Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Цімафей Акудовіч узнімае абмеркаванне адносна сітуацыі з Вайсковымі могілкамі. Звяртаецца і да ТБМ (абноўлена)

2018.07.11 1

Некалькі дзён таму, 8 ліпеня, грамадскі актывіст, актыўны захавальнік культурнай спадчыны Цімафей Акудовіч апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку допіс адносна сітуацыі з Вайсковымі могілкамі. Сп. Цімафей прапануе выказацца і сябрам ТБМ.

Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў адносна гэтай сітуацыі лічыць, што перадусім, акрамя грамадскасці і МГА "Гісторыка", дадзеным пытаннем павінна займацца Таварыства аховы помнікаў. У ТБМ пазіцыя такая, што найперш на помніках надпісы павінны пісацца па-беларуску.

Сп. Цімафей піша наступнае:

"Гэты пост атрымаўся даволі доўгім. Тут ёсць спроба разабрацца, што не так з сітуацыяй вакол Вайсковых могілак і прапанова што рабіць. Пры жаданні можа прагартаць адразу да прапановы).

РАЗБОР СІТУАЦЫІ

Paval Karaliou дабіўся таго, што працы на Вайсковых могілках былі спыненыя. Пашу і каманду валанцёраў (да якіх я так і не змог далучыцца) шчыра віншую!

Калі раптам хто ня ведае, то вельмі каротка патлумачу: у 2015 г. выйшаў новы Закон аб пахаваннях. У адпаведнасці з ім любыя пахаванні, якія знаходзяцца ў стане разбурэння “які адмаўляе магчымасць іх аднаўлення” мусяць быць знесеныя, а на іх месца усталёўваецца тыпавая шыльда з наяўнай інфармацыяй пра пахаванне.

Сяргей Тур намеснік дырэктара КБО і вялікі энтузіаст добраўпарадкавання могілак (тут без усялякай іроніі) узяўся у гэтым годзе прыводзіць у дзеянне новы закон на Вайсковых могілках. На дадзены момант сіламі валанцёраў удалося даказаць, што ён моцна памыліўся па двух пазіцыях: 
1) Вайсковыя могілкі гэта помнік і дзейнічаць там на свой густ, нават з паперкай ад Мінкульта, нельга. Патрэбны комплексны праект. 
2) Тур знёс вельмі шмат пахаванняў не таму што яны знаходзіліся ў страшна занядбаным стане (такіх не так ужо і многа). Проста яму трэба, каб на могілках было як мага менш агароджаў і складаных надмагілляў, каб прасцей было прыбіраць і даглядаць тэрыторыю. Таму не зносіліся толькі тыя надмагіллі, якія рэальна нельга было знесці. А гэта, мякка кажучы, вельмі адвольнае тлумачэнне закона.

На дадзены момант працы часова прыпыненыя. І гэта вельмі добра. Зараз працэс, нібыта, становіцца на законныя рэйкі, дзяржаўныя органы пагаджаюцца, што сітуацыя патрабуе больш сур’ёзнага разгляду.

Але тут трэба разумець адну простую рэч – што рабіць далей ніхто ня ведае.

Усе лаюць Тура, што ён робіць ня так як трэба, але мала хто задумваецца пра тое, што ў нашай краіне няма прыкладаў як трэба. Адзіны прэцэдэнт комплекснага добраўпарадкавання закрытых могілак - Крупцы на пр. Пераможцаў у Мінску. І гэтае добраўпарадкаванне рабіў сам Тур. 
Пры ўсіх праблемах айчыннай рэстаўрацыі/кансервацыі ў Беларусі на сёння назапасіўся пэўны вопыт працы з гістарычнымі аб’ектамі – храмамі, палацамі, замкамі. Таму пры чарговай рэстаўрацыі чарговага помніка можна з дакументамі ў руках апеляваць да адпаведнасці тутэйшым, зразумелым нашым чыноўнікам, стандартам, а не тыкаць пальцам у напаўміфічны заходні вопыт.

З могілкамі такога проста няма. Ніхто ніколі не рабіў у нас маштабнай рэваларызацыі такога тыпа помніка. І Сяргей Тур з’яўляецца ў гэтай справе піянерам (зноўку без усялякай іроніі), а таму дзейнічае па сваім разуменні. А ягонае разуменне простае: мусіць быць прыгожа і практычна. І я моцна сумняюся, што ў Беларусі ёсць праектнае бюро, якое ведае, як зрабіць адэкватны праект добраўпарадкавання гістарычных могілак. Так, каб было і прыгожа і практычна і пры гэтым нічога не было знесена. Мы ж усе так сабе гэта ўяўляем?
Ну і дадамо сюды яшчэ галоўнае пытанне – хто будзе плаціць? На могілках не зробіш ні гатэль, ні рэстаран, ні дарагі музей. Нават месцы для пахаванняў у трыдарага не можна прадаваць. Сэнсу ўкладаць грошы няма.

Таму калі нехта спадзяецца, што вось зараз аддадуць загад і ўсё пойдзе ў прававым рэчышчы, то баюся што гэта не так. Бо ў нас яшчэ няма самаго Рэчышча.

Яшчэ раз. З гістарычных могілак няма фінансавай выгоды. Калі няма выгоды, то няма жадаючых укладвацца ў сур’ёзны праект і яго рэалізацыю. Калі няма праекта, то добраўпарадкаванне Тура застаецца найбольш аптымальным, максімальна таннымі і хуткімі варыянтам.
Усё гэта не я сам прыдумаў. Такую сітуацыю, крыху іншымі словамі, апісаў прадстаўнік Мінкульта на сустрэчы па Вайсковых могілках.

І выйсце мне бачыцца пакуль што адно. І яно банальнае – далучэнне шырокай грамадскасці.

ПРАПАНОВА

Шаноўная, шырокая грамадскасць!

Слухайце, давайце забудзем пра тое што Вайсковыя могілкі гэта помнік нейкай там катэгорыі, што ён комплексны аб’ект і знаходзіцца пад аховай нашай дзяржавы.

Давайце ўспомнім, што Вайсковыя могілкі гэта сума пахаванняў выбітных, заўважных, ці проста цікавых жыхароў нашага горада першай паловы - сярэдзіны ХХ ст. Гэта канкрэтныя людзі – мастакі, настаўнікі, бухгалтары, вайскоўцы, чыноўнікі. І калі іх пахаванні/асобы паасобку важныя для нас, сучасных жыхароў Менска, то мусім самі імі апекавацца (у гэтым у прынцыпе і ёсць асноўны сэнс могілак). А калі няма ў іх нічога такога, што заслугоўвае нашай ўвагі, то можа варта супакоіцца? Бо тады дзеянні Тура абсалютна адэкватныя: калі да пахавання ніхто не прыходзіць, то значыцца памяці пра чалавека не засталося, калі няма памяці, то няма і помніка як маральнай карэгорыі, а калі помніка няма, то гранітная пляскатая плітка (тое што ставяць цяпер) гэта больш чым дастаткова - і памяць фармальная застаецца і КБО будзе кожны год эканоміць
нямала бютжэтных грошай на добраўпарадкаванні.

Давайце ўзгадаем старую традыцыю (напэўна, якраз равесніцу гэтых могілак), якую шмат хто памятае са школы – “размяркуем” апеку пахаванняў на Вайсковых могілак паміж намі.

Ідэя досыць простая і пакуль што без канкрэтыкі: любы чалавек, ці інстытуцыя выбіраюць на могілках пахаванне, якое яны прыбіраюць раз на год. Выбіраць можна і па ідэалагічных і па эстэтычных крэтэрах. Спісы такіх апекуноў падамо ў КБО, каб яны ведалі, за якімі пахаваннямі даглядаюць. 
На ўсе пахаванні апекуноў зразумела не набярэцца, але калі ў нас атрымаецца ахапіць самыя важныя і цікавыя магілы, то гэтага будзе абсалютна дастаткова, каб захаваць Вайсковыя могілкі.

- такі падыход поўнасцю кладзецца ў рэчышча цяперашняга заканадаўства і пры гэтым не патрабуе ўдзелу прафесіяналаў;
- гэта самы адэкватны варыянт захавання такога кшталту помніка з маральных пазіцый;
- не буду тут распісваць, але думаю зразумела, што пры добрым раскладзе гэта можа стаць вельмі пазітыўнай культурнай з’явай нашага горада з вялікім адукацыйным і выхаваўчым патэнцыялам. Бо Вайсковыя могілкі – галоўны наш некропаль да сярэдзіны 20 ст.

Запрашаю далучацца і абмяркоўваць усіх, але найперш звяртаюся да фармальных і нефармальных інстытуцый. Мне падаецца, што гэта адпавядае і статусу могілак і агульнай эстэтыцы месца.
Сабрацца працоўным калектывам, прыйсці на могілкі з экскурсіяй, выбраць пахаванне/асобу якой хацелася б апекавацца, даведацца як найбольш пра гэту асобу, правесці талаку, праінфармаваць грамадскасць.

Экскурсіі па некропалі ад нашых краязнаўцаў для выбара “падапечных” арганізаваць магчыма.

У гэтай прапанове ёсць свае дробныя падводныя камяні, якія трэба яшчэ будзе прапрацоўваць, але сама ідэя мусіць спрацаваць.

Тое пахаванне, якое вы добраўпарадкуеце, захаваецца. Сума такіх пахаванняў захаваюць могілкі.

Што думаеце?"

Каментары

Госць 2018-07-09 16:49:11

ТБМ даўно ўжо павінна падключыцца!


← вярнуцца ў навіны