Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова ў сферы абслугоўвання: камэнтар юрыста рашэння Канстытуцыйнага суда

2012.05.30 0

 4 снежня 2003 г. Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне “Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання”, у якім гаворыцца аб тым, што пры фармальна-юрыдычным раўнапраў’і дзяржаўных моў на практыцы баланс іх выкарыстання не вытрымліваецца, маюцца прыклады пераважнага выкарыстання рускай мовы, у сувязі з чым Канстытуцыйным Судом было прапанавана разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і іншыя акты заканадаўства зменаў і дапаўненняў, якія б забяспечылі фактычную роўнасць дзяржаўных моў.

З часу прыняцця згаданага рашэння змены і дапаўненні ў Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” уносіліся пяць разоў, аднак не былі звязаны з выкананнем рашэння Канстытуцыйнага Суда. Неабходна адзначыць таксама, што з самога рашэння не вынікае, якім канкрэтна дзяржаўным органам адрасавалася прапанова Канстытуцыйнага Суда аб унясенні зменаў і дапаўненняў у заканадаўства (да актаў заканадаўства адносяцца не толькі законы, але і ўсе іншыя нарматыўныя прававыя акты Рэспублікі Беларусь).

 
З адказу Канстытуцыйнага Суда, датаванага 17 мая 2012 г., на зварот ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” па згаданым рашэнні вынікае наступнае.
 
Па-першае,  рашэнне было ўнесена ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2003 г. Як было адзначана вышэй, рашэнне да гэтага часу не выканана, з моманту яго прыняцця прайшло больш за восем гадоў, а гэта два тэрміны паўнамоцтваў парламента.
 
У адпаведнасці з арт. 86 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда кантроль за выкананнем рашэнняў Канстытуцыйнага Суда ўскладзены на адпаведнае структурнае падраздзяленне Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда.
 
Па-другое, з адказу вынікае, што рашэнне ад 4 снежня 2003 г. не было апублікавана. Пры гэтым аналагічныя рашэнні Канстытуцыйнага Суда аб прапановах удасканалення заканадаўства ў парадку арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” публікаваліся (на сайце Канстытуцыйнага Суда можна знайсці, напрыклад, рашэнне ад 14 ліпеня 2005 г. № Р-187/2005 “О совершенствовании законодательства о выплате пособий по временной нетрудоспособности”, якім была ўнесена адпаведная прапанова Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, і якое ўтрымлівае ўказанне на неабходнасць яго публікацыі).
 
Па-трэцяе, выклікае пытанні факт адсутнасці тэксту рашэння ад 4 снежня 2003 г. на сайце Канстытуцыйнага Суда. Палажэнне аб Інтэрнэт-сайце Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, згодна з якім, паводле адказу, пытанне аб размяшчэнні рашэнняў на сайце вырашаецца Канстытуцыйным Судом пры прыняцці рашэння, адсутнічае як у даведачна-прававой сістэме “КонсультантПлюс: Беларусь”, так і на самім сайце Канстытуцыйнага Суда. У адказе не згадваецца ані дата, калі было зацверджана палажэнне, ані кім яно было зацверджана. Паколькі сайт існуе з 2009 года, Палажэнне не можа быць старэйшым за яго, таму пры прыняцці рашэнняў, ранейшых за 2009 год, пытанне аб іх размяшчэнні на сайце не магло разглядацца. Аднак на сайце змешчаны рашэнні Канстытуцыйнага Суда пачынаючы з 1994 года, г.зн. ад пачатку яго існавання. Можна было б дапусціць, што на сайце размяшчаюць рашэнні, у якіх непасрэдна ўтрымліваецца ўказанне аб іх апублікаванні, аднак і гэтая здагадка не спраўджваецца, бо на сайце размешчаны таксама рашэнні, якія не ўтрымліваюць указання на неабходнасць іх публікацыі (напрыклад, рашэнне ад 26 мая 2000 г. № Р-98/2000 “О некоторых вопросах реализации статьи 57 Конституции Республики Беларусь”).
 
Такім чынам, застаюцца актуальнымі пытанні як да Канстытуцыйнага Суда што да публікацыі і кантролю за выкананнем рашэння ад 4 снежня 2003 г., так і да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу што да непасрэдна яго выканання. Варта адзначыць, што ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” быў распрацаваны праект закона “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”, нормы якога спрыялі б забеспячэнню фактычнага раўнапраў’я дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь.

← вярнуцца ў навіны