Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

rebenok.by: Як беларуская мова паступова знікае са школ. Лічбы

2019.08.08 0

 Выява мае ілюстратыўны характар.

На сайце rebenok.by з'явіўся матэрыял Зміцера Івановіча пра дынаміку знікнення беларускай мовы са школ. Пераклад матэрыяла на беларускую мову tbm-mova.by.

Не сакрэт, што большасць школ у нашай краіне прапануюць навучанне толькі на рускай мове, хоць дзяржаўныя мовы ў нас дзве.

Эксперты вывучылі стан беларускай мовы ў школах і прааналізавалі, калі ў школах пачалася адмова ад “роднай мовы”.
 
Зміцер Івановіч, эксперт у вобласці статыстыкі, заўважае, што ў краіне доля тых, хто навучаецца на беларускай мове, штогод зніжаецца, не вядзецца палітыка ў бок павелічэння беларускіх класаў. — Я часта сутыкаўся з тэмай нібы “мяккай беларусізацыі” (паступовае, максімальна добраахвотнае пашырэнне практыкі выкарыстання беларускай мовы).

І мне захацелася "падбіць лічбы". Камусьці  яны здадуцца непраўдападобнымі, камусьці — сумнымі. Але гэта лічбы афіцыйныя і іншых няма.

Зыходзячы з вылучаных дадзеных, становіцца зразумела, што ў краіне ніякай “мяккай беларусізацыі” няма і не было, за выключэннем асобных лакацый, якія на дадзеныя моцна не ўплываюць. Доля тых, хто навучаецца на беларускай мове, складае менш за 10% ад агульнай колькасці першаклашак.

З кожным годам першакласнікаў становіцца ўсё больш, але колькасць дзяцей (а дакладней іх бацькоў), якія выбіраюць беларускую мову для навучання, не павялічваецца.

 — Я вырашыў даследаваць сітуацыю больш дэталёва па мясцовасці ў параўнанні з мінулым годам. Табліца вялікая, таму колькасна:
 


Як можна заўважыць, у параўнанні з мінулым годам агульная колькасць першаклашак вырасла на 5063 чалавекі. Але пры гэтым ні ў горадзе, ні ў вёсцы росту колькасці тых, хто навучаецца на беларускай мове, няма.

Так, ёсць асобныя поспехі ў Менску, але на гэтым, мабыць, усё. Лічыць ростам павелічэнне колькасці тых, хто навучаецца на беларускай мове, у гарадской мясцовасці ў межах 25-і чалавек на вобласць — гэта ўсё ж слабавата. Ну а тое, што адбываецца ў сельскай мясцовасці, можна нават не каментаваць, больш красамоўна выглядае выява. Яшчэ 1 год, і долі моў у сельскай мясцовасці зраўняюцца. І калі ўжо казаць пра абуральныя выпадкі, то я б звярнуў увагу на тое, што адбылося за год з вывучэннем беларускай мовы ў гарадах Віцебскай вобласці. Там застаўся па сутнасці 1 недаўкамплектаваны клас на 11 чалавек. На ўсю вобласць…
 

Калісьці было інакш

 — Вывучаючы табліцы мінулых гадоў, я натрапіў на вельмі цікавы перыяд. Датаваны ён прыблізна 1990-1993 гадамі. Тым часам бачны ўздым колькасці дзяцей, якія сталі навучацца на беларускай мове. Вылічыў я гэта праз дынаміку тых, хто навучаецца на розных мовах у 8-9 класах. Выява выглядае так.



У сельскай мясцовасці ў той час беларуская мова пераважала, і адзначаны яе адносна хуткі рост, але ў гарадах рост быў яшчэ большым. З долі ў 1,4% за 4 гады ўдзельная вага беларускай мовы вырасла адразу да 20%. Пры гэтым беларусізацыя адбывалася вельмі нераўнамерна.

Звярніце ўвагу на паказчыкі ў гарадской мясцовасці Магілёўскай і Віцебскай вобласці. Гэтыя рэгіёны проста дысанансам выглядаюць на фоне Гарадзенскай вобласці.  Калі ў наступны раз будзе зададзена пытанне пра пачатак выцяснення мовы з беларускай школы, проста паказвайце вось гэтую выяву.



Мы бачым, што ў 1994 годзе было набрана па Менску 58% першакласнікаў для навучання на беларускай мове, а ўжо літаральна праз год у 1995 годзе —  ужо ўсяго 19,5%. Такія ж паказчыкі назіраем па ўсіх абласцях Беларусі.


← вярнуцца ў навіны