Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Баранавіцкая гарадская арганізацыя ТБМ

навіны

Баранавіцкія сябры ТБМ прынялі ўдзел у краязнаўчым фэсце

2012.05.31 0

 …І няма ў людзей больш простага спосабу
ўдасканальвацца, як праз веданне дзеяў мінулых.

Палібій

Баранавіцкія сябры ТБМ прынялі актыўны ўдзел у першым вялікім краязнаўчым фэсце з ініцыятывы ТБМ, які прайшоў 28 мая ў залі Нацыянальнага гістарычнага музею г. Менска. Нягледзячы на тое, што госці прыехалі з розных куткоў нашай айчыны, імпрэза нагадвала сяброўскую вечарыну.

Адкрыў фэст намеснік міністра культуры Ігар Чарняўскі, які зазначыў, што шмат залежыць ад ініцыятывы з нізу, якая заўсёды вітаецца. Толькі агульнымі намаганнямі можна захаваць і памножыць, а часам выратаваць нашыя гістарычныя помнікі і галоўнае тое, што называецца нематэрыяльнай спадчынай.

Затым выступіў Вячаслаў Калацэя, які распавёў як яны сваёй суполкай збіраюць музычную спадчыну, удзельнічаюць у абрадах ў Бешанкоўскім раёне. Ужо зусім неафіцыйным быў выступ Алега Хаменкі пра вельмі грунтоўны аналіз валанцёрства і талакі. Аказваецца валанцёрства мае глыбокія карані на Беларусі, толькі называлася раней талакой. Гэта была супольная праца і адпачынак адначасова. Тады людзі лепш ведалі суседзяў, дапамагалі адзін аднаму, і агульны пачастунак пасля цяжкай працы быў нагодай не дзеля таго каб напіцца, але каб заспяваць і патанчыць.

Дарэчы як раз спевы і былі разынкай краязнаўчай імпрэзы. Два калектывы з Веткаўскага раёну прыўнеслі паветра вясковых пасядзелак: “Стаўбунскія вячоркі” і маладзейшы “Задорынка”. І старыя і маладзенькія дзяўчаты і хлопцы спявалі разам, і па чарзе, і адчувалася, як моладзь імкнецца пераймаць спеўную традыцыю старэйшага пакалення, інтанацыі і спосаб выканання, менавіта тое, што і зяўляецца аўтэнтычнай нематэрыяльнай спадчынай. Тое, што ёсць нашай адметнасцю, тое, што найбольш патрабуе нашага клопату, каб захаваць душу народу, зберагчы і перадаць дзецям нашым. Добра сказаў пра гэта Алег Хаменка. Каб захаваць трэба ня толькі збіраць, але і вывучаць, а каб надаць сучаснае гучанне і апрацаваць. Гэта вельмі крапатлівая, прафесійная і адказная праца, напэўна параўнаць яе можна з апрацоўкай дыяментаў, настолькі важна тут не памыліцца і не перарабіць да непазнавальнасці, але адкрыць схаваныя струны душы народнай. Сапраўды сучаснаму вуху бліжэй цяжкі рок, але менавіта слухаючы бабуляў з Веткі, разумееш дзе нараджаецца гармонія. Таму так добра кладуцца народныя спевы на сучасную рокавую аранжыроўку, таму тое, што робіць Іван Кірчук і Алег Хаменка, ужо стала нашай каштоўнасцю. Калі твае песні паважаюць за народныя - ты стаў гісторыяй і гэта цудоўна. Цікава было даведацца, што Алег Хаменка напісаў навуковую працу, толькі ня мае часу абараніцца. Карыстаючыся момантам зычу спадару Алегу паспяховай абароны!

Баранавіцкая філія ТБМ прывезла на фэст немалы склад сяброў. Вітусь Сырыца, кіраўнік філіі, распавёў пра віктарыну да 130-годдзя Уладзіслава Галубка, беларускага мастака і драматурга, стваральніка першага вандроўнага тэатра. На вялікі жаль гэтая падзея засталася незаўважнай для большасьці нават абазнанага ў беларускай гісторыі грамадства. Але віктарына адбылася, пераможцы атрымалі прызы. Удзельнікамі былі каля трыдцаці чалавек ня толькі з Менску, пытанні былі няпростыя, што падкрэсліў адзін з пераможцаў Аляксей Шалахоўскі. Прыемна, што сярод атрымаўшых прызы былі вучні вясковай школы (Баравік Кірыл і Лашкоўская Паліна) Дварца Дзятлаўскага раёну, Гарадзенскай вобласці. Яны даслалі ня проста адказы на пытанні, але зрабілі творчую працу пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Наталлі Ляўкевіч. Яна - настаўніцы ад Бога, чалавек, які закаханы ў сваю справу, што немагчыма было не адзначыць. Паболей бы нам такіх настаўнікаў! Тады заззяе Беларусь у сям'і еўрапейскіх народаў!

Анжаліка Камбалава


← вярнуцца ў навіны