Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Упершыню ў Беларусі выступіць фолк-рытуал-гурт “Кулгрында” з Літвы (абноўлена)

2019.09.10 0

Увосень, 20 верасня 2019 г., у Менску адбудзецца канцэрт рытуал-фолк музыкі, у якім упершыню возьме ўдзел літоўскі музычны гурт “Кулгрында” (Kūlgrinda).

Гэты гурт заўважна вылучаецца як з шэрагу шматлікіх у Літве аўтэнтычных фальклорных музычных калектываў, так і з шэрагу шматлікіх музычных фармацый, што стылёва і ашчадна ўносяць літоўскі фальклор у сучасную музычную культуру.

“Кулгрында” выконвае, у тым ліку, аўтэнтычныя літоўскія (і старапрускія) народныя песні, але суправаджае іх прыйшоўшымі са старажытнасці музычнымі інструментамі: дуда, канклес-гуслі, барабаны старажытнага тыпу, колавая ліра. Іншы складнік музычнага “твару” гурта – гэта гімны, звернутыя да старых літоўскіх і балцкіх багоў і багіняў, рэканструяваныя на грунце звестак з фальклору і захаванай у ім старажытнай міфалогіі.

На радзіме “Кулгрында” – гэта музычны гурт, які асабліва цэніцца. Яны бяруць удзел у мерапрыемствах дзяржаўнага і нават міжнароднага маштабу. “Кулгрында” брала ўдзел пры інаўгурацыі прэзідэнта Літвы, абавязкова ўдзельнічае ў адкрыцці рэгулярнага агульнанацыянальнага Свята песень і танцаў.

Узначальвае “Кулгрынду” Інія Трынкунене – лідарка Літоўскай супольнасці балцкай веры “Рамува”. У Літве “Рамува” лічыцца носьбітамі нацыянальнай спадчыны, яе асабліва падтрымліваюць, напрыклад, у парламенцкай урадавай кааліцыі, што кіруе ў краіне цяпер.

З беларускага боку пару “Кулгрындзе” складзе музычны гурт “Дайнава” (Dainava). Гэты гурт таксама можна вылучыць сярод іншых беларускіх фолк- і постфолк-фармацый. “Дайнава” выбарлівыя наконт мерапрыемстваў, у якіх выступаюць, бо нясуць дастаткова чысты стыль і эмоцыю старажытнай спадчыны гэтай зямлі. Іх музычнае “аблічча” – аўтэнтычныя каляндарныя песні, выбраныя з усяго шматслойнага масіва народнага фальклору, і дудовая музыка. У складзе “Дайнавы” – кіраўнік Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Ганна Сілівончык, мультыінструменталістка і экс-удзельніца “Старога Ольсы" Кася Радзівілава, майстар народных музычных інструментаў Сяргей Чубрык, знаўца і практык народных традыцый Святлана Клепікава.

20 верасня

Сумесны канцэрт “Kūlgrinda” (Літва) і “Dainava” (Беларусь).

Маладзёжны тэатр эстрады (Маскоўская, 18А)

Кошт квіткоў: 20-35 руб.

Інфалінія: 44 5517706, 29 8517706

budzma.by


← вярнуцца ў навіны