Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Старшыня ТБМ Алена Анісім адказала Багдану Сакалову

2018.08.21 1

Не паспела Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” абвесціць пра рэальныя крокі па ўвасабленні ідэі ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, як у СМІ пайшла негатыўная хваля з боку розных асоб. Што цікава, пачатак заклала дзяржаўная газета “СБ”. Працяг мы ўжо знаходзім у “Лідскай газеце”. І вось новая публікацыя: на сайце “Будзьма беларусамі! Можа, не варта было б звяртаць увагу на такое меркаванне калумніста, якое можа не супадаць з думкай кампаніі (а можа супадаць!), але ж назва сайта… 

Пытанне, якое ставіць Багдан Сакалоў, гучыць так ( не больш і не менш): Ці настолькі гэта патрэбна беларускаму грамадству? Перад гэтым аўтар сам сцвярджае, што большасць людзей у сацсетках выказаліся наконт стварэння ўніверсітэта станоўча. Калі зыходзіць з гэтага факта, то напрошваецца лагічная выснова: так, грамадству гэта патрэбна. Аднак, Багдан Сакалоў чамусьці ставіць пад сумнеў права грамадства на такую думку. Мала таго, ён лічыць, што ўніверсітэт з беларускай мовай не павінен функцыянаваць у Беларусі. Пакінем па-за ўвагай разважанні аўтара пра тое, што і як ён убачыў у канцэпцыі ўніверсітэта, яго гіпатэтычныя меркаванні наконт хібаў у будучай дзейнасці прыватнай установы адукацыі. Задамо адзінае пытанне, дзеля якога вядуцца ўсе гэтыя спрэчкі: Каму і па якой прычыне муляе ідэя ўвасаблення ўніверсітэта з беларускай мовай навучання менавіта ў Беларусі?

І відавочна наступнае. Найперш, гэтаму будуць шкодзіць тыя сілы ў дзяржструктурах, якія на дух не пераносяць беларускую мову, працуюць на ідэю “русского мира”, і бачаць у беларусах толькі парабкаў на сваёй уласнай зямлі. Зразумела, што ў такім жа духу мысляць і адпаведна дзейнічаюць прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый, якія фінансуюцца з Усходу менавіта з мэтай раскалоць беларускае грамадства, паставіць пад сумнеў дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі. А ў якой ступені салідарныя з імі ў сваіх думках і дзеяннях Багдан Сакалоў і яго аднадумцы, пытанне рытарычнае.

Можна толькі пашкадаваць, наколькі меркантыльныя інтарэсы асобных людзей (а гэта выразна праступае праз усю публікацыю, нягледзячы на пафасныя разважанні пра Балонскі працэс і дэмакратычнасць ЕГУ), стаяць вышэй за інтарэсы грамадства і краіны. Што ж, уся наша гісторыя гэтаму сведчанне. Мы ж сваю задачу бачым у тым, каб даць магчымасць і перспектыву якаснага сучаснага навучання на беларускай мове ў ВНУ менавіта ў Беларусі. Дзеля гэтага працуем, дзеля гэтага гуртуем аднадумцаў і паплечнікаў унутры краіны і за яе межамі сярод розных сфераў беларускага грамадства, у тым ліку і сярод чынавенства. Бо як паказвае досвед сучаснага развіцця розных краін свету (Польшча, Украіна, Ізраіль і шмат іншых) нацыянальная мова з’яўляецца адным з асноўных фактараў умацавання дзяржаўнасці любой краіны.

Старшыня ТБМ

Алена Анісім

Каментары

Госць 2018-08-21 20:18:08

Спадарыня звяла дыскусію да пытання "на чый млын аўтар ліе ваду". Вельмі па-савецку...


← вярнуцца ў навіны