Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Адказ Алега Трусава: Ці магчыма ў Беларусі стварыць сапраўдны якасны ўніверсітэт еўрапейскага профілю?

2018.08.20 8

  Photo by rawpixel.com from Pexels.

В. а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў адказаў Багдану Сакалову, які выступіў на сайце budzma.by з крытыкай універсітэта з беларускай мовай навучання. Прапануем азнаёміцца з дыскусіяй.

Ці магчыма ў Беларусі стварыць сапраўдны якасны ўніверсітэт еўрапейскага профілю?

Такое пытанне ставіць Багдан Сакалоў у сваім матэрыяле на сайце "Будзьма беларусамі!" пад адпаведным назовам...

Я адкажу адразу: "Так, магчыма!" Беларусы не горшыя людзі за іншых еўрапейцаў, пра што сведчыць досвед Віленскага ўніверсітэта, БДУ і некаторых іншых універсітэтаў нашай краіны (дастаткова толькі прыгадаць нашых праграмістаў!).

Цяпер адкажу на другое пытанне сп. Багдана, што важнейшае: якасць навучання ці мова навучання? Не адмаўляючы якасць, скажу, што мова важней!

У свой час у Расіі дзякуючы Пятру І спачатку запанавала нямецкая мова, а пазней - французская. (Згадаем дыялогі герояў рамана Л.Талстога "Война и мир".)

Дарэчы бацькі Пушкіна гаварылі па-французску і свае першыя вершы ён напісаў на мове Вальтэра, Напалеона і Гюго. Аднак пазней усе ўніверсітэты Расіі за выключэннем універсітэта ў Дзерпце (дзе да канца ХІХ ст. вучылі па-нямецку) сталі рускамоўныя, пры гэтым якасць адукацыі была даволі высокая, але студэнты добра ведалі яшчэ з гімназіі латынь, французскую і нямецкую мовы. Дарэчы, англійскую мову тады асабліва не вывучалі і не ведалі, асабліва ў Расіі. Аднак у часы Аляксандра ІІІ па ўсёй імперыі сталі праводзіць татальную русіфікацыю і нават русіфікавалі ўніверсітэт у Дзерпце, а горад назвалі Юр'евам (зараз Тарту ў Эстоніі).

Да 1917 г. у нас забаранялі нават пачатковыя школы на беларускай мове, бо галоўная мэта рускіх імперыялістаў была канчаткова асіміляваць украінцаў і беларусаў, стварыць "вялікі рускі народ", які захопіць Басфор і Дарданэлы, і ўсталюецца ў свеце Масква як "Трэці Рым".

Гэту ідэю запазычылі Сталін і Хрушчоў разам з Брэжневым, якія стваралі на базе паняволеных народаў "адзіны і недзялімы" савецкі народ, які будзе размаўляць і вучыцца на "великом и могучем русском языке".

СССР знік, але сённяшняя пуцінская Расія дастала з нафталіна гісторыі вышэйзгаданую ідэю і пачала русіфікацыю нярускіх народаў Расіі. Найбольш гэтыя праблемы зараз абвастрыліся ў Татарстане і Башкірыі.

Дарэчы і ЕГУ, які так прапагандуе сп. Сакалоў, прыйшоў на Беларусь з Масквы як "вялікарускі праект" для "цёмных" беларусаў. Спачатку там не было нават кафедры беларускай мовы, і беларуская мова там у адрозненне ад дзяржаўных універсітэтаў зусім не вывучалася. Адпаведную кафедру стварылі толькі дзякуючы намаганням ТБМ. Выехаўшы ў Вільню, ЕГУ давялося маскіравацца, але паступова большасць беларускіх выкладчыкаў-патрыётаў былі адтуль звольненыя, і зараз некаторыя будуць працаваць, маючы еўрапейскі вопыт, у нашым універсітэце.

Ёсць у нас і прафесары, якія стала працуюць у Польшчы і Расіі, але родную мову не забыліся і забывацца не збіраюцца.

Калі мова навучання не істотная, то чаму ўлады Беларусі, нягледзячы на  звыш 50 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі з патрабаваннем мець нацыянальны беларускамоўны ўніверсітэт (а гэта ідэя была агучана прафесарам Юрасём Хадыкам у 1998 годзе) за 20 гадоў так яго і не стварылі?

Пра сутнасць палітыкі кіраўніцтва ЕГУ сведчаць такія выказванні яе абаронцы сп. Сакалова, як "апагей моцнага трызнення беларускамоўнай секты", "абапірацца капытом на беларускую мову", "краіне патрэбныя вольныя па духу інтэлектуалы, а не носьбіты роднай мовы". Гэты спіс можна прадоўжыць. Засталося толькі зрабіць адпаведны пераклад гэтага артыкула на "великий и могучий" і змясціць на расійскім сайце тыпу "Рэгнума". Можа і ганарар дадуць праз адпаведную амбасаду.

Наша мэта простая. Усе студэнты, якія не прагнуць вучыцца за мяжой і там пасля застацца, а дома гатовы навучацца па-беларуску, такую магчымасць павінны мець. Іх колькасць немалая, калі зыходзіць з таго, колькі абітурыентаў выбіраюць на ЦТ беларускую мову. Іх, дарэчы, значна больш, чым усіх выпускнікоў беларускамоўных школ.

 

Алег Трусаў,

в.а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча

Каментары

Госць 2018-08-21 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2018-08-21 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2018-08-21 20:23:31

""Ці магчыма ў Беларусі стварыць сапраўдны якасны ўніверсітэт..." Я адкажу адразу: "Так, магчыма!" Беларусы не горшыя людзі за іншых еўрапейцаў..." Ніхто ж і не кажа, што горшыя: пытанне ў лукашэнкаўскай сістэме кіравання, праз якую ў Мінску зачынілася багата больш-менш незалежных навучальных устаноў: Коласаўскі ліцэй, інстытут "Энвіла", той жа ЕГУ... Зараз на тэрыторыі РБ наўрад ці магчыма стварыць незалежны і якасны ўніверсітэт, і спасылка на поспехі праграмістаў з БДУ або БДУІРа не пераконвае. "Тэхнароў" сапраўды дзе-нідзе няблага рыхтуюць, але ж вы - ТБМ, і сабраліся адкрываць пераважна ГУМАНІТАРНЫ ўніверсітэт! Перадапошні абзац нагадвае не адказ ад в. а. рэктара, а палеміку ў "раёнцы" якой-небудзь. Калі кіраўнік гэтак не трымае ўдар яшчэ фактычна да пачатку працы арганізацыі, то што ж будзе далей? "Наша мэта простая" - той выпадак, калі прастэча горшая за... PS. На выпадак, калі рука пацягнецца выдаліць і гэты камент. Нічога асабіста супраць Трусава не меў і не маю, але, відаць, вы ўпэўнены, што ўсе яго выказванні - на вагу золата? ;) PPS. Папраўдзе, нават у канстытуцыі, прынятай за Лукашэнкам, цэнзура забаронена. З кожным выдаленнем вы ўсё больш страчваеце ў маіх вачах :(

Госць 2018-08-22 20:33:18

Жадаю посьпехаў!

Яраслаў 2018-08-23 01:56:54

Пане Алег, з усёй павагай. На маю думку, першае, чаму варта навучыцца беларусам, перад стварэннем універсітэтаў ды прасоўваннем мовы - гэта навучыцца слухаць адно аднаго ды весці цывілізаваную дыскусію. Спадар Сакалоў мае рацыю, калі кажа, што якасць мусіць быць на першым месцы. І гэта галоўны яго мэсэдж, як я гэта бачу. Ваш прыклад пра Расею, ён да чаго? Якасць адукацыі падвысілася пасля руссіфікацыі? Ці якасць была створаная за кошт французскіх ды нямецкіх выкладчыкаў, а толькі потым прыйшла русіфікацыя? Вы прыводзіце ў прыклад беларускіх праграмістаў. Дазвольце Вам адказаць, як беларускі праграміст, які чаго-нічаго дасягнуў. Па-першае, дасягненні беларускіх праграмстаў не дзякуючы беларускай адукацыі, а дзякуючы белтэлекаму, які дагэтуль дае доступ у інтэрнэт. Дзе даступныя анлайн курсы Стэнфарда ды МІТ. Па-другое, гэта пэўна толькі з Беларусі падаецца, якія крутыя ў нас праграмісты. Можаце мне паверыць, праграмсты ва Украіне, Польшчы, Грузіі, Галандыі, Індыі - нічым ня горшыя. Бо ў іх таксама ёсць інтэрнэт і анлайн курсы Стэнфарда ды МІТ. Па-трэцяе, на мой сціплы погляд, сёння адзіная вартая навучання рэч у кампутарных навуках - гэта штучны інтэлект. Зможаце назваць мне хаця б трох беларускіх выкладчыкаў у галіне штучнага інтэлекту, да якіх мне б было цікава пайсці вучыцца? І хаця б аднаго беларускамоўнага, які будзе выкладаць у Нацыянальным Універсітэце. Калі не - то пра што гаворка? Асабіста мне вельмі імпануе перспектыва з'яўлення беларускамоўнага ўніверсітэту. Але каб асабіста я, ці ў перспектыве мае дзеці, абралі яго, замест Стэнфарда ці МІТ - ён мусіць вытрымліваць канкурэнцыю па якасці навучання. А значыцца і навуковай базы, і міжнароднага супрацоўніцтва і студэнцкай супольнасці. І менавіта на гэтым варта засяродзіць увагу. Плёну!

Госць 2018-08-23 03:11:30

Яраслаў Мяне вельмі цешыць, што ў якасці магчымых канкурэнтаў Беларускаму нацыянальнаму ўніверсітэту вы бачыце толькі Стэнфард і Мачасусятскі тэхналагічны. Бо ўсіх астатніх Беларускі нацыянальны пераўзыдзе адразу і бясспрэчна. Ваш патрыятызм і вера ў талент і сілы нацыянальнай прафесуры натхняюць нас.

Госць 2018-08-31 01:21:04

Во блін, тут аказваецца бел-чырвона-белая дэмакратыя?! Гаспадзін-таварыш адраджэнец спадар Трусаў, а навошта ствараць ВНУ? Няўжо менавіта толькі дзля таго, каб шыльда з вашым прозвішчам з'явілася праз наццаць лят? Без іроніі: нахалеры ваш ВНУ?

Госць 2018-08-31 01:21:54

Anatol Starkou - подпіс.


← вярнуцца ў навіны