Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова - асноўны падмурак нашай незалежнасці

2012.07.17 0

На сайце Белапана 29.06.2012 у рубрыцы "Меркаванне" змешчана інтэрв'ю Алега Трусава, якое прагледзела звыш тысячы чалавек. У сувязі з гэтым мы выстаўляем на нашым партале першапачатковую, больш поўную версію вышэйзгаданага інтэрв'ю.

Беларуская мова - асноўны падмурак нашай незалежнасці.

 У нашым грамадстве цікавасць да лёсу і стану беларускай мовы не зніжаецца, а наадварот, узрастае, пра што сведчаць апошнія сацыялагічныя апытанні, і нават спрэчкі ва ўладных структурах па гэтым пытанні. Дастаткова прыгадаць палеміку ў СМІ паміж міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам і яго намеснікам Казімірам Фарыно наконт выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі ва ўсіх школах краіны па-беларуску, незалежна ад мовы навучання. У выніку – Казімір Фарыно, які быў супраць беларускай мовы выкладання гэтых прадметаў, пакінуў сваю пасаду. 
 
Сучасны стан беларускай мовы.
Мова вытрымала чарговы ўдар, які нанесены ёй арганізатары моўнага рэферэндума 1995 года. асабліва пацярпела сістэма адукацыі, у якой колькасць вучняў, што навучаюцца у школах скарацілася да 18-19%. Аднак беларуская мова захавала і ўзмацніла свае пазіцыі ў галіне культуры, на транспарце, у паштовай справе і асабліва ў інтэрнэце. Напрыклад, ужо некалькі месяцаў паспяхова дзейнічае новы партал ТБМ tbm-mova.by, які ўжо наведалі каля 25 тысяч чалавек з 40 краінаў свету. Павялічылася колькасць беларускамоўных чыноўнікаў ніжэйшага і сярэдняга ўзроўню.
 
Ці праўда, што беларуская мова – мова эліты і апазіцыі?
Значная частка беларускай эліты добра ведае родную мову і актыўна ёй карыстаецца пры нагодзе. Напрыклад, прэм’ер-міністр і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта вольна размаўляюць па-беларуску, а міністр культуры – Павел Латушка – пераважна на ёй размаўляе.
 
У асноўным беларускамоўнымі з’яўляюцца сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў і беларускага ПЭН-цэнтра. Амаль кожны дзень адбываюцца прэзентацыі беларускіх кніг, часопісаў, зборнікаў, дыскаў і г.д.
Што датычыцца апазіцыі, то тут сітуацыя пагоршылася. У адрозненне ад фракцый БНФ і БСДГ у ВС 12 склікання, зараз да апазіцыі далучыліся рускамоўныя дэмакраты, якія не спяшаюцца размаўляць на мове тытульнай нацыі.
 
Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску?
Гэта вынік трохсотгадовай паланізацыі і русіфікацыі, бо тых, хто прынцыпова размаўляў па-беларуску, пераследавалі як польская, так і руская, а пазней і савецкая ўлады. Таму беларусы размаўляюць “на мове начальства”, якое часта не было беларускім па паходжанні, мовы не ведала, і ведаць прынцыпова не жадала.
 
Пасля 1995 года новае беларускае начальства, якое ў асноўным выйшла з калгаснай вёскі, каб спадабацца ўсходняму суседу і атрымаць танныя нафту і газ, вырашыла стаць “русскими со знаком качества”. Рускімі яны не сталі, размаўляюць на трасянцы, але танныя газ і нафту маюць, і таму ўкладаць грошы ў развіццё беларускай мовы (а значыць і ў развіццё культуры ўласнага народа) не жадаюць.
 
Просты народ гэта бачыць і размаўляе так, як і начальства, пры гэтым даволі часта ўжываюць і рускую “ненарматыўную” лексіку, за якую прадстаўнікі апазіцыі вельмі часта атрымліваюць пэўную колькасць сутак арышту.
 
Чаго нам не хапае – жадання ці магчымасці гаварыць па-беларуску?
У першую чаргу жадання. Дарэчы, значная большасць насельніцтва добра не ведае ніякай мовы, у тым ліку і руску. Тэсты абітурыентаў гэта добра паказваюць. З кожным годам непісьменнасць моладзі расце, прычым рускую мову ведаюць горш, чым беларускую, а гэта вынік татальнай трасянкі.
 
Як выйсці з гэтай сітуацыі?
Скласці план паступовага пераходу цалкам на беларускую мову на працягу ад 6 месяцаў да году. Кожны дзень увечары, перад сном 40-50 хвілін чытаць на беларускай мове літаратуру, слухаць беларускае радыё, песні, глядзець фільмы, быць цалкам у беларускамоўнай атмасферы. Спачатку пачаць гаварыць у сям’і, затым на вуліцы, а потым і з начальствам. Абавязкова трэба наведваць беларускамоўныя імпрэзы, выставы, канцэрты, хадзіць у тэатр, каб адчуць, што вакол шмат беларускамоўных людзей, і ты – не адзін.
 
Як зацікавіць мовай школьнікаў?
Найперш аддаць дзіцятка ў беларускамоўны садок, а потым клас або школу з беларускамоўным навучаннем.
Калі гэта складана, размаўляць з ім па-беларуску дома, пазнаёміцца з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, каб разам дапамагчы пераадолець моўны бар’ер. Напісаць заяву на імя дырэктара школы, каб школьнік вывучаў па-беларуску гісторыю і геаграфію, хадзіць з ім разам на беларускія культурніцкія мерапрыемствы.
 
Крыху пра свой досвед.
Нарадзіўся на мяжы з Расіяй у старажытным горадзе Мсціславе. Акурат у 1961 годзе, калі я пайшоў у першы клас, тут закрылі апошнюю беларускамоўную школу і таму вучыўся па-руску. Выхоўвала мяне прабабуля, якая пражыла 100 гадоў і размаўляла яна на цудоўным мсціслаўскім дыялекце, мове слоўніка беларускай мовы Насовіча, напісанага якраз у Мсціславе. Побач з горадам – радавое гняздо братоў Гарэцкіх, вёска Малая Багацькаўка. Пашанцавала мне і з настаўніцай беларускай мовы. Гэта Клаўдзія Цярэнцьеўна Саўчанка. Яна ганарылася тым, што ведала Якуба Коласа, стварыла школьны тэатр, дзе мы ставілі п’есу “Пінская шляхта”, а я са сцэны чытаў верш П. Броўкі “Пахне чабор”.
Потым была вучоба ў Мінску, на гістфаку, значны ўплыў Абэцэдарскага, які зацікавіў мяне гісторыяй, асабліва сваёй
кніжкай “Беларусы ў Маскве”, знаёмства з Уладзем Арловым і яго сябрамі, з якімі жылі ў адным інтэрнаце.
 
Першы беларускамоўны асяродак у маім жыцці – гэта праца ў археалагічных спецыяльных навуковых вытворчых майстэрнях МК БССР. Тут працавалі сын Максіма Танка – загадчык хімічнай лабараторыі, архітэктары Сяргей Друшчыц, Валянцін Калінін, Валер Слюнчанка, Аляксандр Канаваленка, гісторыкі Элеанора Вецер і Людміла Трэпет, археолаг Ігар Чарняўскі, фатограф Вячаслаў Дубінка. Пад іх уплывам і з іх дапамогай на працягу 1980-82 гг. я цалкам перайшоў на беларускую мову і стаў весці на ёй усю навуковую дакументацыю. Паралельна я вучыўся ў завочнай аспірантуры Інстытута гісторыі АН БССР. Тут таксама гаварылі па-беларуску. Варта прыгадаць археолагаў Георгія Штыхава (кіраўнік маёй дысертацыі), Міхась Ткачоў (мой зямляк), Міхась Чарняўскі, Зянон Пазняк, Валянцін Собаль і іншыя.
У 1989 годзе далучыўся да стваральнікаў ТБМ, стаў кіраўніком ТБМ Савецкага раёна г. Мінска, з 1997 – першы намеснік старшыні, з 1999 года – Старшыня ТБМ.
 
Ці карысна ведаць беларускую мову?
Так, калі вы станеце думаць штодня па-беларуску, вас будзе заўжды падтрымліваць генная памяць вашых продкаў, якія стварылі вялікую еўрапейскую краіну. Гэта дасць вам магчымасць жыць лепей, адчуваць падтрымку суседзяў не толькі па доме, але і насельнікаў усёй Еўропы. Бо менавіта ў Еўразвязе шануюць мовы ўсіх сваіх народаў, вялікіх і малых. І нам трэба вярнуцца назаўсёды ў еўрапейскую супольнасць з нашым найвялікшым скарбам – тысячагадовай беларускай мовай.  
Алег Трусаў
 
Алег Трусаў - старшыня ТБМ імя Ф.Скарыны. Нарадзіўся ў 1954 годзе ў г. Мсціславе Магілёўскай вобласці. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Дэпутат ВС 12 склікання. Намеснік старшыні Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1995гг.). Старшыня БСДГ (1992-1995). Навуковец, археолаг, даследчык беларускай архітэктуры.

← вярнуцца ў навіны