Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Тыднёвая дэпутацкая справаздача спн. Алены Анісім

2018.07.09 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Новы дзень, то новая падзея, якая пакідае пасля сябе пэўныя эмоцыі і ўражанні. Пачну з мінулай суботы, бо ўпершыню сустракалася з актывістамі кампаніі "Гавары праўду". Сустрэча адбылася ў Стаўбцоўскім раёне, на турбазе "Высокі бераг". Было каля сямідзесяці чалавек. Мне задалі шмат пытанняў: і пра дэпутацкую дзейнасць, і пра адносіны з уладамі, і пра ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча, і пра стан беларускай мовы. Радуе тое, што нягледзячы на зачыстку актыўнай грамадзянскай супольнасці, усё роўна знаходзяцца людзі (у тым ліку і маладзейшага пакалення), якія гатовы ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны і працаваць дзеля гэтага штодня. Такое было маё ўражанне. Дзякуй ім за іх пазіцыю! Хочацца пажадаць яшчэ і прафесіяналізму і поспехаў у іх непасрэднай прафесійнай дзейнасці.
У панядзелак брала ўдзел у свяце г. Нясвіжа. Мерапрыемства традыцыйнае, але знакавае. Уражанняў менш, але ж сустрэлася са сваімі выбаршчыкамі, гэта таксама важна: быць і ў будні, і ў святы разам.
Паездка ў Варшаву - тэма асобная. Ездзіла, узяўшы на 4-е ліпеня за свой кошт. Зазначу, што ўзровень, на якім нас прымалі, надзвычай высокі. І калі не толькі ў Беларусі мне дзякуюць выбаршчыкі за дзейнасць у Палаце, але і дэпутаты Польскага сейма падкрэсліваюць важнасць такіх дзеянняў, сілы растуць і хочацца зрабіць яшчэ як мага больш. 
Адным з самых пазітыўных момантаў паездкі лічу нашы ўзаемаадносіны з Аняй Канапацкай,і Таццянай Караткевіч. Я б іх назвала выдатнымі. Узаемаразуменне і ўзаемападтрымка, салідарнасць у многіх пытаннях, але не перакрыванне, аж да поўнага зліцця. Спадзяюся, так будзе і надалей, і кожная з нас на сваёй дзялянцы зробіць шмат для пазітыўнага развіцця краіны. 
А напрыканцы тыдня - увечары ў пятніцу - мне пашчасціла быць на закрытым праглядзе фільма "Кібаргі" ў межах украінскай культуры ў Беларусі. Пра гэта напішу асобна. А калі адным сказам - яго павінны паглядзець УСЕ!

Алена Анісім


← вярнуцца ў навіны