Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Помнік Алесю Адамовічу нарэшце замаўляюць, а помнік Льву Сапегу паўстане ў цэнтры Слоніма ўжо ў канцы лета

2019.07.23 0

У канцы мінулага тыдня сродкі на помнік Алесю Адамовічу нарэшце сабралі. У 2018 г. былі сабраныя грошы на бюст з улікам коштаў таго года (каля шасці тысяч даляраў), за год кошты выраслі — і 900 рублёў, якіх стала не хапаць, сабралі на платформе molamola.by за 10 гадзін! Бюст аўтарства Гэніка Лойкі і Яўгена Білея паставяць на малой радзіме Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша (Бабруйскі раён). Дазвол на ўсталяванне ад улады атрыманы быў. Плануецца адкрыць помнік падчас фэста "Глушанскі хутарок", але дата правядзення яшчэ не вызначаная.

Часова бюст паставяць ля пасялковага Дома культуры. Калі ж у будынку старой аптэкі адкрыецца музей Адамовіча, то бюст перанясуць да яго. На стварэнне музея таксама збіраюць грошы. У 2016 г. гаварылася, што на рамонт будынка, які два дзясяткі гадоў пуставаў і цяпер у аварыйным стане, патрабуецца каля мільярда рублёў (53 тысячы даляраў). 5 тысяч даляраў, якія ахвяравала нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, складаюць больш як 90 адсоткаў ад усёй пакуль сабранай на дабрачынны рахунак сумы.

Крыніцы: svaboda.org і molamola.by

У той час, як паведамляе racyja.com, у цэнтры Слоніма ў скверыку на плошчы Леніна пачаліся земляныя работы па падрыхтоўцы падмурку пад помнік былому слонімскаму старосту, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. Цягам месяца ўсе работы будуць выкананыя і ў канцы жніўня помнік аўтараства менскіх скульптараў В.Пініна, І. Міско і С. Логвіна паўстане ў цэнтры Слоніма. Вышыня помніка разам з пастаментам будзе 4 метры. Урачыстае адкрыццё яго адбудзецца 1 верасня падчас рэспубліканскага свята Дня беларускага пісьменства і друку.


← вярнуцца ў навіны