Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Ліставанне Алены Анісім з Саветам Міністраў і з Міністэрствам юстыцыі адносна забеспячэння моўных правоў грамадзян Беларусі

2018.11.30 3

Прапануем азнаёміцца з ліставаннем Алены Анісім з Саветам Міністраў і з Міністэрствам юстыцыі адносна Пастаноў, на падставе якіх парушаюцца правы грамадзян на карыстанне беларускай мовы.

С. М. Румасу

Прэм’ер-міністру

Рэспублікі Беларусь

Аб забеспячэнні моўных правоў

грамадзян Беларусі

Паважаны Сяргей Мікалаевіч!

Да мяне як да члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь звяртаюцца грамадзяне са скаргамі на тое, што іх права на карыстанне дзяржаўнай беларускай мовай абмяжоўваецца на падставе юрыдычных дакументаў, прынятых некаторымі міністэрствамі, у тым ліку і Саветам Міністраў.

Так, сп. Раткевіч А.А. сутыкнуўся з праблемамі карыстання беларускай мовай у сістэме “Белпошта”, якія ўзніклі на падставе Пастановы № 72 ад 16.11.2017 г., прынятай Міністэрствам працы, праз што ён склаў адпаведны зварот (копія дадаецца).  

Грамадскаму аб’яднанню “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” ўпраўленнем юстыцыі Мінгарвыканкама адмоўлена ў атрыманні пасведчання юрыдычнай асобы “Універсітэт імя Ніла Гілевіча” на беларускай мове на падставе Пастановы Савета Міністраў ад 28 студзеня 2009 г. № 114.

Іншыя грамадзяне скардзяцца на тое, што адсутнічаюць штампы аб шлюбе, аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і іншыя на дзяржаўнай беларускай мове.

У сувязі з гэтым прашу звярнуць увагу на неадпаведнасць названых юрыдычных дакументаў у сістэме працы Савета Міністраў і падначаленых Вам міністэрстваў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што прыводзіць да парушэння правоў грамадзян.

Прапаную на ўзроўні Савета Міністраў прыняць належныя меры для прывядзення юрыдычных дакументаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзеля забеспячэння права грамадзян Беларусі бесперашкодна карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Дадатак: на 3-х ст.

З павагай,

Дэпутат ад Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 70                   А.Анісім

 

МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ

РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

 

МИНИСТЕРСТВО ЮСТИЦИИ

РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ

 вул. Калектарная, 10, 220004, г. Мінск

 Тэл./факс: 200-86-87, 200-97-55

 E-mail: kanc@minjust.by

   ул. Коллекторная, 10, 220004, г. Минск

   Тел./факс: 200-86-87, 200-97-55

   E-mail: kanc@minjust.by

 

 

 

 

Накіроўваецца па СМДА

 

Дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

 

Анісім А.М.

 

Аб разглядзе звароту

Паважаная Алена Мікалаеўна!

У мэтах выканання даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 2018 г. № 05/149-37/12693р Міністэрства юстыцыі сумесна з зацікаўленымі разглядзела Ваш зварот ад 30 кастрычніка 2018 г. № 45, які датычыцца выкарыстання ў заканадаўстве беларускай мовы, і паведамляе наступнае.

Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны роўны прававы статус абедзвюх дзяржаўных моў – беларускай і рускай.

Згодна з артыкулам 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

З улікам роўнасці прававога статуса моў, у заканадаўстве не ўтрымліваецца норм аб абавязковасці прыняцця нарматыўных прававых актаў на адной ці другой з дзвюх дзяржаўных моў. Абавязкаў прымаць усе нарматыўныя прававыя акты на абедзвюх дзяржаўных мовах у заканадаўстве таксама не існуе.

Згодна з часткай другой артыкула 54 Закона ад 10 студзеня 2000 года “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) упаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і (або) рускай мовах.

У дачыненні да пытання аб атрыманні пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы “Універсітэт імя Ніла Гілевіча” на беларускай мове паведамляем наступнае.

Формы заяў аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асоб i індывiдуальных прадпрымальнiкаў, устаноўленыя пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2009 г. № 8
“Аб некаторых мерах па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 г. № 1”, і формы пасведчанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы i iндывiдуальнага прадпрымальнiка, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2009 г. № 114, прыняты на рускай мове.

Аднак, ў адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 5 Закона i ў сувязі з тым, што заява аб дзяржаўнай рэгістрацыi прыватнай установы адукацыі “Універсітэт імя Ніла Гілевіча” была запоўнена і прадстаўлена ў рэгіструючы орган на беларускай мове, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі названай установы можа таксама быць выдадзена на беларускай мове.

Пазіцыя Міністэрства юстыцыі па гэтым пытанні даведзена да ведама галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага гарвыканкама.

Для атрымання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі прыватнай установы адукацыі “Універсітэт імя Ніла Гілевіча” на беларускай мове ўзамен раней выдадзенага кіраўніку ўстановы неабходна звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне юстыцыi Мінскага гарвыканкама (г. Мінск,
пл. Свабоды, 8/10).

Таксама інфармуем, што са снежня 2015 года запушчана беларуская версія вэб-партала Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, з дапамогай якога зацікаўленым асобам прадастаўлена магчымасць скарыстацца рознымі электроннымі паслугамі ў сферы дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання.

Па пытанні аб наяўнасці штампаў аб шлюбе на беларускай мове паведамляем, што згодна з артыкулам 10 Закона Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” запісы актаў грамадзянскага стану i пасведчаннi аб рэгiстрацыi актаў грамадзянскага стану выконваюцца на беларускай i рускай мовах.

Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
ад 29 кастрычніка 2008 г. № 60 “Аб парадку ўнясення і анулявання органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, адзнак у дакументы, якія сведчаць асобу” зацверджанна Інструкцыя аб парадку ўнясення і анулявання органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, адзнак у дакументы, якія сведчаць асобу.

Згодна з пунктам 5 дадзенай Інструкцыі адзнакі ў дакументы, якія сведчаць асобу, уносяцца ў выглядзе адпаведных штампаў згодна дадаткам 1–5 да яе, падпісваюцца службовай асобай органа загса, якая ўнесла адзнаку, і змацоўваюцца пячаткай органа загса з адлюстраваннем Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Тэкст у штампе запаўняецца фіялетавым або чорным чарнілам (пастай) на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.

Такiм чынам, тэкст у штампе аб рэгiстрацыi заключэння шлюбу па жаданні зацікаўленных асоб можа запаўняцца на беларускай мове.

У дачыненні да пытання аб выкарыстанні беларускай мовы ў рабоце
РУП “Белпошта” Міністэрства сувязі і інфарматызацыі паведаміла, што для недапушчэння ў далейшай працы сітуацый, выкладзеных у звароце грамадзяніна Раткевіча А.А., РУП “Белпошта” праведзена тлумачальная работа з працаўнікамі аб’ектаў паштовай сувязі.

Пратаколам рабочай нарады Міністэрства сувязі і інфарматызацыі
ад 25 чэрвеня 2018 г. № 10 РУП “Белпошта” і РУП “Белтэлекам” даручана прапрацаваць магчымасць ажыццяўлення службамі тэхнічнай падтрымкі, даведачна-інфармацыйнымі службамі адказаў на беларускай мове на беларускамоўныя звароты грамадзян.

Напрыклад, у рамках выканання пратакола РУП “Белпошта” распрацаваны і 19 ліпеня 2018 г. зацверджаны План работы па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ва ўзаемадзеянні з карыстальнікамі паслуг паштовай сувязі. Планам прадугледжаны мерапрыемствы, скіраваныя на граматнае вядзенне дыялогу працаўнікамі аб’ектаў паштовай сувязі і даведачна-інфармацыйнай службы РУП “Белпошта” з карыстальнікамі паслуг, якія звярнуліся за атрыманнем паслуг і інфармацыі на беларускай мове, а таксама мерапрыемствы па забеспячэнні належнай якасці аказання паслуг беларускамоўным карыстальнікам.

Акрамя таго, Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі выдадзены загад аб неабходнасці распрацоўкі РУП “Белпошта” і РУП “Белтэлекам” патрабаванняў для даведачна-інфармацыйных службаў, сэрвісных цэнтраў, аддзяленняў паштовай сувязі пры абслугоўванні беларускамоўных  карыстальнікаў паслуг сувязі і заключэнні дагавораў па аказанні паслуг сувязі на беларускай мове. У адпаведнасці з загадам іншым аператарам паштовай сувязі і электрасувязі рэкамендавана распрацоўка вышэйзгаданых патрабаванняў.

Па пытанні пра замацаванне патрабавання аб неабходнасці валодання беларускай мовай для начальнікаў аддзяленняў паштовай сувязі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведаміла, што ў адпаведнасці з артыкулам 61 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь аднясенне работ, якія выконваюцца, да канкрэтных тарыфных разрадаў (пасад) і прысваенне работнікам адпаведнай кваліфікацыі ажыццяўляюцца ў парадку, вызначаным калектыўным дагаворам, пагадненнем або наймальнікам у адпаведнасці з Адзіным тарыфна-кваліфікацыйным даведнікам работ і прафесій рабочых (далей – АТКД), Адзіным кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых (далей – АКДП), іншымі кваліфікацыйнымі даведнікамі, зацверджанымі ва ўстаноўленым парадку.

У адпаведнасці з агульнымі палажэннямі АКДП, зацверджанымі пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2012 г. № 1 (далей – Агульныя палажэнні АКДП), кваліфікацыйная характарыстыка кожнай пасады мае тры раздзелы: “Службовыя абавязкі”, “Павінен ведаць”, “Кваліфікацыйныя патрабаванні”.

У раздзеле “Службовыя абавязкі” вызначаюцца асноўныя, найбольш характэрныя для канкрэтнай пасады працоўныя функцыі, якія могуць быць даручаны поўнасцю або часткова служачаму, які займае дадзеную пасаду.

У раздзеле “Павінен ведаць” змяшчаюцца асноўныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да служачага ў дачыненні да спецыяльных ведаў, а таксама ведаў нарматыўных прававых актаў, палажэнняў, інструкцый і іншых дакументаў, метадаў і сродкаў, якія служачы павінен прымяняць пры выкананні службовых абавязкаў.

У раздзеле “Кваліфікацыйныя патрабаванні” прадугледжваецца ўзровень адукацыі, пры неабходнасці – профіль (напрамак) адукацыі, спецыяльнасць, рэкамендуемыя патрабаванні да стажу працы, неабходныя для выканання ўскладзеных на яго службовых абавязкаў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам. У асобных выпадках паказваецца патрабаванне наяўнасці асваення зместу адукацыйнай праграмы перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую (сярэднюю спецыяльную) адукацыю для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці.

У прыватнасці, раздзел “Павінен ведаць” кваліфікацыйнай характарыстыкі пасады “Начальнік аддзялення сувязі” (выпуск 16 АКДП “Пасады служачых, занятых прадастаўленнем паслуг у галіне тэлекамунікацый і паштовай дзейнасці”, зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад
16 лістапада 2017 г. № 72) прадугледжвае веданне нарматыўных прававых актаў у сферы арганізацыі паштовай сувязі і іншых дакументаў, якія рэгламентуюць адпаведны від эканамічнай дзейнасці.

Названыя патрабаванні з’яўляюцца спецыфічнымі, характэрнымі для службовых абавязкаў работніка, які займае дадзеную пасаду.

Згодна з часткай другой пункта 10 Агульных палажэнняў АКДП службовая інструкцыя служачага з’яўляецца лакальным нарматыўным прававым актам арганізацыі, які распрацоўваецца і зацвярджаецца наймальнікам самастойна.

З улікам вышэйсказанага наймальнік мае права ў службовай інструкцыі прадугледжваць дадатковыя патрабаванні да абавязкаў, ведаў і кваліфікацыі работніка з улікам спецыфікі працоўнай функцыі.

У прыватнасці, калі службовыя абавязкі служачага патрабуюць пастаяннага прымянення ў працы рускай і беларускай моў, наймальнік мае права ўстанавіць для работніка дадатковыя патрабаванні да ведаў беларускай мовы.

Адначасова паведамляем, што выпускі АТКД і АКДП размешчаны на прававых парталах і іншых крыніцах прававой інфармацыі ў электронным выглядзе. Паколькі тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты зацвярджаюцца органамі дзяржаўнага кіравання пераважна на рускай мове, то размяшчэнне выпускаў АТКД і АКДП на інфармацыйных парталах выконваецца на мове арыгіналу.

З павагай,

Міністр                                                                             А.Л.Сліжэўскі

Каментары

Госць 2018-12-03 07:57:08

Не абавязкова быць дэпутатам і старшынёй грамадскай арганізацыі, каб атрымаць такую пісульку ў адказ на зварот...

Госць 2018-12-09 15:39:58

Госцю! Пакінце свае каардэнаты ў наступны раз буду да Вас звяртацца! Дапаможаце? Ці языком толькі?

Госць 2018-12-09 15:59:59

ДЗЯКУЮ ВАМ,ШАНОЎНАЯ АЛЕНА МІКАЛАЕЎНА!КАЛІ ЎЛІЧВАЦЬ УСЕ АКАЛІЧНАСЦІ ТО ВАШЫ НАМАГАННІ НЕ БЫЛІ ДАРЭМНЫМІ. ГАЛОЎНАЕ ШТО ЗРУХ ДА ЛЕПШАГА ЁСЦЬ І ГЭТА ВЕЛЬМІ РАДУЕ. Я ЗАДАВОЛЕНЫ ШТО АГУЛЬНЫМІ НАМАГАННЯМІ ХОЦЬ І НЕ НА 100%,АЛЕ МЫ ДАСЯГНУЛІ СВАЁЙ МЭТЫ. НАС ПАЧУЛІ, ЗАЎВАГІ ПРЫНЯЛІ ДА ЎВАГІ І РАСПАЧАЛІ ВЫПРАЎЛЯЦЬ СВАЕ НЕДАПРАЦОЎКІ. КАБ НЕ ВЫ,ШАНОЎНАЯ АЛЕНА МІКАЛАЕЎНА ДУМАЕЦЦА НА ВЕРСЕ НЕ БЫЛО БЫ ВЫКАНАНА ЎСЁ Ў ТАКІМ АБ'ЁМЕ ЯК ГЭТА ЗРОБЛЕНА ЗАРАЗ. ЯШЧЭ РАЗ ДЗЯКУЙ ВАМ ВЯЛІКІ ЗА ПРАЦУ! З ПАВАГАЙ,А. РАТКЕВІЧ. Я задаволены ніжэй указаным адказам: --- -((( У дачыненні да пытання аб выкарыстанні беларускай мовы ў рабоце РУП “Белпошта” Міністэрства сувязі і інфарматызацыі паведаміла, што для недапушчэння ў далейшай працы сітуацый, выкладзеных у звароце грамадзяніна Раткевіча А.А., РУП “Белпошта” праведзена тлумачальная работа з працаўнікамі аб’ектаў паштовай сувязі. Пратаколам рабочай нарады Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ад 25 чэрвеня 2018 г. № 10 РУП “Белпошта” і РУП “Белтэлекам” даручана прапрацаваць магчымасць ажыццяўлення службамі тэхнічнай падтрымкі, даведачна-інфармацыйнымі службамі адказаў на беларускай мове на беларускамоўныя звароты грамадзян. Напрыклад, у рамках выканання пратакола РУП “Белпошта” распрацаваны і 19 ліпеня 2018 г. зацверджаны План работы па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ва ўзаемадзеянні з карыстальнікамі паслуг паштовай сувязі. Планам прадугледжаны мерапрыемствы, скіраваныя на граматнае вядзенне дыялогу працаўнікамі аб’ектаў паштовай сувязі і даведачна-інфармацыйнай службы РУП “Белпошта” з карыстальнікамі паслуг, якія звярнуліся за атрыманнем паслуг і інфармацыі на беларускай мове, а таксама мерапрыемствы па забеспячэнні належнай якасці аказання паслуг беларускамоўным карыстальнікам. Акрамя таго, Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі выдадзены загад аб неабходнасці распрацоўкі РУП “Белпошта” і РУП “Белтэлекам” патрабаванняў для даведачна-інфармацыйных службаў, сэрвісных цэнтраў, аддзяленняў паштовай сувязі пры абслугоўванні беларускамоўных карыстальнікаў паслуг сувязі і заключэнні дагавораў па аказанні паслуг сувязі на беларускай мове. У адпаведнасці з загадам іншым аператарам паштовай сувязі і электрасувязі рэкамендавана распрацоўка вышэйзгаданых патрабаванняў.))) -


← вярнуцца ў навіны