Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Сустрэча з нагоды перавыдання кнігі Міхала Анемпадыстава

2018.07.12 0

У Культурным цэнтры КОРПУС (пр.Машэрава, 9) 12 ліпеня з 19:00 адбудзецца імпрэза "Чуць. Бачыць Разумець", прысвечаная перавыданню кнігі Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”. Гэты дызайнерскі альбом стаў апошняй вялікай працай выбітнага дызайнера, мастака і паэта.

Кніга не толькі адкрывае новыя веды пра колеры, але і вучыць “думаць вачыма”. “На маю думку, гэта ўсё можна чытаць невербальна. Проста разглядаць гэтыя карцінкі на ўзроўні пачуццяў і асацыяцый, упадабанняў. Ці наадварот, штосьці можа не падабацца. Гэта цікавы і патрэбны занятак, якім мы рэдка займаемся. Мы развучыліся думаць вачыма…” — распавядаў Міхал Анемпадыстаў.

Увечары 12 ліпеня  мы паспрабуем аб’яднаць словы, вобразы і музычныя імправізацыі, каб здолець убачыць, пачуць і зразумець сябе праз свет колераў, гісторыі і культуры.

У імпрэзе прымуць удзел актор Раман Падаляка, музыка Зміцер Лук’янчык і арганізатар кампаніі па выданню кнігі Таццяна Вадалажская.

“Колер Беларусі” — захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў. Гэта адна з першых спробаў прадставіць беларускую мінуўшчыну і сучаснасць праз яе колеры і адценні, прыродныя структуры, народжаныя пад уздзеяннямі трох стыхій.

Кніга ўбачыла свет дзякуючы сродкам, сабраным праз краўдфандынгавую платформу Ulej.by. На імпрэзу запрашаюцца ўсе ўдзельнікі кампаніі, каб атрымаць свае асобнікі, а таксама тыя, хто хоча пазнаёміцца з кнігай і набыць яе.


← вярнуцца ў навіны