Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Смелая назва для смелых аўтараў. Паэтычная вечарына “І жук, і жаба: вершы на крэслах” на выставе крэслаў “Пастулат”

2018.12.06 1

Сёння, 6 снежня, у 20:00 на біенале "Пастулат" (ГЗЦ Galleria Minsk, 3-і паверх (пр. Пераможцаў, 9)), дзе прадстаўлена больш за сотню разнастайных крэслаў беларускіх дызайнераў, адбудзецца паэтычная вечарына “І жук, і жаба: вершы на крэслах”! Уваход на мерапрыемства вольны! У межах вечарыны адбудзецца паэтычны перфоманс “Поўны дэкаданс” творчага аб’яднання “Няхай”, а таксама ў наведвальнікаў будзе магчымасць паглядзець саму выставу крэслаў, якая закрываецца ўжо 9 снежня. Таму арганізатары запрашаюць забіць двух зайцоў, наведаўшы “І жука, і жабу…”.

Як апісвае імпрэзу яе спантанны арганізатар, сябра Беларускага саюза дызайнераў, паэт, музыка і мастак Павел Дарохін, “назва адлюстроўвае стракатасць нашага метамадэрнісцкага часу, яе варта разглядаць як метафару, не больш за тое” і ўвогуле гэта будзе спантанная паэтычная вечарына з удзелам розных людзей. А менавіта паэтак і паэтаў Лэйлы ДжэйРыгора Пьекагора, Валерыя Пшанічнага, Уладзіслава Калеснікава, Ганны Дусь і Ягора Супастатава.

Спецыяльна для сайта ТБМ Павел Дарохін адказаў на некаторыя нашы пытанні:

ТБМ - Зараз у Менску ледзь не штотыдзень адбываюцца разнастайныя паэтычныя імпрэзы, чым будзе адметная гэтая?

П. Д. - Наконт штотыдзень я б паспрачаўся) Але разы два на месяц здараюцца. Раней, здаецца, было нават больш падобных пляцовак. Гэтая імпрэза адметная сваёй унікальнасцю, няма ані магчымасці, ані жадання праводзіць іншую такую ж ў тым жа фармаце. Серыйнасць не пройдзе) Хутка скончыцца выстава - і праводзіць такое мерапрыемства ў ГЗЦ Галерэя больш не атрымаецца. Месца правядзення бадай што пакуль унікальнае, я не чуў, каб паэтычныя вечары праводзіліся ў гандлёвых цэнтрах! Але гэта нашая даніна кансюмерызму. Калі храм мастацтваў апаганены гандлярамі мёдам, нам самім варта ісці да гандляроў і рабіць выставы, імпрэзы і іншыя непатрэбствы ў гандлёвых радах.

ТБМ - У такім месцы і такім фармаце паэтычны вечар ладзіцца ўпершыню. Калі ўсё атрымаецца лампава, ці ёсць спадзеў на нейкую рэгулярнасць?

П. Д. - Як ужо адзначалася вышэй, у нашых гандлёвых цэнтрах мо і праводзілася нешта падобнае, але я пра такое не чуў. У нас заўсёды ўсё ўпершыню, нават калі хтосьці ўжо рабіў гэта ў 90-я. Пакуль мы робім гэта ў межах выставы "Пастулат" Беларускага саюза дызайнераў, гэты фармат для іх таксама новы. Увогуле такія супрацоўніцтвы маюць плён, на маю думку, бо агульны аўтпут павялічваецца - шмат новых людзей наведаюць гэтую сапраўды цікавую выставу. І нехта з дызайнераў азнаёміцца з маладой беларускай паэзіяй, бо ў нас часцяком не ведаюць, што за суседняй сценкай адбываецца. Але ж выстава 9 снежня завяршаецца. Калі будзе лампава, трэба думаць, як і пры якіх абставінах праводзіць мерапрыемства далей, і ці варта. Бо з часам які-заўгодна клёвы фармат прыядяецца, некаторыя праекты каштоўныя менавіта сваёй непаўторнасцю і нетыражнасцю. Але пабачым.

ТБМ - Якой тэматычнай (ці канцэптуальнай?) накіраванасці чакаць тым, хто яшчэ ні разу не быў на падобных сустрэчах і не знаёмы з творчасцю абвешчаных удзельнікаў?

П. Д. - Канцэпцыя жука і жабы прадугледжвае не толькі моўную і гендэрную, але і тэматычную разнастайнасць, то я сам чакаю на сюрпрызы. Прыходзьце - і самі даведаецеся!

А для большага падагрэву інтарэса прапануем прачытаць некалькі вершаў некаторых удзельнікаў вечарыны.

Я не хачу быць жанчынай у грамадстве прыгонных фрыкаў.
Я не хачу быць маці, там, дзе мае дзеці не зведаюць роднага слова.
Я не хачу вычварэнства і помсты, змовы вузкага літаратурнага кола
няздатных габрэйскіх кацаў.
І тым больш, не хачу друкавацца ў "Мастацкае літаратуры".

Я не хачу яшчэ раз праехацца грудзьмі па падлозе аўтазака,
каб вызнаць годнасць да гэтай зямлі.
Я не хачу ведаць, як вашыя бацькі толькі і рабілі, што працавалі і пілі,
працавалі і пілі,
працавалі і пілі...

Я не хачу вырываць з сэрца вершы, прыносіць іх вам у далонях і маліць пашаны.
Я не хачу, каб нябесныя сілы забываліся на свае зямныя караблі.

Я не хачу каб раніцай здані ў метро крычалі мне "C'est la vie".
Я не хачу адчуваць сябе тут ахвярай забойстваў і ганьбы.
Я не хачу бачыць, як бруд сцякае са сценаў амфітэатраў.
Я не хачу глядзець, як апошні святы амывае рукі ў крыві.

На гэтым месцы мог бы стаяць Манмартр.
Прыгожы эдэмскі сад, дзе кожны як родны
І ўсе самі сабе князёўны ці каралі.
На гэтым месцы, дзе вы па сутнасці яшчэ не жылі.

Ганна Дусь

Ду і ды
Туды ды сюды
Карагод ног шукае прыгод
У малых формах вялікіх сцёгнаў
Таньчым да стогну

Пі і ва
Няма ўжо разліва
Жлукціць люд, лідскае п'юць
У вялікіх літрах малых асоб
Губляецца сэнс з лобу ў лоб

Рыгор Пьекагор

Матэрыял спецыяльна для сайта ТБМ падрыхтавала Юлія Бажок

Каментары

Госць 2018-12-06 19:47:56

Непрыемна было чытаць пра змову "вузкага літаратурнага кола няздатных габрэйскіх кацаў". Каб займацца канспіралогіяй і валіць няўдачы на "кацаў", у РБ смеласці не трэба. Карацей, не падагрэла спадарыня мой "інтарэс" :(


← вярнуцца ў навіны