Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Аповед пра "Майстроўню"

2012.07.23 1

Добрую кніжку напісаў Сяргей Дубавец з нагоды 30-х угодкаў нефармальнага згуртавання беларускай моладзі ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта ў юбілейны 2010 год на радыё Свабода прагучалі інтэрв'ю з майстроўцамі, у якіх яны распавялі пра сваю маладосць, асабісты шлях да беларушчыны, пра свой далейшы жыццёвы шлях і сённяшні стан, стан 50-цідзесяцігадовых асобаў з дарослымі дзецьмі і маленькімі ўнукамі. Потым адпаведны фільм пра "Майстроўню" зняў і некалькі разоў паказаў "Белсат".

І вось сёлета, дзякуючы заснавальніку і каардынатару серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе" Аляксандру Лукашуку, з'явілася і кніга Сяргея Дубаўца, прысвечаная яго жонцы, актыўнай удзельніцы "Майстроўні" Таццяне, якая трагічна загінула напярэдадні выхаду кнігі ў свет. Кніга мае цудоўныя ілюстрацыі, як архіўныя, пачатку 80-х гадоў ХХ-ст., так і сучасныя фотапартрэты майстроўцаў, зробленыя Арцёмам Канцавым.

У свой час я з задавальненнем праслухаў усе радыёперадачы пра Майстроўню, потым паглядзеў Белсатаўскі фільм і вось перада мной кніга, якую я прачытаў на мяжы чэрвеня і ліпеня ўжо ў Варшаве.

Сёння 3 ліпеня. Па Менску едуць танкі, заблукаўшыя ў нашу сталіцу невядома з якой вайны, стомлены народ святкуе афіцыйнае свята, як і раней святкаваў па камандзе зверху 7 лістапада і 1 мая, а я ў Варшаве, у будынку варшаўскага квартала пад сімвалічным назовам "Воля" ўзгадваю сваю маладосць і пішу гэтыя нататкі.

Мае студэнцкія гады – гэта 1971-1976, час ранейшы за час майстроўцаў, але беларускія і менавіта беларускамоўныя асяродкі ў Менску і іншых гарадах ужо былі, актыўна дзейнічалі – і майстроўцам ужо было куды далучацца і каго запрашаць на свае спеўкі.

Назаву толькі некаторыя з іх, дзякуючы якім я стаў свядомым беларускамоўным беларусам, маючы ў кішэні пашпарт, дзе ў славутай пятай графе стаяў кароткі запіс – "рускі".

У другой палове 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў Менску склалася некалькі нефармальных кропак, дзе ўвесь час гучала нязмушаная беларуская мова, сустракаліся і знаёміліся людзі, якія цікавіліся нашай гісторыяй і культурай, не жадалі, каб збылося жахлівае прароцтва Мікіты Хрушчова, сказанае ім у Менску: "Беларусы першыя пабудуюць камунізм, бо першыя адракуцца ад роднай мовы".

Назаву толькі некаторыя месцы, дзе я часта бываў, працаваў, а потым і загаварыў па-беларуску. Гэта Акадэмія навук БССР, асабліва Інстытут гісторыі і Інстытут этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору, пад дахам якога аб’ядналіся “фізікі” і “лірыкі” і стварылі ўнікальны музей “старажытнабеларускага мастацтва”, які зараз адзначае 35-ыя ўгодкі. Варта толькі прыгадаць імёны Юрася Хадыкі і Вольгі Церашчатавай. У Інстытуце гісторыі тады працавалі Міхась Чарняўскі, Міхась Ткачоў, Зянон Пазняк, дзясяткі іншых беларускіх археолагаў і гісторыкаў, якія штодня набліжалі беларускую незалежнасць.

Актыўна дзейнічала на Беларусі і вялікая недзяржаўная арганізацыя, якая мела больш за мільён сяброў, “Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, якая з 1970 года выпускала свой цалкам беларускамоўны бюлетэнь, і рэдакцыя якога была месцам, дзе збіраліся цікавыя людзі. У 1968-1969 гадах былі створаны Спецыяльныя навуковыя рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні Міністэрства Культуры БССР, дзе сабраўся добры калектыў беларускіх патрыётаў, якія выкарыстоўвалі беларускую мову нават у сваёй працоўнай дзейнасці. Згадаем Сяргея Друшчыца, Элеанору Вецер, Алега Хадыку, Валера Слюнчанку, Аляксандра Канаваленку, Уладзіміра Ракіцкага, Ігара Чарняўскага і дзясяткі іншых архітэктараў, археолагаў, гісторыкаў і рэстаўратараў.

Асобна трэба ўспомніць аддзел Беларускай літаратуры – частку Ленінскай бібліятэкі – галоўнай бібліятэкі БССР. Тут заўжды гучала наша мова, ішлі гарачыя дыскусіі пра лёс Беларусі. Тут я пазнаёміўся з Анатолем Грыцкевічам і Мікалаем Ермаловічам.

Былі шчырыя беларусы і сярод студэнтаў БДУ. Мне на першым курсе пад вялікім сакрэтам расказвалі, як Алесь Разанаў з аднадумцамі змагаўся за беларускую мову на філфаку і журфаку. Са мной у групе першы год вучыўся Алесь Міткавец, амаль двухмятровы хлопец з Гомеля, які прынцыпова размаўляў толькі па-беларуску і ўсе рускамоўныя лекцыі, як і потым майстроўцы, канспектаваў па-беларуску. За гэта на летняй сесіі яму паставілі некалькі двоек і адлічылі з БДУ. Аднак Алесь не разгубіўся, скончыў Гомельскі ўніверсітэт, у пачатку 90-х стаў адным з кіраўнікоў аддзела адукацыі ў Гомелі і перавёў за пару год амаль усе першыя класы школ Гомеля на беларускую мову.

У 1973 годзе мы сталі сведкамі “палявання на беларускіх нацыяналістаў", калі забаранілі праводзіць канферэнцыю па этнагенезу беларусаў у Акадэміі навук БССР, у якой мы, студэнты кафедры археалогіі БДУ, збіраліся браць удзел. Тады ж і быў знішчаны амаль увесь наклад зборніка, падрыхтаванага да гэтай канферэнцыі.

Быў сталы асяродак беларушчыны і ў інтэрнаце гістфака БДУ на вуліцы Свярдлова, 34, дзе я пражыў 5 гадоў. Тут жылі Уладзя Арлоў, Эдуард Зайкоўскі і іншыя цікавыя хлопцы. У іх пакоі заўжды гучала беларуская мова.

Яшчэ трэба згадаць беларусіх мастакоў. Гэтыя людзі, якія малявалі Беларусь, шукалі свае карані, былі для моладзі прыкладам любові да Бацькаўшчыны. Я добра памятаю, як пазнаёміўся з Яўгенам Куліком, стаў яго кансультантам як археолаг і знаўца старажытнай гісторыі. Нельга забыць нашых краязнаўцаў і музейшчыкаў, нагадаю імёны Алеся Белакоза, Генадзя Каханоўскага і Івана Загрышава.

Усё гэта дзейнічала за 10-15 гадоў да з’яўлення “Майстроўні”, і таму я не згодны з Сяргеем Дубаўцом у тым, што "Майстроўня" – гэта гісторыя аднаго цуду. Гэта не цуд, гэта, як некалі казалі ў часы маёй маладосці, “аб’ектыўная рэальнасць”, праява гістарычнага закона, у адпаведнасці з якім Беларусь вернецца ў Еўропу, дзе была да раздзелу Рэчы Паспалітай.

Гэтаму пацвярджэнне і лёс майстроўцаў, напрыклад, Вінцук Вячорка, Сяргей Запрудскі і Алена Амельчыц (Анісім) былыя майстроўцы, а зараз сябры Рады ТБМ, прычым Алена Анісім – першы намеснік старшыні ТБМ, першы рэдактар газеты “Новы час”, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Мне ў сценах Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа давялося вучыць гісторыі сына Гэніка Лойкі, дзвюх дачок Зміцера Саўкі, дачку Артура Клінава і дачку Лявона Вольскага. З Віялетай Ефіменкай у свой час мы надрукавалі два нумары іспанска-беларускай газеты “Званіца” ("Espadaña"), калі мне давялося ўзначаліць іспанска-беларускае таварыства дружбы.

Разам з Вінцуком Вячоркам і Віктарам Івашкевічам я ўваходзіў спачатку ў аргкамітэт, а потым і ў першы сойм БНФ. Дарэчы, прапаную Сяргею Дубаўцу і Аляксандру Лукашуку зрабіць цыкл перадач пра лёс сяброў аргкамітэта БНФ (іх было няшмат – толькі 35 чалавек, некаторыя адышлі ў лепшы свет), а потым і чарговую кніжку ў серыі "Бібліятэка Свабоды".

Ніна Здановіч, мая першая вучаніца, якая прыйшла на раскопкі Лідскага замка ў 1977 годзе ў складзе першага студэнцкага будаўнічага атрада імя першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты, зараз выкладчык Педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, сааўтар некаторых маіх артыкулаў і манаграфій.

Ігар Марачкін – нязменны мастак і дызайнер мастацкай прадукцыі ТБМ, найперш календароў і паштовак. Алесь Костка – адзін з лепшых вучняў майго сябра, знакамітага беларускага кераміста Уладзіміра Угрыновіча. Сяргей Харэўскі працаваў мастаком у маіх археалагічных экспедыцыях, зараз выкладчык ЕГУ, аўтар цікавых кніжак па беларускаму мастацтву.

Дух "Майстроўні" жыве і паміраць не збіраецца. Можа, гэта і ёсць сапраўдны цуд?

Алег Трусаў
Варшава
3 ліпеня 2012 г.

Каментары

Госць 2018-11-20 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --


← вярнуцца ў навіны