Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

15 прапаноў Алены Анісім да "галоўнага ідэолага"

2018.07.09 0

У мінулым месяцы дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім сустрэлася з Уладзімірам Жаўняком, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, які займаецца пытаннямі ідэалогіі. Прадметам сустрэчы стала распрацоўка праграмы пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў інфармацыйнай, адукацыйнай сферах і ў заканадаўстве. Вось якія прапановы пакінула спн. Анісім сп. Жаўняку.

15 прапаноў Алены Анісім

  1. Новым школам надаваць адпачатку статус беларускамоўных з забеспячэннем высокапрафесійнымі педагогамі і адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базай.

  2. У дзіцячых садках па заявах бацькоў на працягу аднаго года адкрываць групы з беларускай мовай навучання, у тым ліку і рознаўзроставыя.

  3. Выхаваўчыя і культурныя мерапрыемствы ў сістэме адукацыі не менш як на 50% праводзіць на беларускай мове, у тым ліку праз арганізацыю віктарын, літаратурных конкурсаў, ранішнікаў, свят, тэматычных вечарын.

  4. Павялічыць колькасць выданняў і перавыданняў твораў сучаснай беларускай літаратуры (у тым ліку і ў электронным выглядзе), якія ўваходзяць у школьную праграму (серыі «Школьная бібліятэка» і «Бібліятэка школьніка»).

  5. Арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы з беларускімі пісменнікамі ва ўстановах адукацыі.

  6. Рэгулярна арганізоўваць экскурсіі для школьнікаў у краязнаўчыя музеі, музеі Якуба Коласа, Янкі Купалы, іншыя літаратурныя музеі, на спектаклі ў тэатры, якія працуюць на беларускай мове.

  7. Курс «Беларусазнаўства» выкладаць у сістэме навучання ССНУ і ВНУ.

  8. Увесці іспыт на веданне дзяржаўнай беларускай мовы для выпускнікоў ССНУ і ВНУ.

  9. Стварыць інфармацыйны партал (умоўная назва — pismiennasc.by) па праверцы арфаграфіі і пошуку значэнняў слоў. Можна выкарыстаць досвед slounik.org.

  10. Усе шыльды з назвамі вуліц у населеных пунктах афармляць на беларускай мове (па жаданні і на рускай).

  11. На ўсіх дзяржаўных тэлеканалах Беларусі штодня рабіць выпускі навін на дзяржаўнай беларускай мове — не менш за 50% ад усіх выпускаў.

  12. Тэлеканал «Беларусь-3» перавесці цалкам на беларускую мову, пры неабходнасці суправаджаючы дэманстрацыю кіно і іншыя перадачы субтытрамі.

  13. Мясцовы кантэнт на 50% павінен быць зроблены на беларускай мове, незалежна ад жанру перадачы (інфармацыйная, забаўляльная, рэкламная, камерцыйная, сацыяльная) і ад формы ўласнасці тэлеканала (дзяржаўны ці прыватны).

  14. Падрыхтаваць указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб Правілах дарожнага руху на беларускай мове.

  15. Усе заканадаўчыя акты на ўсіх узроўнях улады прымаць адразу на абедзвюх дзяржаўных мовах.


← вярнуцца ў навіны