Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Адказ Алега Трусава на зацемку ў "Лідскай газеце". "Лідская газета" даслала свой адказ на гэта (абноўлена 25 ліпеня)

2018.07.25 0

Дзякуем за "рэкламу"

27 чэрвеня 2018 г. у "Лідскай газеце" №51 выйшла зацемка Антона Быстрыцкага "Интерес в этом деле скорее личный". У сваёй зацемцы спадар Антон нібы ўхваляе тое, што сёлета з 67 тысяч абітурыентаў для здачы тэстаў дзяржаўную беларускую мову абрала толькі 25 тысяч чалавек. У той жа час аўтар упускае, што гэта амаль 40% ад усіх абітурыентаў гэтага года, і такі адсотак ніяк нельга назваць замалым, што цешыць мяне, але чамусьці не спадара Антона. Адразу выкажу падзяку гэтым маладым людзям і іх бацькам за тое, што ва ўмовах шалёнай русіфікацыі, якая ў нашай краіне чарговы раз пачалася ў 1995 г. і доўжыцца да сённяшняга дня, яны абіраюць родную мову і гэтым пацвярджаюць, што яна жыве і жыць будзе.

Газета (дарэчы, мае беларускамоўную назву "Лідская газета", але па-беларуску амаль нічога не друкуе), у якой дадзены артыкул выйшаў, з'яўляецца адным з актыўных "русіфікатараў" на Лідчыне і выходзіць 2 разы на тыдзень накладам 10 тысяч асобнікаў, прычым з'яўляецца дзяржаўнай установай і існуе за грошы беларускіх падаткаплатнікаў, у тым ліку, дзеці якіх і абіраюць беларускую мову для здачы тэстаў.

На жаль, спадар Быстрыцкі ўпусціў дадзеную інфармацыю ў сваім артыкуле, у той жа час, за што выказваю падзяку, падрабязна апісаў, прычым амаль не сказіўшы факты, пачатак працы па стварэнні Прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла ГІлевіча", які ТБМ заснавала 15 сакавіка 2018 г. і дзе будзе весціся навучанне на дзяржаўнай беларускай мове. Праўда, аўтар, узяўшы на сябе ролю эксперта (у такім выпадку хочацца даведацца пра яго кампетэнцыі і досвед працы ў сферы вышэйшай адукацыі), не саромеўся рэзкіх выказванняў і негатыўных інтэрпрэтацый адносна ўніверсітэта, што становіцца нормай для прафесіі журналіста, нібы асновы журналістыкі і прафесійнай этыкі забытыя, а меркаванні як мінімум двух-трох экспертаў з розным пунктам погляду ўжо не патрэбныя для напісання якаснага артыкула.

Калі б аўтар выдаткаваў час на напісанне шматбаковага матэрыяла, то даведаўся б, што колькасць беларускамоўнай адукацыі змяншаецца не ад уласна незапатрабаванасці, а таму, што ўлады мэтанакіравана год за годам зачыняюць тое, што было беларускамоўным, а новага не ствараюць. Таксама спадар Быстрыцкі мог бы пацікавіцца колькасцю краін Еўропы, у якіх няма ўніверсітэтаў з навучаннем на роднай мове жыхароў гэтых краін (іх толькі чатыры, сярод іх, на жаль, і Беларусь). У той жа час у гэтых краінах вядзецца актыўная праца па адраджэнні роднай мовы і яе шырокай дзяржаўнай падтрымцы (напрыклад, у Ірландыі). А што ў нас?

У свой час ТБМ сабрала больш за 50 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі з патрабаваннем стварыць Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання (хаця б адзін на ўсю краіну!). Дарэчы, сярод падпісантаў было некалькі тысяч жыхароў Ліды. Прайшло 20 гадоў, але ніводнага дзяржаўнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання няма, хоць ажно 27 універсітэтаў Беларусі могуць ажыццяўляць навучальны працэс па-беларуску, але пастановы на гэта ад Міністэрства адукацыі яны не маюць. Таму патрэба ў стварэнні менавіта прыватнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання выразна наспела, што вымагае вучыць студэнтаў за іх грошы і грошы іх бацькоў, калі іншых варыятнаў дзяржава не прапануе.

З верасня 2018 г. "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" плануе адкрыць падрыхтоўчыя курсы, дзе можна будзе рыхтавацца да паступлення ў ВНУ і паспяховай здачы ЦТ па фізіцы, матэматыцы, гісторыі і іншых прадметах па-беларуску. Асаблівая ўвага будзе надзелена вывучэнню беларускай мовы. Англійская, нямецкая і, магчыма, французская таксама будуць выкладацца беларускамоўнымі выкладчыкамі.

Ганаровы старшыня ТБМ,

в.а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча                              Алег Трусаў

Галоўны рэдактар “Лідскай газеты” К. А. Серафіновіч нядаўна прыслала свой адказ Алегу Трусаву. Азнаёміцца можна далей.

Ганароваму старшыні ТБМ,

в. а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча

А. А. Трусаву

Паважаны Алег Анатольевіч!

Дзякуем Вам за ўвагу да раённай газеты, за тое, што знайшлі час, каб выказаць сваё меркаванне наконт надрукаванага на яе старонках артыкула. Аднак лічым, што па адным матэрыяле нельга вымяраць работу, якая праводзіцца рэдакцыяй у творчым плане па асвятленні тых ці іншых пытанняў.

У дадзеным выпадку, калі б Вы былі больш знаёмыя з газетай, то не называлі б яе “адным з актыўных “русіфікатараў” на Лідчыне”. І тое, што на старонках выдання друкуюцца не толькі беларускамоўныя матэрыялы, з’яўляецца не прычынай, а вынікам, -- газета стала друкаваць артыкулы на рускай мове па просьбе сваіх чытачоў.

Рэдакцыя на працягу апошніх год выдала некалькі кніг па гісторыі роднага краю, зборнік паэтычных твораў – усе выданні надрукаваны на беларускай мове. Акрамя таго, пры рэдакцыі “Лідскай газеты” дзейнічае літаратурнае аб’яднанне “Суквецце”, у яго рамках праводзяцца сустрэчы з вядомымі ў рэспубліцы беларускамоўнымі паэтамі, празаікамі. Рэпартажы, інтэрв’ю з імі друкуюцца на старонках газеты. Штомесяц выходзіць падборка вершаў мясцовых аўтараў, у тым ліку і прыхільнікаў ТБМ імя Францішка Скарыны. Вядзецца даследчая работа над унікальным праектам “Матчына мова”. І гэта толькі частка той вялікай работы, якая праводзіцца рэдакцыяй па захаванні і распаўсюджванні беларускай мовы на Лідчыне.

І другое. Раённае выданне “Лідская газета” не існуе на грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў, газета з’яўляецца самаакупнай на працягу шэрагу год.

Што тычыцца інфармацыі аб адкрыцці падрыхтоўчых курсаў для паступлення ва Універсітэт імя Ніла Гілевіча, як і адкрыцці самога ўніверсітэта, то ў дадзеным выпадку інфармацыя носіць камерцыйны характар. Матэрыялы такога кшталту размяшчаюцца на старонках газеты на ўмове рэкламы.

Галоўны рэдактар “Лідскай газеты” К. А. Серафіновіч

(правапіс арыгінала захаваны)

Даведка:

5 ліпеня на сайце www.svaboda.org была апублікаваная навіна пра развіццё сітуацыі з артыкулам сп. Быстрыцкага "Интерес в этом деле скорее личный". У ёй паведамляецца, што пасля дадзенай зацемкі лідскія актывісты партыі БНФ абвінавацілі "Лідскую газету" ў распальванні нацыянальнай варожасці. Яны напісалі скаргі ў райвыканкам і праваахоўныя органы адносна распальвання газетай варожасці паміж грамадзянамі Беларусі, якія карыстаюцца беларускай і рускай мовамі.

4 ліпеня на сайце pyx.by у сувязі з той жа публікацыяй у "Лідскай газеце" была выстаўленая навіна пра тое, што сябры Руху "За свабоду" паскардзіліся ў пракуратуру на абразу беларускай мовы. Яны просяць пракуратуру і следчы камітэт даць прававую ацэнку як выказванням аўтара, так і дзеянням кіраўніцтва газеты, якое дапусціла друк дадзенага артыкула, і пакараць вінаватых, бо лічаць, што дзеянні "трапляюць пад дзеянне артыкула 9.22 КоАП РБ (парушэнне заканадаўства аб мовах)". Актывісты Руху "За Свабоду" просяць райвыканкам разгледзіць "мэтазгоднасць знаходжання на пасадзе галоўнага рэдактара "Лідскай газеты".


← вярнуцца ў навіны