Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Створана петыцыя "Супраць русіфікацыі гімназіі г. Дзяржынска"

2019.10.22 0

На сайце petitions.by збіраюць подпісы пад петыцыяй "Супраць русіфікацыі гімназіі г. Дзяржынска". Зварот плануецца даслаць у Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Савет міністраў праз 28 дзён. Пакуль сабраны 241 подпіс.

Тэкст петыцыі не з'яўляецца матэрыялам СМІ, ён выказвае суб'ектыўнае меркаванне аўтара зварота і прызначаны для падачы і разгляду ў рамках Закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб". Вось тэкст цалкам:

"Ад 1 верасня 2019 года ў адзіную "беларускамоўную" гімназію горада Дзяржынска (Мінская вобласць) набралі чатыры рускамоўныя класы пры адным беларускамоўным. Справаводства таксама перавялі пераважна на рускую мову. У аддзеле адукацыі райвыканкама праблем не бачаць.

У горадзе Дзяржынску дзве школы i таксама дзве гімназіі. Толькі адна з гэтых навучальных устаноў да нядаўняга часу лічылася беларускамоўнай – гімназія г. Дзяржынска. Побач з ёй знаходзіцца рускамоўная Гімназія №1. Таксама па-руску навучаюць дзяцей у СШ №2 і СШ №4 г. Дзяржынска. Такім чынам, недахопу прапановы адукацыі па-руску дзяржынцы яўна не адчуваюць. Тым часам дзяржава нам гарантуе (паводле заканадаўства) раўнапраўе 2-х дзяржаўных моў. Аднак з 2019/2020 навучальнага года толькі адзін клас першакласнікаў можа навучацца па-беларуску. Так, беларуская і руская мовы знаходзяцца аб'ектыўна ў несправядлівых умовах.

Пункт 1 артыкула 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі сведчыць: "Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права". На справе ж выходзіць, што менш за 10% першакласнікаў маюць магчымасць навучацца ў г. Дзяржынску па-беларуску.

ПРОСІМ:
1. Вярнуць беларускамоўнае навучанне ва ўсе пачатковыя класы гімназіі г. Дзяржынска

2. Вярнуць вядзенне справаводства адміністрацыяй, настаўнікамі і вучнямі (запаўненне навучальных планаў, дзённікаў і г.д.) на беларускай мове".


← вярнуцца ў навіны