Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Завяршаецца збор сродкаў на перавыданне культавага рамана Курта Вонегута

2019.10.31 0

На сайце ulej.by засталося 10 дзён да канца збору сродкаў на перавыданне культавага рамана Курта Вонегута "Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак" у кніжнай серыі "Амерыканка". Сярод лотаў і ранейшыя папяровыя і электронныя выданні "Амерыканкі": Чак Паланюк "Байцоўскі клуб", Чарлз Букоўскі "Чытво", Маргарэт Этвуд "Пеналапіяда", Кен Кізі "Палёт над няздом зязюлі" - і іншыя паларункі.

Незалежная кніжная серыя "Амерыканка" аб'яднала творы культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Перакладчыкі бясплатна пераклалі ўлюбёныя творы, бо хочуць папулярызаваць важныя для сябе ідэі на сваёй мове.

У 2017 і 2018 годзе, падчас кампаній "Лета з "Амерыканкай" і "Каляды з "Амерыканкай" (з "восеньскім абвастрэннем" паміж імі) мы агулам сабралі 11 500 рублёў на выданне першых чатырох кніг серыі. Але разам з грашыма мы займелі нешта каштоўнейшае – цікаўных чытачоў амерыканскай літаратуры, партнёраў, якія падтрымліваюць справай, а таксама рэзідэнтаў кніжнай серыі "Амерыканка" – перакладчыкаў, рэдактараў, дызайнераў, якім цікава ствараць амерыканскія кнігі па-беларуску. Мы называем гэта Клубам сяброў "Амерыканкі" і шчыра запрашаем далучацца.

Перакладчыкі ажыццявілі складаныя пераклады без ганарару. Мецэнаты дафінансавалі друк кожнага выдання. Гэта дазволіла прадаваць кнігі ўтрая ніжэй за сабекошт. Грошы з продажаў ідуць на патрэбы серыі. Напрыклад, рэалізацыя накладу раману Кена Кізі дазволіла сплаціць аўтарскія правы за раманы Чарлза Букоўскі і Маргарэт Этвуд.

Але далей так не будзе.

У верасні выданні "Амерыканкі" ў кнігарнях падаражэюць. Але ёсць і добрая навіна. Гэтая кампанія – самы просты спосаб займець нашы кнігі па "давераснёўскіх" коштах. Мэта "амерыканскіх дажынак" – сплаціць аўтарскія правы на перавыданне беларускамоўнай "Бойні №5" Курта Вонэгута, бо наблізіўся скрайні тэрмін.

Кніга выйдзе друкам у лістападзе.

© Kurt Vonnegut, 1969 © Paval Kaściukievič, 2019 Copyright agreement beween Random House, a division of Penguin Random House LLC (New York) and Logvino literatūros namai

Рэдактура – Валянцін Акудовіч, Марыя Мартысевіч

Карэктура – Марына Салавей

Вокладка і макет – Валерыя Шкляр

Друк – выдавецтва “Логвінаў”

Фармат выдання 115 х 140 (малы фармат, які чытачы празвалі "цаглінкай")

Мяккая вокладка

Тарашкевіца

Пра кнігу

Можна сказаць, што гэта аповед пра разбурэнне Дрэздэна, але тады застаецца пытанне, што рабіць з зялёнымі чалавечкамі і іх роднай планетай Тральфамадор. Можна сказаць, што гэта суцэльная фантастыка, але так ужо атрымалася, што Дрэздэн у Другую сусветную напраўду разбурылі і Білі Пілігрым быў адным з нешматлікіх амерыканскіх ваеннапалонных, якія перажылі бамбардаванне 13-15 лютага 1945 году. Адна з самых важных кніг у сусветнай літаратуры ХХ стагоддзя.

Пра аўтара

Чытаць пра Курта Вонэгута ў онлайн-часопісе "ПрайдзіСвет".

"Па вайне вучыўся ў Чыкагскім унівэрсытэце — быў студэнтам на антрапалягічным факультэце. Там вучылі, што абсалютна ніякай розьніцы паміж людзьмі няма. Не выключаю, яны вучаць гэтаму й цяпер. Яшчэ там вучылі, што ніхто ня ёсьць ані добрым, ані кепскім, ані брыдкім. Перад сьмерцю мой бацька сказаў мне: «Ведаеш, у тваіх кнігах ніколі не было адмоўных герояў». Я адказаў яму, што гэтаму я навучыўся ва ўнівэрсытэце"...

Чытаць пачатак раману на сайце выдавецтва "Логвінаў".

Пра перакладчыка

Чытаць пра Паўла Касцюкевіча ў онлайн-часопісе "ПрайдзіСвет".

"Пажаданні поспехаў і адрас. Я атрымаў гэты аўтограф за некалькі месяцаў да смерці Вонэгута..."

Інтэрв'ю з Паўлам Касцюкевічам для Радыё Свабода.

Перадзамовіўшы асобнік "Бойні №5" праз кампанію "Амерыканка: Дажынкі" або ўнёсшы ахвяраванне ў абмен на адну ці некалькі кніг, якія выходзілі раней, вы дапаможаце рэзідэнтам серыі сабраць суму, дастатковую для выплаты 1000 рублёў за аўтарскія правы выдавецтву Penguin Random House (Нью-Ёрк). Грошы, сабраныя звыш гэтай сумы, будуць укладзеныя ў друк.

Больш інфармацыі на старонцы праекта ulej.by/project?id=1202574


← вярнуцца ў навіны