Працуюць
76Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе.
2012.06.02 0
Працягваючы ажыццяўленне праекту “Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці”, 28 траўня 2012 г. Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны арганізавала ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску краязнаўчы фестываль.
У адрозненне ад канферэнцыі “Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух”, якая прайшла 16 красавіка і пра якую “НЧ” паведамляў чытачам, падзея насіла не толькі навуковы, але і практычны характар. Вырашалася пытанне, як краязнаўцы ў сваёй штодзённай дзейнасці здольныя захаваць каштоўныя аб’екты старадаўняй і традыцыйнай культуры. Размова ішла як пра матэрыяльную, так і нематэрыяльную спадчыну, таму частка сустрэчы ў Мінску адводзілася выступленням народных калектываў, якія з’яўляюцца непасрэднымі носьбітамі аўтэнтычнага спеўнага, танцавальнага і абрадавага фальклору. У Беларусі, у адрозненне ад яе еўрапейскіх суседзяў, яшчэ захоўваюцца унікальныя мясціны, дзе фальклорная спадчына натуральным шляхам перадаецца з пакалення ў пакаленне. Непаўторнасць народных традыцый засведчылі на фестывалі госці з Бешанковіч на Віцебшчыне і дзьвюх суседніх вёсак – Свяцілавічы (дзіцячы гурт “Задорынка”) і Стаўбун (фальклорна-этнаграфічны гурт “Стаўбунскія вячоркі”) Веткаўскага раёну на Гомельшчыне. Першыя паказалі ўзоры валачобных абрадаў – веснавых віншавальна-велічальных спеваў, другія ўразілі выкананнем цыклу абрадавых і каляндарных нумароў, густоўнай танцавальнай праграмай. Выступленне гасцей з Гомельшчыны прываблівала тым, што побач з выканаўцамі сталага ўзросту ўдзельнічала моладзь. Старадаўняга крою строі, упэўненыя рухі ў традыцыйных польцы, кракавяку, хараводах. І сапраўдная жыццёвая энэргія. У выніку арганізатары фестывалю атрымалі запрашэнне “ісці да народу” і сабраць наступны шырокі фальклорны фэст на Веткаўшчыне. У фальклоры знаходзіццы падмурак сучаснага сцэнічнага мастацтва. Як старадаўні мелас жывой крыніцай адухаўляе фольк-рокавы эстрадны накірунак сваім выступам на фестывалі засведчыў лідар гурта “Палац” Алег Хаменка.