Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Гісторыя з геаграфіяй: камэнтар юрыста

2012.07.07 0

Заканадаўства прадугледжвае забеспячэнне роўнасці дзвюх дзяржаўных моў, але дзяржава гарантуе права на выбар у якасці мовы навучання толькі адной з іх.
 
Нагадаем, 17 мая 2012 г. намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно, насуперак ранейшай заяве міністра адукацыі Сяргея Маскевіча пра намер перавесці выкладанне двух школьных прадметаў –  гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі –  на беларускую мову, паведаміў, што ў перспектыве рашэнне паўсюдна вывучаць гісторыю і геаграфію сваёй краіны на беларускай мове можа быць рэалізавана, але не цяпер.  Пры гэтым ён спаслаўся, сярод іншага, на неабходнасць адкарэктаваць нарматыўна-прававую базу.
 
На першы погляд такая заява падаецца дзіўнай: калі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, што перашкаджае вывучаць гісторыю і геаграфію Беларусі па-беларуску? Тым болей, што паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў якасці аднаго з асноўных накірункаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі дэкларуецца забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моў (падпункт 2.9 п. 2 арт. 2).
 
Аднак той самы кодэкс прадугледжвае ў арт. 90, што грамадзяне маюць права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў, і менавіта для рэалізацыі гэтага права, г.зн. выбару адной з дзвюх моў, дзяржавай ствараюцца ўмовы: забеспячэнне права грамадзян на выбар адной з дзяржаўных моў у якасці мовы навучання ажыццяўляецца шляхам развіцця сеткі ўстаноў адукацыі, выданнем літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.
 
Атрымліваецца, што калі мовай навучання з’яўляецца руская мова, то нібыта ўсе прадметы ў школе мусяць вывучацца на ёй, бо права на выбар адначасова дзвюх моў у якасці моў навучання не прадугледжана.
 
Разам з тым, сітуацыя, у якой у абсалютнай большасці ўстаноў адукацыі мовай навучання з’яўляецца не беларуская мова, відавочна сведчыць пра адсутнасць балансу ў выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моў, на што яшчэ ў снежні 2003 г. звяртаў увагу Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь (рашэнне “Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання” ад 4 снежня 2003 г.), прапанаваўшы разгледзець пытанне аб унясенні  ў заканадаўства зменаў і дапаўненняў, якія б забяспечылі фактычную роўнасць дзяржаўных моў. Кодэкс аб адукацыі быў прыняты адносна нядаўна, у 2011 годзе, але, як бачым, рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 2003 года пры яго прыняцці ніяк не ўлічвалася. У прыватнасці, у кодэкс не была перанесена норма са страціўшага з яго ўступленнем у сілу Закона Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі” аб тым, што навучанню на беларускай мове, выданню літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка.
 
Звернем увагу, што норма Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, якая прадугледжвае неабходнасць выбару заснавальнікам агульнаадукацыйнай установы ў якасці асноўнай мовы навучання беларускай альбо рускай мовы (з улiкам пажаданняў вучняў i iх законных прадстаўнiкоў), нават у выпадку выбару рускай мовы ў якасці асноўнай не перашкаджае выкладанню асобных прадметаў, такіх як гісторыя і геаграфія Беларусі, па-беларуску. Тым болей, што навучанне i выхаванне ў агульнаадукацыйных установах, паводле часткі першай арт. 23 згаданага Закона, ажыццяўляюцца на беларускай i (або) рускай мовах. Аднак у Кодэксе аб адукацыі гаворка ідзе не пра “асноўную” мову навучання, а проста пра “мову” навучання; а злучнік “і” (беларуская і (або) руская мова) увогуле знік, застаўся толькі “або”.
 
Што тычыцца грашовага забеспячэння выдання падручнікаў па гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове, якое, па падліках К.Фарыно, патрабуе каля 10 млрд рублёў, то Праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2007-2016 годы, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2007 г. № 725, патрэбы фінансавання падрыхтоўкі і выдання падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў у 2012 годзе ацэнены ў 22 314,9 млн рублёў з рэспубліканскага бюджэту.  
 
Таццяна Фадзеева
 
Артыкулы па тэме:
Ліставанне з Міністэрствам адукацыі
Ліставанне з Міністэрствам адукацыі
Аб выданні падручнікаў на беларускай мове
Чарговы адказ Фарыно

← вярнуцца ў навіны