Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выйшаў зборнічак “Калыханкі”

2018.12.21 0

Наш край багаты на рэкі і азёры, а яшчэ на песні – проста спеўны край! Песні суправаджаюць чалавека ад нараджэння. І вось для самых маленькіх мы падрыхтавалі  зборнічак калыханак з дыскам. У яго ўвайшлі як ужо добра вядомыя шэдэўры нашых славутых паэтаў – Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна і Артура Вольскага, так і новыя творы. Некаторыя з іх прагучаць як вершы пад класічную музыку.

Разам з тым мы прапануем паслухаць пераклады англійскіх дзіцячых песень у выкананні аўтара-укладальніка кнігі і гурта Laudans.

Кожную ноч на небе запальваюцца мільёны зорак. Вось і на прыгожых малюнках Ганны Сілівончык яны весела зіхацяць і радуюць сваім святлом наша вока і сэрца. А песні пра зорачкі вельмі пранікнёныя і кранальныя. Ну а самай галоўнай зорцы Раства паэт Алесь Клышка прысвяціў сапраўдны гімн.

Не забылі мы і пра самыя вядомыя з даўніх часоў калыханкі – народныя, якія спявалі нашы бабулі. А як жа без іх? Гэта найлепшы сродак залюляць, закалыхаць дзіця, каб яно хутчэй заснула. Мамін голас – лепшы інструмент. Так што бярыце наш дапаможнічак у рукі, чытайце, глядзіце, слухайце і спявайце. І добрых вам сноў!

У зборнічак увайшло 30 калыханак. Хочацца падзякаваць усім аўтарам, якія ахвотна падзяліліся сваімі творамі, а таксама музыкам і спевакам, якія падтрымалі наш праект.

Асобная падзяка нашым галоўным спонсарам – Orsa-Romano Cultural and Aducational Foundation, якія падтрымалі наша выданне. А таксама Віталю Абакановічу, які дапамог ажыццявіць ідэю, і прыватнаму прадпрыемству “Абкатэх”.

Азнаёміцца з зборнічкам з дыскам можна ў офісе ТБМ.

Святлана Тоўсцік

 


← вярнуцца ў навіны