Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Гісторыя беларускага джазу – упершыню ў радыёэфіры

2019.09.23 0

На хвалях Беларускага Радыё Рацыя (Беласток) пачаўся вялікі цыкаль перадачаў пра гісторыю беларускага джазу. Адмысловыя выпускі выходзяць у межах аўтарскае перадачы Віктара Сямашкі «Кракатук». Аўтар вырашыў разьбіць
аповед на часавыя адрэзкі, а пачаць перадгісторыяй.

«Прычым, перадгісторыяй наадварот. Мы штораз будзем адштурхоўвацца ад 1940-га году ў бок пачатку XX стагодзьдзя. У такіх часавых ваганьнях шматкроць абагнём зямную кулю, пагутарым з найстарэйшымі айчыннымі джазмэнамі альбо іх сваякамі, калегамі ці знаёмымі, а таксама з замежнымі дасьледчыкамі, пагартаем пажоўклую прэсу ды біяграфічныя кнігі, раскапаем архіўныя інтэрвію, разьбярэмся, дзе міт, а дзе факт, ды зьдзьмем пыл з грамафонных плытак. Увогуле, у нашым радыёсэрыяле намячаецца пад сотню пэрсанажаў. А, можа, і болей», - кажа Віктар Сямашка.

Першы выпуск прысьвечаны гукавой палітры Заходняй Беларусі ўвосень 1939-га. Дэманструюцца самыя першыя запісы Дзяржаўнае джаз-аркестры БССР, песьні да Верасьнёўскае кампаніі ад Джэка Алтаўзэна, выступ Беларускага
ансамблю песьні й танца ля драмтэатру ў Беластоку, фрагмэнты гукавых дарожак з даваенных беларускіх фільмаў, кінакронікі ды многае іншае. Расповед суправаджаецца ўспамінамі сьведкаў, камэнтарамі айчынных і замежных дасьледчыкаў і гісторыкаў. Наступны выпуск распавядзе пра эстрадных музыкаў-літвакоў у міжваенным Бэрліне.

Праграма «Кракатук» выходзіць на ”Беларускім Радыё Рацыя”: 98.1 FM – Беласток, Гародня, 99.2 FM – Берасьце, on– line трансьляцыя – www.racyja.com. Прэм’ера выпуску штосераду а 20:05 паводле менскага часу, паўтор штонядзелю а 23:00.

Падкасты праграмы разьмяшчаюцца на сэрвісах: mixcloud.com/vvsiamashka, vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk, racyja.com/peradachy/krakatuk.
За анонсамі можна сачыць у суполках: facebook.com/groups/765685913506674/, vk.com/krakatuk_vs.

Джаз піянэрлягеру НКВД, газэта 'Рабочий' №181 за 1936 г. Дзяржаўная джаз-аркестра БССР падчас здымкаў фільму 'Канцэрт-вальс', 1940 г. Дзяржаўная джаз-аркестра БССР, 1944 г.

← вярнуцца ў навіны