Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Часопіс “Бярозка” абвесціў конкурс "Дзёрзкія тэорыі беларускаці: мова, культура, гісторыя, міф"

2019.09.04 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

З нагоды Дня беларускага пісьменства рэдакцыя “Бярозкі” абвесціла літаратурны конкурc.

Дзень беларускага пісьменства — свята, калі мы вяртаемся да гутаркі пра мову, узгадваем яе гісторыю і размаўляем на ёй, нават калі не ўжываем у паўсядзённым жыцці. І калі мы, не размаўляючы штодня, выкарыстоўваем беларускую мову, то абмяжоўваемся зусім простай, неўнікальнай лексікай.

І з нагоды дня пісьменства мы прапануем вам таксама абмеркаваць мову, але ведаем, што вы прасунутая аўдыторыя, якая чытае па-беларуску.

Рэдакцыя часопіса "Бярозка" (ВВРУП "Дом прэсы") абвяшчае конкурс для юных літаратараў і журналістаў "Дзёрзкія тэорыі беларускаці: мова, культура, гісторыя, міф".

Мы хочам, каб вы знітавалі мову з беларускай культурай і гісторыяй: напісалі твор. Прыдумайце, як утварыліся тыя ці іншыя ўнікальныя словы ці выразы, патлумачце, чаму яны маглі ўзнікнуць менавіта ў Беларусі. Твор можа быць навуковы, мастацка-публіцыстычны ці мастацкі: для нас няма розніцы, які стыль вам бліжэйшы, — для нас галоўнае, каб вы паказалі, што можаце карыстацца фактамі, прапаноўваць смелыя гіпотэзы і іх абгрунтоўваць. У вашым распараджэнні мноства слоўнікаў, сотні гадоў беларускай гісторыі, тысячы гістарычных фактаў і асоб, на якіх можна спаслацца… ці прыдумаць свае.

Мы прапануем працаваць з наступнымі катэгорыямі лексікі:

·         безэквівалентная лексіка — словы, якія нельга перакласці адным словам на іншыя славянскія мовы;

·         словы, якія называюць пэўныя з’явы, што існавалі толькі ў Беларусі, праз што таксама становяцца безэквівалентнымі;

·         уласнабеларускія фразеалагізмы, абумоўленыя ўнікальнай лакальнай культурай;

·         дыялектызмы — словы, якія трансфармаваліся ў пэўных мясцовасцях пэўным чынам, непадуладным унармаванай мове.

Мэты правядзення конкурса:

·         папулярызацыя беларускай мовы і культуры;

·         пашырэнне актыўнага беларускамоўнага слоўнікавага запаса вучняў;

·         пераасэнсаванне сувязяў паміж беларускай мовай і культурай;

·         заахвочванне моладзі да літаратурнай творчасці;

·         развіццё нацыянальнай літаратуры;

·         падтрымка адоранай моладзі.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца вучні 6­­–11 класаў.

Пераможцы будуць выяўленыя ў трох узроставых катэгорыях: 6–7 класы; 8–9 класы; 10–11 класы.

Намінацыі:

·         мастацкія тэксты (казка, апавяданне, верш і г.д.);

·         мастацка-публіцыстычныя тэксты (эсэ, уяўнае інтэрв’ю з гістарычнай асобай, уяўная навуковая праца і г.д.);

·         навуковы тэкст (навуковая праца).

На конкурс прымаюцца празаічныя, паэтычныя, публіцыстычныя і навуковыя матэрыялы, якія не публікаваліся раней і не ўдзельнічалі ў іншых конкурсах.

У намінацыі "Мастацкія тэксты" прымаюцца празаічныя творы памерам да 9000 знакаў, паэтычныя — да 2000 знакаў.

У намінацыі "Мастацка-публіцыстычныя тэксты" — журналісцкія і публіцыстычныя матэрыялы да 7000 знакаў.

У намінацыі "Навуковая праца" — навуковыя працы, аформленыя для часопіснага фармата, памерам да 10000 знакаў.

 

Падчас працы над конкурснымі творамі пажадана выкарыстоўваць на выбар:

-          гістарычныя факты (гістарычныя даведнікі, музеі, выставы, манаграфіі, мемуары і г.д.);

-          слоўнікі (этымалагічны, тлумачальны, слоўнік безэквівалентнай лексікі, фразеалагічны і інш.);

-          міфалогію ("Беларуская міфалогія: энцыклапедычны даведнік");

-          вусную гісторыю (сведчанні старэйшых сваякоў — для прац па дыялектах).

Этапы конкурса і іх тэрміны:

Тэрміны правядзення конкурса: Дзень беларускага пісьменства-2019 (01.09.2019) — Дзень беларускага пісьменства-2020 (06.09.2020).

Прыём работ па трох намінацыях у трох узроставых катэгорыях пройдзе ў тры этапы, пасля кожнага з якіх будзе абвяшчацца пераможца этапу.

·         Першы этап — прыём работ удзельнікаў (з 1 верасня да 30 лістапада 2019 года);

·         Другі этап — прыём работ удзельнікаў (з 1 снежня да 28 лютага 2020 года);

·         Трэці этап — прыём работ удзельнікаў (з 1 красавіка да 31 траўня 2020 года).

·         Чацвёрты этап — выбар пераможцаў сярод фіналістаў кожнага этапу (з 1 чэрвеня да 1 жніўня 2020 года).

Работы аднаго аўтара прымаюцца неабмежаваную колькасць разоў. Адзін аўтар выбіраецца пераможцам адной намінацыі толькі аднойчы. Творы аўтара-пераможцы аднаго з этапаў, дасланыя пазней у той жа намінацыі, не прымаюцца да разгляду. Творы аўтара-пераможцы, дасланыя ў іншых намінацыях, прымаюцца да разгляду.

Абвяшчэнне пераможцаў адбудзецца 6 верасня 2020 года. Пра месца, час і форму абвяшчэння будзе паведамлена пазней у суполцы "Часопіс “Бярозка” у сацыяльнай сетцы VK. Пераможцы кожнага з этапаў будуць узнагароджаныя дыпломамі і падарункамі ад партнёраў.

Афармленне:

Працы на конкурс прадастаўляюцца на беларускай мове ў электронным фармаце: рэдактар Word, шрыфт Times New Roman, 14 пт.

На першай старонцы ўдзельнік павінен пазначыць:

·         імя і прозвішча;

·         псеўданім, калі такі ёсць;

·         клас і школу;

·         нумар тэлефона, электронны адрас і/ці спасылку на акаунт у любой сацыяльнай сетцы;

·         намінацыю;

·         назву працы, якая дасылаецца на конкурс.

Назва файла мусіць уключаць слова "конкурс" і прозвішча аўтара.

Падчас ацэнкі конкурсных твораў улічваюцца:

·         літаратурны змест;

·         аперыраванне фактамі і праца з крыніцамі;

·         стылістычнае і моўнае майстэрства;

·         пісьменнасць;

·         адпаведнасць тэме.

Творы чакаюцца на адрас chas.bjarozka@gmail.com з пазнакай "Конкурс" у тэме ліста.

Лепшыя творы будуць надрукаваныя ў часопісе "Бярозка" цягам 2020 года.

Паводле арганізатараў


← вярнуцца ў навіны