Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

100 год Беларускаму Народнаму Універсітэту

2018.07.12 0

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пра 100-годдзе Беларускага Народнага Універсітэта.

Роўна 100 гадоў назад, у гэты ж дзень – 11 ліпеня 1918 г. – адкрыўся Беларускі Народны Універсітэт. Гэта падзея абумовіла далейшае развіццё вышэйшай адукацыі ў Беларусі, аднак памяць пра яе амаль забытая.

Адкрыццё Беларускага ўніверсітэта адбылося 11 ліпеня 1918 г. у Маскве! Справа ў тым, што Мінск (як і амаль уся тэрыторыя Беларусі) у той час знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У гэты дзень у памяшканні Маскоўскага Педагагічнага інстытута ім. П. Шалапуціна адбыўся не толькі ўрачысты сход з нагоды адкрыцця Універсітэта, на якім выступаў загадчык культурна-асветнага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята Фёдар Турук, але і першыя лекцыі. Гэта былі лекцыі па раннім перыядзе гісторыі Беларусі, прачытаныя прафесарам Уладзімірам Пічэтам. Пра гэта мы чытаем на старонках газеты «Дзяннiца», якая з’яўлялася афіцыйным органам Беларускага нацыянальнага камісарыята.

Пытанне аб стварэнні Беларускага ўніверсітэта востра паўстала ў канцы 1917 г. пасля I Усебеларускага З’езду, дзе знакаміты беларускі навуковец Яўхім Карскі выказаў неабходнасць яго стварэння. Гэтым пытаннем у далейшым актыўна займаўся ва ўмовах ваенных дзеянняў Кабінет Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Народны сакратар асветы Аркадзь Смоліч ініцыяваў стварэнне рабочай групы па стварэнні Беларускага ўніверсітэта. Камісія працавала ўсю вясну і лета 1918 г. ва Мінску, аднак завяршыць працу не здолела.

Больш паспяховай аказалася рэалізацыя альтэрнатыўнага праекта – адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Маскве. Справа ў тым, што Масква была на той момант цэнтрам палітычнага, культурна-асветніцкага жыцця, сюды эмігравалі многія вядомыя навукоўцы, у тым ліку і беларускія. Тут жа, у Маскве, быў сфармаваны Беларускі Нацыянальны Камісарыят, а пры ім – культурна-асветніцкі аддзел.

Яшчэ вясной 1918 г. на старонках «Дзяннiцы» мы бачым заклікі да стварэння ўніверсітэта. У № 16 «Дзяннiцы» ад 22 чэрвеня 1918 г. можна прачытаць наступнае: «Культурна-асветніцкі аддзел Беларускага Нацыянальнага Камісарыята адкрывае ў горадзе Маскве 1 ліпеня н. с. беларускі народны ўніверсітэт. На летнім семестры (з 1 ліпеня па 1 верасня) будуць прачытаныя цыклы лекцый па пытаннях: 1) беларусазнаўства (мова і літаратура беларусаў, гісторыя беларускага народа, бел. этнаграфія і геаграфія, народная гаспадарка Бел., гісторыя нацыянальнага і рэвалюцыйнага руху ў Бел. і т. п.). 2) Сацыяльна-палітычных… 3) Агульнапедагагічных… 4) Прыродазнаўчых (філасофія, прыродазнаўства, асновы астраноміі, геалогіі, біялогіі і інш.). У лік студэнтаў прымаюцца: 1) Настаўнікі і настаўніцы народнай і сярэдняй школы Беларусі. 2) Прадстаўнікі ад аддзелаў народнай адукацыі пры саветах Р. і С. Дэпутатаў Беларусі. 3) Члены беларускіх культурна-асветных арганізацый, а таксама ўсе асобы, якія цікавяцца беларускай народнасцю і культурай. Заняткі будуць праходзіць штодня, у вячэрнія гадзіны (не менш за 4 гадзін у дзень). Слуханне лекцый бясплатнае».

Універсітэт быў адкрыты са спазненнем – 11 ліпеня, аднак навучальны працэс цалкам паспяхова пачаўся. Хоць гэты ўніверсітэт не меў уласнага будынка, паўнавартаснага кадравага і метадычнага забеспячэння, тым не менш сваю дзейнасць ён пачаў. З падобных лакальна прачытаных, але пры гэтым сістэмна арганізаваных курсаў пачыналася праца большасці еўрапейскіх універсітэтаў. Аднак гэтая дата сёння афіцыйна не лічыцца датай заснавання БДУ. Хоць у гэты ж дзень, але праз тры гады – 11 ліпеня 1921 г. у Клубе Карла Маркса (сёння – Купалаўскі тэатр) было праведзена «ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае адкрыццю Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта».

Пасля абвяшчэння ССРБ 1 студзеня 1919 г. цалкам відавочным было меркаваць, што Беларускі ўніверсітэт павінен сваю дзейнасць праводзіць у Мінску – сталіцы адпаведнай рэспублікі. Адным з першых дэкрэтаў рабоча-сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў БССР было прынята рашэнне ад 25 лютага 1919 г. аб стварэнні Беларускага ўніверсітэта. І ў 1919 г. універсітэт сапраўды пачаў сваю дзейнасць у Мінску: былі вылучаныя грошы, будынак, пачалі функцыянаваць курсы. Аднак чамусьці і гэтая дата сёння не лічыцца днём заснавання ўніверсітэта.

Паўнавартасныя заняткі першага курса ва ўніверсітэце пачаліся толькі 31 кастрычніка 1921 г. Менавіта гэты (і папярэдні яму) дзень сёння прынята лічыць днём нараджэння БДУ. Для нас некалькі дзіўна, што пры гэтым забываецца або зусім не ўспамінаецца больш ранні перыяд дзейнасці ўніверсітэта. Пры гэтым мы бачым самую непасрэдную ўзаемасувязь Беларускага Народнага Універсітэта і БДУ. Заснавальнікамі гэтай установы былі беларускія бальшавікі, якія ў 1918 г. канцэнтраваліся ў Маскве, а пасля сваёй сталіцай абралі Мінск. Як у 1918, так і ў 1919 і 1921 гг. стварэнне ўніверсітэта цалкам праходзіла пад кантролем уладаў з Масквы. Большасць выкладчыкаў БДУ першых гадоў яго дзейнасці пераехалі ў Мінск з Масквы. Прафесар У.Пічэта, які чытаў лекцыі ў першы дзень працы ўніверсітэта ў Маскве, у далейшым стаў першым рэктарам БДУ, а Ф.Турук стаў членам першага Праўлення БДУ.

Такім чынам, 100 гадоў таму быў зроблены важны крок у гісторыі вышэйшай адукацыі Беларусі – заснаваны Беларускі Народны Універсітэт, які ў далейшым трансфармаваўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – галоўны ўніверсітэт нашай краіны. 

Алесь Суша,

намеснік дырэктара

 Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі


← вярнуцца ў навіны