Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

У лютым адбылася сустрэча дзяржсакратара ЗША са старшынёй ТБМ і беларускімі праваабаронцамі

2020.03.06 0

Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа 1 лютага падчас свайго візіту ў Мінск сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі. 

На сустрэчы прысутнічалі Сяргей Драздоўскі з Офісу па правах людзей з інваліднасцю, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі і старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак.

Беларускія праваабаронцы паднялі важныя і злабадзённыя пытанні па правах чалавека ў Беларусі. Так, Сяргей Драздоўскі распавёў пра праблемы, звязаныя з выкананнем сацыяльна-эканамічных правоў, з адсутнасцю антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і парушэннем правоў прафсаюзаў. 

Кіраўнік ТБМ Алена Анісім звязала магчымасць існавання і актыўнай працы грамадзянскай супольнасці з пытаннем незалежнасці Беларусі. У сваім кароткім выступе яна адзначыла важную  ролю ў гэтым пытанні беларускай мовы і культуры, немагчымасць яе развіцця ў выпадку агрэсіўных захопніцкіх дзеянняў нашай усходняй суседкі. У сувязі з гэтым старшыня ТБМ распавяла пра захады дэмакратычнай супольнасці па захаванні незалежнасці: Усебеларускі сход 2000-га года, Кангрэс 2014. Яна згадала нядаўнія дэманстрацыі ў падтрымку незалежнасці ў снежні 2019, а таксама пра падрыхтоўку Кангрэса ў сакавіку 2020 г. Старшыня ТБМ выказала спадзеў, што ЗША і надалей будуць прытрымлівацца сваёй пазіцыі па гарантаванні незалежнасці Беларусі.

Алесь Бяляцкі паведаміў пра стабільна кепскую сітуацыю з грамадска-палітычнымі правамі. Адзначыў, што парушаюцца правы на свабоду сходаў і мітынгаў, у якасці прыкладу прывёў апошнія мірныя дэманстрацыі ў падтрымку незалежнасці краіны, за ўдзел у якіх улады пакаралі дзясяткі ўдзельнікаў. Па ацэнцы праваабаронцы, улады не гатовыя супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю нават па такіх жыццёва важных пытаннях для Беларусі, як незалежнасць.

Алег Гулак у сваім выступе адзначыў важнасць амерыканска-беларускага дыялогу па правах чалавека і выказаўся за больш актыўнае прыцягненне грамадзянскай супольнасці ва ўсе перамоўныя працэсы паміж ЗША і Беларуссю.

Майкл Пампеа пракаментаваў выступы беларускіх праваабаронцаў, адзначыў, што ёсць агульнае разуменне праблемаў, што ён падымаў найбольш важныя пытанні па правах чалавека ў Беларусі на сустрэчы з прэзідэнтам А. Лукашэнка і міністрам замежных спраў У. Макеем. Ён таксама падкрэсліў, што пазіцыя ЗША па падтрымцы дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі застаецца нязменнай.

Сустрэча з'яўляецца выразным сігналам ураду ЗША ў падтрымку грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных актывістаў у Беларусі.

Больш на сайце "Вясны"


← вярнуцца ў навіны