Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алег Трусаў пра стан беларускай мовы ў 1918 г.

2018.05.28 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Упершыню дзяржаўнасць беларускай мовы, а таксама беларускі алфавіт (кірыліца, альбо “рускія літары”), былі замацаваныя ў ІІІ Статуце ВКЛ у 1588 г. Пад уплывам палякаў агульны Сойм Рэчы Паспалітай адмовіўся зацвердзіць ІІІ Статут ВКЛ, бо ён, на іх думку, ігнараваў акт Люблінскай ўніі. Каб захаваць пасаду Вялікага князя ВКЛ кароль РП Жыгімонт ІІІ Ваза зацвердзіў ІІІ Статут ВКЛ сваім прывілеем 28 студзеня 1588 г.

Такім чынам, у Рэчы Паспалітай з’явіліся дзве дзяржаўныя (а дакладней тры) мовы. Дакументацыя ў Польшчы (Кароне) вялася на латыні і польскай мове, а ў ВКЛ – на беларускай. Статут ВКЛ 1588 г. пераважна ў рэдакцыі 1614 г. стаў галоўным пісьмовым зводам на тэрыторыі Украіны, якая тады была часткай Кароны (Польшчы). ІІІ Статут ВКЛ, пачынаючы з XVII ст., быў перакладзены з беларускай на лацінскую, польскую, рускую, украінскую, нямецкую і французскую мовы.

Упершыню на польскай мове ён быў надрукаваны ў Вільні каля 1623 г. (з датай 1619 г.). У 1648 г. польскі пераклад Статута быў надрукаваны і ў Варшаве.

Пераклады на польскую мову беларускамоўнага Статута ВКЛ былі не выпадковыя. Яны сведчылі пра няспынную паланізацыю кіруючай эліты ВКЛ, а потым і ўсёй беларускай шляхты. Гэта прывяло да таго, што 29 жніўня 1696 г. Пастановай Варшаўскай генеральнай канфедэрацыі беларуская мова была канчаткова выключана польскай мовай з адміністратыўнага ўжытку. Аднак некаторыя магістрацкія кнігі ў Беларусі, напрыклад, магілёўскія, яшчэ вяліся па-беларуску і ў пачатку XVIII ст.

Да канца XVIII ст. афіцыйная і літаратурная беларуская мова практычна заняпала і ёй карысталася толькі ў пэўнай сітуацыі ўніяцкая царква.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі на тэрыторі Беларусі да 1830 г. актыўна дзейнічала паланізацыя, якая паступова змянілася русіфікацыяй, што асабліва набрала моц пасля 1864 г.

Таму не выпадкова, што ў 1917-1918 гг. на розных сходах, з’ездах, канферэнцыях і кангрэсах пры абмеркаванні моўнага пытання заўжды адзначалася роля беларускай мовы на тэрыторыі ВКЛ, асабліва да Люблінскай уніі.

“У рэзалюцыі Культурна-прасьветнай сэкцыі Ўсебеларускага Зьезду пра гэта гаворыцца так: “З розных неспрыяльных гістарычных прычынаў наша народная беларуская мова, што ляжыць у аснове той пісьмовай мовы, якая служыла некалі ў Літоўска-Рускай дзяржаве літаратурнай і афіцыйнай мовай і на якой напісана мноства ацалелых літаратурных помнікаў, не магла аднак атрымаць належнага развіцьця, літаратурнай апрацоўкі і пашырэньня і на працягу многіх стагодзьдзяў заставалася толькі размоўнай мовай пераважна сельскага насельніцтва…” (цытата з кнігі Сяргея Шупы. Падарожжа ў БНР. Архіўны раман. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2018. – С. 42).

Першая спроба вярнуць беларускую мову на газетныя старонкі была зроблена Канстанцінам (Кастусём) Каліноўскім, які нелегальна выдаваў на ёй лацінскім шрыфтам газету “Мужыцкая праўда”. Толькі праз паўстагоддзя з’явіліся ў Вільні ў пачатку ХХ ст. газеты “Наша доля” і “Наша ніва”. У сталіцы Расійскай імперыі пачало дзейнічаць першае беларускае выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”.

Дзякуючы намаганням беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў расійскія ўлады прызналі існаванне беларускай мовы як цалкам самастойнай і ўключылі адпаведнае пытанне ў апытальныя лісты і табліцы перапісу насельніцтва ў 1897 г. Паводле перапісу роднай лічылі беларускую мову: 891.903 з 1.591.207 жыхароў Віленскай губерні (56,1%), 788.599 з 1.489.246 жыхароў Віцебскай губерні (53%), 705.045 з 1.141.714 жыхароў Гродзенскай губерні (62%), 1.389.782 з 1.686.760 (82%) жыхароў Магілёўскай губерні. Акрамя таго, роднай беларускую лічылі 50 і болей (да 70) працэнтаў жыхароў Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні, Суражскага павета Чарнігаўскай губерні. Шмат жыхароў Смаленскай губерні і нават чатырох паветаў Цвярской назвалі таксама сваёй роднай мовай беларускую.

Менавіта карта распаўсюду беларускай мовы на тэрыторыі Расійскай імперыі і стала палітычнай картай БНР у 1918 г.

Аднак большая частка носьбітаў беларускай мовы жыла ў вёсках і была непісьменнай, асабліва жанчыны. У гарадах, дзе беларусы складалі колькасна менш за палову жыхароў, значная частка з іх была зрусіфікаваная ці спаланізаваная, і яны прынцыпова не карысталіся роднай мовай.

На гэтую тэму нядаўна ў газеце “Народная воля” напісаў добры артыкул Лявон Баршчэўскі пад назвай “Нялёгкае змаганне за беларускую мову” (№39 ад 15.05.2018 г.). Можна цалкам з ім пагадзіцца ў тым, што “Бацькі-стваральнікі БНР ведалі, што абвяшчэнне беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай і абавязковай у краіне ва ўмовах вайны і акупацыі можа сутыкнуцца з супрацівам менавіта адукаванай часткі насельніцтва. І адзіным сапраўдным аргументам, які дазваляў ім бараніць правы беларускай мовы, на той час былі звесткі адзінага поўнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі, праведзенага за два дзясяткі гадоў перад гэтым, у 1897 г.”

Таму гэта яны рабілі паступова, але настойліва. Спачатку ў пункце 6 Другой устаўной граматы з’явіўся наступны запіс: “У рубяжох Беларускай народнай Рэспублікі усе народы маюць права на нацыянальна-пэрсональную аутаномію; абвешчаецца роунае права усіх мовау народау Беларусі”, а потым 3 красавіка 1918 г. Народны сакратарыят БНР прыняў пастанову, у якой беларуская мова набыла статус дзяржаўнай і абавязковай. Усе акты, дакументы і афіцыйнае ліставанне ўрадавых устаноў павінна было весціся на дзяржаўнай беларускай мове.

Але, як слушна пісаў Сяргей Шупа, “ на той час яшчэ не існавала адзінага “афіцыйнага” беларускага правапісу: менская “Вольная Беларусь” друкавалася лёсікаўкай, віленскі “Гоман” – луцкевіцай. “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча зьявіцца ў Менску толькі ў верасні”.

Сябры Народнага Сакратарыята БНР адначасова выкарыстоўвалі два алфавіты: “лацінку” і “кірыліцу”. Пра гэта сведчыць вялікая круглая пячатка Рады БНР, на якой назва Рады напісана па коле двума шрыфтамі, прычым першы надпіс – на “лацінцы”. Не забыла Рада БНР і пра правы нацыянальных меншасцяў. Ім гарантавалася права карыстацца сваімі мовамі (рускай, польскай і мовай “ідыш”) у зносінах з дзяржаўнымі ўстановамі.

Дарэчы, на вышэйзгаданых мовах у Менску ў 1918 г. і выходзілі мясцовыя газеты. На рускай мове “Минская газета”, “Минский голосъ”, “Минская мысль” і “Дело труда”; на польскай – “Dzinnik Miński” і на ідыш – “Der Veker”. Па-беларуску толькі дзве – “Вольная Беларусь” і “Беларускі шлях”.

Сітуацыя з пашырэннем беларускай мовы была рознай у розных частках Беларусі. Лепшая сітуацыя была на захадзе, у зоне нямецкай акупацыі (з восені 1915 г.), дзе дзейнічалі беларускія школы і настаўніцкія курсы.

У цэнтральнай Беларусі (зона новай нямецкай акупацыі з лютага 1918 г.) дзейнічалі актывісты БНР, якія прызнавалі статус беларускай мовы, як дзяржаўнай. Існавала і ўсходняя Беларусь – частка Віцебшчыны і Магілёўшчыны, дзе беларуская мова была ў заняпадзе да абвяшчэння БССР у студзені 1919 г. і да пачатку беларусізацыі ў 1924 г.


← вярнуцца ў навіны