Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў пра перадвыбарную кампанію 2020: "Дэмакратыя без мовы - гэта лінгвацыд"

2020.07.31 2

Сёлета мы маем новую палітычную з'яву, калі на сцэну выйшлі тыя, хто раней падтрымліваў сучасную беларускую ўладу, альбо заключыў з ёй сацыяльны кантракт: мы вас не крытыкуем, прымаем вашыя асноўныя каштоўнасці (вашу сімволіку, ідэалогію, знешнюю і ўнутраную палітыку, вашу мову і адносіны да рэлігіі), а вы нас не чапаеце і мы займаемся сваімі справамі: бізнесам, навукай, культурай і маем магчымасць доўга жыць і  працаваць за мяжой. Прычым галоўная ўмова - мы ўсе рускамоўныя, альбо "рускія са знакам якасці". Доўгі час сацыяльны кантракт дзейнічаў і абыякавыя да палітыкі людзі паступова палепшылі свой дабрабыт і крытычна альбо абыякава ставіліся да іншадумцаў. Але сярод тых былі людзі, якія змагаліся за захаванне і існаванне беларускай мовы і культуры. Аднак у апошнія гады эканоміка спыніла свой рост, дабрабыт не расце, а ўлада стала рэальна публічна зневажаць народ, які стаў "народцам", а еўрапейская краіна сярэдніх памераў, дзе мы жывём, стала "клочком земли". Пасля падзей на Украіне канчаткова прачнуўся расійскі імперыялізм, які пачаў каланіяльныя захопы новых тэрыторый і выбраў у якасці чарговай ахвяры Беларусь.

Галоўныя лідары "новай апазіцыі" Ціханоўскі, Бабарыка і Цапкала не звярталі ўвагі на беларускую мову і культуру і хацелі збудаваць "Страну для жизни", у якой нашай мове і культуры месца няма.

Аднак улада, якая хоча кіраваць як мага даўжэй, не звярнула ўвагу на іх абыякавасць да беларушчыны, якая часам пераходзіла ў варожасць, і нанесла ім моцны ўдар, нягледзячы на вышэйзгаданую акалічнасць.

Зараз "новая апазіцыя" аб'ядналася вакол Святланы Ціханоўскай і спачатку ставілася, мякка кажучы, абыякава да спрадвечных беларускіх каштоўнасцей.

Беларуская эліта разгубілася і падзялілася на тры часткі. Адны вырашылі перачакаць, другія выступілі з крытыкай такіх адносін да беларушчыны, а трэція далучыліся да "новай каманды" і вылучылі новы стары лозунг "спачатку дэмакратыя, а потым мова", што ў нашых умовах азначае ў лепшым выпадку ірландскі варыянт, дзе родная мова ірландцаў існуе на тэрыторыі маленькай рэзервацыі. Дарэчы, Ціханоўская працавала ў Ірландыі, добра пра гэта ведае і пачынае такую ідэю агучваць.

Але простыя людзі, якім душа баліць за знявагу нашай культуры з боку ўлады, паказалі свае адносіны да беларушчыны, і рэжысёры каманды Ціханоўскай зрабілі з гэтага адпаведныя высновы. На апошнім мітынгу ў Мінску, дзе былі дзясяткі тысяч людзей, беларуская мова стала прабівацца, як трава праз асфальт. Гэта мова некаторых выступоўцаў, і беларускія песні, і самае галоўнае - рэакцыя простых людзей, якія прынеслі з сабою нацыянальную сімволіку ў розных яе варыянтах і выгуквалі розныя заклікі на роднай мове.

Паколькі ў цуды я даўно не верыў, наўрад ці "новая апазіцыя", якая актыўна ганіць "старую" беларускамоўную апазіцыю і яе лідара Зянона Пазняка, атрымае 9 жніўня бліскучую перамогу. Аднак, у выніку збегу розных палітычных абставін такая перамога можа мець нейкі шанец на поспех.

Але нават і тады праблема з захаваннем беларушчыны ў нашай краіне нікуды не знікне. І ірландскі варыянт, дзе дэмакратыя даўно ёсць, а мовы так і няма, мне не да спадобы.

Алег Трусаў,

ганаровы старшыня ТБМ

Каментары

Госць 2020-08-02 17:48:48

Калі падумаць, то "сацыяльны кантракт" і ТБМ датычыўся: суполка мела (і мае) офіс у цэнтры горада, яе выданні не забаранялі, прадстаўніцу ТБМ у 2016 г. пусцілі ў "парламент"... Напэўна, не было такой умовы - "...мы ўсе рускамоўныя, альбо "рускія са знакам якасці"". "...хацелі збудаваць "Страну для жизни", у якой нашай мове і культуры месца няма". Такія сур'ёзныя заявы варта было б падмацаваць сур'ёзнымі доказамі.

Госць 2020-08-03 21:35:13

Спадар Алег , дзе быу ваш розум, калi Вы падтрымалi АГЛ у 94-м?


← вярнуцца ў навіны