Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

На petitions.by збіраюць подпісы за права атрымаць ад супрацоўнікаў дзяржаўных органаў вусны адказ на мове звароту (абноўлена)

2019.07.19 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар. Крыніца belsat.eu.

На сайце petitions.by пачалі збіраць подпісы за права атрымліваць ад супрацоўнікаў дзяржаўных органаў вусны адказ на мове звароту. Сабрана ўжо амаль 800 подпісаў, да адсылання петыцыі ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь і Палату прадстаўнікоў Нацыянальгага сходу Рэспублікі Беларусь застаецца 4 дні.

Тэкст звароту наступны:

"Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы (арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, далей - Канстытуцыя).

Са свайго боку, дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны (арт.15 Канстытуцыі). У прыватнасці Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця (арт. 2 Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ад 26 студзеня 1990 г.).

У межах рэалізацыі моўных правоў грамадзян прыняты амаль 10 год таму (18.07.2011) Закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" замацоўваў права заяўнікаў атрымліваць пісьмовыя адказы (паведамленні) на пісьмовыя і электронныя звароты на мове звароту. Але названы закон меў палавінчаты характар: грамадзяніну было гарантавана даць адказ на мове звароту (дзяржаўнай) толькі ў пісьмовай ці электроннай форме, што не абараняла правы беларускамоўных грамадзян краіны.

У гэтым звароце мы засяродзімся на адносінах, якія ўзнікаюць пры зваротах грамадзян да дзяржаўных служачых у вуснай форме.

Як вынікае з Закона "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь" (арт. 24), права на паступленне на дзяржаўную службу маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь. Заўважым: не "адной з дзяржаўных моваў", а "дзяржаўнымі мовамі" - то бок і беларускай, і рускай у неабходным аб'ёме.

Такім чынам, з аднаго боку, пераходны перыяд прамежкам у амаль 10 год з часу прыняцця Закона "Аб зваротах..." дазволіў дзяржаўным служачым прызвычаіцца да зваротаў грамадзян на беларускай мове, з другога - дазволіў мець практыку ў зносінах па-беларуску ў час падрыхтоўкі пісьмовых адказаў.

Наступным лагічным крокам ёсць дапрацоўка заканадаўства (Закона "Аб дзяржаўнай службе..." і/або Закона "Аб зваротах...") у частцы права грамадзян атрымліваць адказы (паведамленні) на мове звароту ў ДЗЯРЖАЎНЫЯ ОРГАНЫ, незалежна ад формы падачы зварота - вуснай ці пісьмовай.

Зыходзячы з напісанага вышэй, прапануем і патрабуем:

дапрацаваць заканадаўства, якое рэгулюе адносіны падчас зваротаў грамадзян у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь такім чынам, каб незалежна ад формы звароту (вуснай, пісьмовай ці электроннай) было гарантавана права на атрыманне адказу (паведамлення) на той дзяржаўнай мове, на якой быў зварот".

Падпісаць можна на старонцы петыцыі.


← вярнуцца ў навіны