Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Часовая экспазіцыя “Якуб Колас і Вільня”

2018.08.09 0

У Літаратурным музеі А. С. Пушкіна (г. Вільнюс) 10 жніўня 2018 года а 13 гадзіне  адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Якуб Колас і Вільня” і прэзентацыя турыстычнага маршрута “Літаратурны Павільніс: Якуб Колас і Маркучай”, прымеркаваныя да 95-годдзя выдання паэмы “Новая зямля”. 

Сувязь Якуба Коласа з Вільняй не абмяжоўваецца толькі яго кароткачасовым пражываннем у перыяд 1907-1908 гг., калі ён працаваў у рэдакцыі "Нашай нівы”. У прыгарадзе Вільні, Павільнісе, Марыя Цімафееўна Каменская пабудавала ў Віленскай Чыгуначнай Калоніі дом для сваёй дачкі, Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, будучай жонкі Якуба Коласа. Менавіта сюды ў 1913 г. у час вясельнага падарожжа прыязджала маладая сям'я.

Якуб Колас з асаблівым пачуццём павагі і захаплення ставіўся да паэзіі рускага генія А.С. Пушкіна, які меў вялікі ўплыў на фарміраванне і станаўленне паэтычных поглядаў песняра. Па словах паэта, калі б не было пушкінскіх “Яўгенія Анегіна”, “Меднага конніка”, “Капітанскай дачкі”, казак вядомага рускага пісьменніка, то не было б, магчыма, і паэмаў “Новая зямля”, “Хата рыбака”, шматлікай лірыкі і прозы.

У Вільні адбылося знаёмства Якуба Коласа з паэтамі Людасам Гірам, Пятрасам  Цвіркам, Вінцасам Мікалайцісам-Пуцінасам і Альбінасам Жукаўскасам. У прыватнай бібліятэцы Якуба Коласа захоўваецца шэраг кніг, а таксама збораў твораў літоўскіх аўтараў з дарчымі надпісамі: Э. Межэлайціса, В. Антанаса, К. Корсакаса, А. Жукаўскасам і інш. Літоўскія пісьменнікі таксама перакладалі творы Якуба Коласа: Эмілія Легутэ, Эўгяніюс Матузявічус, Юозас Мацявічус, Вацыс Рэймерыс і інш.

На часовай экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Літаратурнага музея А. С. Пушкіна, а таксама з асабістага архіва старэйшага сына Якуба Коласа Д. К. Міцкевіча, якія пазнаёмяць наведвальнікаў з раннім перыядам творчасці паэта, яго ўзаемаадносінамі з літоўскімі пісьменнікамі, гісторыяй сям’і Каменскіх.Будуць прадстаўлены лісты Якуба Коласа да Антона і Івана Луцкевічаў, Аляксандра Уласава, рукапіс першага верша “Мужык”, ліст Якуба Коласа да другога сакратара ЦК Кампартыі Узбекістана М. А. Ламакіна, у якім Якуб Колас выклікае заклапочанасць лёсам нашчадкаў А. С. Пушкіна, фотаздымкі сям’і Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, жонкі паэта, а таксама дома ў раёне Маркучай, дзе некалі жыў Якуб Колас са сваёй сям’ёй Літаратурны музей імя А. С. Пушкіна выстаўляе для экспанавання сапраўдныя рэчы з дому Марыі Дзмітрыеўны Каменскай: гадзіннік, кніжную шафу, ікону Казанскай Божай Маці, падсвечнік, скарбонку і інш.

Сардэчна запрашаем!

Адрас музея: г. Вільнюс, вул. Субачаўс, 124.
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by


← вярнуцца ў навіны