Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская школа без мовы і культуры

2012.05.18 1

Надзеі на тое, што беларуская школа зноў увядзе абавязковае вывучэнне гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове, не спраўдзяцца.

Аб гэтым журналістам паведаміў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно, распавядаючы аб тых працэсах, што сёння адбываюцца ў сярэдняй школе. Па словах намесніка міністра, краіна не можа дазволіць сабе агульнага пераводу навучання нават па некалькіх прадметах на беларускую мову. Маўляў, трэба выдаць падручнікі, падрыхтаваць базу, а гэта нятанна і патрабуе складанай працы.

Чуткі аб тым, што ўжыванне беларускай мовы ў школах пашырыцца, з’явіліся не на пустым месцы. Аб тым, што школьнікі павінны вывучаць геаграфію і гісторыю на роднай мове, у адным з інтэрв’ю заявіў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Чыноўнік сцвярджаў, што такія змены павінны адбыцца як мага хутчэй. Тлумачыць, чаму гэтага не адбудзецца, прыйшлося не міністру, а яго калегу.

“У наступным навучальным годзе ніякіх новых рэформ і эксперыментаў у сярэдняй школе не будзе, — падкрэсліў Фарыно. — У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік дзяржавы выразна вызначыў, што ўвагу неабходна засяродзіць на павышэнні якасці адукацыі з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій”.

Не вернецца ў школьныя класы і такая дысцыпліна, як “Сусветная мастацкая культура”. Далучацца да скарбаў сусветнага мастацтва намеснік міністра прапанаваў на факультатывах і ў межах іншых дысцыплін.

КАМЕНТАРЫЙ

Алег ТРУСАЎ, старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы”:

Чаму такое простае рашэнне — вывучаць гісторыю і геаграфію па-беларуску — даецца ўладам так цяжка і выклікае столькі спрэчак? Над гэтымі пытаннямі “Народная Воля” папрасіла паразважаць кандыдата гістарычных навук, старшыню ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алега Трусава.

“Зараз у Беларусі ёсць групоўка чыноўнікаў, якія скіравалі свае позіркі ў бок Масквы, — выказаўся спадар Трусаў. — Ім не патрэбны нацыянальныя мова і сімволіка, ім трэба толькі чарговая падачка ад Расіі. Між тым ёсць у міністэрствах і тыя, хто хоча нацыянальнай незалежнасці і дбае пра яе. Зараз бачна, што гэтае супрацьстаянне у кабінетах — прыкладна 50 на 50.

Рашэнне не ўводзіць вывучэнне гісторыі і геаграфіі па-беларуску — часовая перамога прамаскоўскіх чыноўнікаў. З прыходам да ўлады Пуціна яны асмялелі, мусіць, спадзяюцца на тое, што Беларусь стане часткай Расіі, а яны атрымаюць нейкія высокія пасады. Але гэта пірава перамога, яна не працягнецца доўга. Спадзяюся, што пазіцыя Міністэрства адукацыі да верасня яшчэ зменіцца”.

Але як жа зменіцца сітуацыя, калі, па словах намесніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно, няма належнай колькасці падручнікаў? Няўжо становішча можна выправіць за тры летнія месяцы?

“Добрыя падручнікі па гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове ёсць, проста іх мала, — распавёў Алег Анатольевіч. — Можна перавыдаць іх большым накладам. Гэта нескладана зрабіць пры жаданні.

Справа ў тым, што ініцыятыва сутыкнулася з супрацівам тых людзей, што не хочуць жыць у Беларусі, а мараць пасяліцца ў губерні.

Між тым, паўтаруся, да верасня яшчэ многае можа змяніцца. Расія ніколі не праглыне Беларусь, бо мы жывём у ХХІ стагоддзі і такая інтэграцыя проста немагчымая”.

Марыя Буднік, "Народная Воля"

Каментары

вячаслаў 2012-05-21 18:08:32

Чыноўнікі, як заўсёды, глядзяць, што скажа самы высокі, па рангу, кіраўнік. А самы высокі кіраўнік, як мне здаецца, мае не беларускую нацыянальнасць. За адраджэння беларускай мовы павінны дбаць, у першую чаргу, настаўнікі школ і гэта магчыма. Я, адпрацаваўшы 24 гады на пасадзе дырэктара школы, патрабаваў ад настаўнікаў афармленне ўсёй дакументацыі толькі на беларускай мове. І сам ніколі не пасылаў дакументы ў вышэйстаячыя арганізацыі на расейскай мове. За ўвесь час ніхто з чыноўнікаў не зрабіў мне ніводнай заўвагі. Лічу, што ў большасці, усё залежыць ад нас і ў першую чаргу ад настаўнікаў школ. Але на вялікі жаль, патрыётаў Бацькаўшчыны сярод гэтых людзей вельмі і вельмі мала.


← вярнуцца ў навіны