцкі 1917 года пераварот у Расіі і крывавая, выкліканая ім грамадзянская вайна, а затым і калектывізацыя сельскай гаспадаркі разам з адрывам ад зямлі і высяленнем у далёкія, нязведаныя куточкі СССР самай працавітай часткі беларускага сялянства, масавыя фізічныя расправы над палітычнай, культурна-адраджэнскай элітай беларускай нацыі ў 1937--1938 гадах, жорсткія пакаранні бязвінных людзей, што з-за вялікіх пралікаў маскоўскага Крамля ў яго палітыцы з фашысцкай Германіяй вымушаны былі, каб неяк выжыць, супрацоўнічаць з акупацыйнымі ўладамі, і шмат чаго іншага з практыкі кіраўніцтва Беларуссю бальшавікамі -- гэта ўсё інакш не назавеш, як страшэнным злачынствам супраць чалавецтва. Але якімі б злымі, каварнымі ні былі ўсе гэтыя акцыі, пераважная колькасць беларусаў заставалася ў жывых і памаленьку аднаўлялася. Прычым на ўласнай культурна-моўнай аснове. З выгнаннем жа беларускай мовы з яе спрадвечных этнічных земляў спыняецца нацыянальнае жыццё яе носьбітаў. (Прыкладам таму – тое, што з году ў год дзеецца на "Славянскім базары".)

Як бы сучасныя палітыкі і пастаўленыя ім на службу ідэолагі ні стараліся ўтаіць ад людзей праўду, амаль усе яны ведаюць, што ва ўчыненні злачынстваў супраць адзіна законнай гаспадыні ў нашым доме -- беларускай мовы нішто не можа параўнацца паводле сваіх негатыўных наступстваў з майскім рэферэндумам 1995 года, якім праз наданне рускай мове статусу другой дзяржаўнай мовы чынавенства за даволі нядоўгі тэрмін вытурыла беларускую мову з усіх сфер грамадскага жыцця, асудзіўшы гэтым самым яе на канчатковае выміранне. Лагічны вынік таго -- непазбежная этнічная смерць і самога беларускага народа. Прыцягнутыя да распрацоўкі ўмоў таго згубнага для тытульнай нацыі рэферэндуму, яго непасрэдныя праваднікі -- гэта вышэйшай маркі русіфікатары, якія павінны панесці суровае пакаранне, паколькі іх дзеянні былі скіраваны супраць карэнных нацыянальных інтарэсаў уласнага народа, супраць самага дарагога, самага каштоўнага, што ёсць у кожнага народа, -- яго роднай мовы. Добра спрактыкаваным, набіўшым руку русіфікатарам удалося зрабіць так, што сучаснаму беларусу ўжо нават кілаграм ліверкі ў дзясяткі разоў мілей за роднае слова! Сказанае датычыць і абсалютнай бальшыні палітычнай і інтэлектуальнай эліты, толькі яе негатыўнае стаўленне да беларускай мовы трэба вызначаць не кілаграмамі ліверкі, а, скажам, сервелату ці бужаніны...

Цвёрда перакананы, што і чужыя, і ўласнай гадоўлі русіфікатары ніколі не былі і не будуць проста апанентамі святой для нашай зямлі беларускасці, а былі, ёсць і будуць яе самымі небяспечнымі, зацятымі ворагамі. У нашай архістрашэннай сітуацыі, калі на кон пастаўлены лёс усяго народа, нельга спакойна глядзець на тых, хто бязлітасна разбурае яго прыродную культурна-моўную аснову, усяляк падганяючы яе (і так паспяхова!) пад рускую. Калі з усім гэтым спакойна мірыцца, мы вельмі хутка станем сведкамі глабальнага этнічнага вымірання свайго народа, а яшчэ хутчэй -- праз нейкі час у службовым кабінеце, а мо і ва ўласнай кватэры кожнага другога-трэцяга зрусіфікаванага чыноўніка будзем бачыць не якога-небудзь нацыянальнага палітыка, культурнага дзеяча, а некага з кагорты Мураўёва-вешальніка.

У цывілізаваных грамадствах, як вядома, без пакарання не застаецца ніводнае небяспечнае для чалавека злачынства. Наіўна было б разлічваць увесці такую практыку ў нас у дачыненні да русіфікатараў, тым больш ведаючы, што ўсе яны знаходзяцца на высокіх службовых пасадах. А вось спіс такіх людзей трэба весці, выносячы кожнаму з іх хаця б сімвалічнае пакаранне. Гэта патрэбна і нам, і новым пакаленням, бо рух за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларусаў не адамрэ, як думаецца многім, у тым ліку і адукаваным людзям. Ён будзе працягвацца нават і тады, калі ў краіне застанецца ўсяго адзін-два дзясяткі нацыянальна самасвядомых беларусаў. Нашы апазіцыйныя партыі займаюцца пошукам рашэння многіх надзённых праблем. Але як можна не звяртаць увагу і на выкладзеную мною? Народ павінен ведаць, хто ёсць хто!

Леанід Лыч для "Народнай Волі"


← вярнуцца ў навіны