Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Самы народны музей Беларусі

2012.05.17 0

Адзін з самых «новых» музеяў Беларусі – Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора НАН адзначыў сваё 33-годдзе 15 траўня 2012 г. Гэтай падзеі прысвячалася публічная лекцыя аднаго з яго заснавальнікаў, прафесара Юрыя Хадыкі, якая прайшла ў Таварыстве беларускай мовы на Румянцава, 13 у Мінску.

Калі энтузіясты-збіральнікі гэтага унікальнага сховішча старога нацыянальнага мастацтва ў 1979 г. падлічылі колькасць удзельнікаў навуковых і даабраахвотных экспедыцый па ўсёй Беларусі, цягам якой збіраліся абразы і скульптуры, царкоўнае убранне і помнікі этнаграфіі, яны моцна ўразіліся. Высветлілася, што над стварэннем сапраўды народнага музея ў часы брэжнеўскага застою і ідэалагічных цугляў, накінутых на грамадскае жыццё, працавала больш 120 чалавек. Халодны недавер уладаў да шукальнікаў прыгажосці нацыянальнага мастацтва праявіўся вельмі хутка. Ужо праз 4 гады пасля першай экспедыцыі, у 1974 г., пачатковая калекцыя, каля 250 твораў сакральнага мастацтва, была канфіскаваная і перададзеная ў фонды Мастацкага музея Беларусі – са спадзяваннем назаўжды схаваць іх ад людскога вока (з той жа сферы – забарона канферэнцыі «Этнагенез беларусаў» у 1973 г.: з «нацыяналізмам» змагаліся не на жарт). Прычна была банальнай: праверка ідэалагічнай працы беларускіх камуністаў з ЦК КПСС. Але пагроза мінулася, у 1979 г. надыходзіла 50-годдзе Беларускай акадэміі навук, і прэзідэнт АН Мікалай Барысевіч даў дазвол на дзейнасць музейнай групы, а з 1977 г. – аддзела старажытнабеларускай культуры, які ачоліла Вольга Церашчатава. І на планаванне памяшканняў музея, якія адчыніліся ў 1979 г.

Гадавіна зрабілася нагодай прыгадаць імёны апантаных рупліўцаў вывучэння культурнай спадчыны, якія натхнілі сваёй працай дзясяткі паслядоўнікаў. З сярэдзіны 1960-х энтузіястаў згуртавалі бліскучыя лекцыі па гісторыі мастацтваў Элеаноры Вецер, першаадкрывальніцы – пасля Міколы Шчакаціхіна – прыгажосці беларускай іконы. Пасля яе звальнення з Інстытуту мастацтвазнаўства ў тым самым нешчаслівым 1974 г. справу пераняла Вольга Церашчатава, першы дырэкктар будучага музея. Яе намаганнямі стваралася сённяшняя экспазіцыя і адкрытыя для наведвальнікаў фонды: разам каля 630 твораў сакральнага жывапісу, амаль 200 скульптур, а з іншымі рарытэтамі больш за 17 тысяч экспанатаў. Наладзілася рэстаўрацыйная дзейнасць. Прайшлі першыя навуковыя канферэнцыі, пабачылі свет зборнікі па новых адкрыццях старых помнікаў. Плён працы музейных навукоўцаў – манаграфіі па гісторыі іканапісу, скульптуры, шкларобства, кнігадрукарства, старой гравюры, этнаграфіі Беларусі. Сёння яны – падмурак ведаў па беларускай культуры ў школьных і універсітэцкіх курсах.

Але як і ў час адкрыцця, Музей, размешчаны па адрасе вул.Сурганава, 1, корп. 2 – напаўзакрытая ўстанова, куды трапляюць па папярэдняй дамоўленасці. А ў сувязі з агучанымі днямі ў прэсе планамі ліквідацыі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ды інстытуту мовы і літаратуры з ператварэннем іх у цэнтр гуманітарных навук – нагадвае вяртанне АН ў часы Інбелкульта, ці не праўда? – лёс музея выклікае асаблівае хваляванне. Магчыма, замест будаўніцтва чарговага лядовага палацу беларускай дзяржаве варта ашчадзіць сродкі на рэстаўрацыю годнага старога будынка ці ўзвядзенне новага ў цэнтры горада, каб упрыгожыць сталіцу ўжо даўно падрыхтаванай дзеля гэтага ўнікальнай калекцыяй?

Аляксей Хадыка

“Тройца” з Дастоева, 17 ст. “Пакланенне вешчуноў” з Дрысвятаў, пасля 1514 г.

← вярнуцца ў навіны