Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

У Мінску ўпершыню пройдзе выстава, прысвечаная Івану Луцкевічу

2019.08.13 0

  Выява з сайта novychas.by.

У наступны аўторак, 20 жніўня, а 17:00 у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца адкрыццё выставы "У народ і край свой толькі веру". Праект падрыхтаваны да 100-годдзя з дня смерці знанага грамадскага дзеяча, палітыка, археолага Івана Луцкевіча.

Упершыню ў Беларусі ў межах асобнай выставы будзе адлюстраваны шлях Івана Луцкевіча, які з’яўляецца прыкладам самаахвярнага служэння сваёй Радзіме. Зборы знакамітых слуцкіх паясоў, рыцарскія даспехі і іншыя рарытэты Івана Луцкевіча дазволілі заснаваць знакаміты “Беларускі музэй”, фонды якога пасля расфарміравання ў пасляваенны час склалі аснову многіх музейных калекцый Беларусі і Літвы. У гэтым музеі ацалелі рукапісныя зборнікі Янкі Купалы “Паўлінка”, “Сон на кургане”, “Шляхам жыцця”, яны таксама будуць прадстаўлены на экспазіцыі.

Старэйшыя браты Луцкевічы адыгралі важную старонку ў жыцці Янкі Купалы. Менавіта Іван і Антон Луцкевічы запрасілі паэта на працу ў рэдакцыю газеты “Наша Ніва”, тым самым далучылі яго да беларускага руха. Малодшы брат Стэфан уратаваў ягонае жыццё, аказаўшы першую медыцынскую дапамогу, калі Пясняр учыніў спробу самагубства ў лістападзе 1930 года падчас сталінскіх рэпрэсій.

На працягу доўгіх гадоў Янка Купала падтрымліваў прыязныя кантакты з братамі Луцкевічамі, пра што сведчаць ліставанне, падпісаныя фотаздымкі, якія будуць прадстаўлены на выставе. Самі ж Луцкевічы першымі вызначылі паэта як прарока Беларускага Адраджэння.

У межах выставы будуць прадстаўлены матэрыялы са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Грамадскай арганізацыі “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” (Вільнюс, Літва). Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы Пасольству Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Таксама на выставе ўпершыню будуць дэманстравацца рэчы Івана Луцкевіча з прыватнага архіву сям’і.

20 жніўня ў межах адкрыцця выставы адбудзецца асвячэнне памятнага каменя на колішняй сядзібе Луцкевічаў у парку Янкі Купалы. Вечар памяці Івана Луцкевіча завершыцца Святой Імшой у касцёле святога Роха на Залатой горцы а 18.30.

kupala-museum.by


https://nn.by/?c=ar&i=235092


← вярнуцца ў навіны