Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выступ спн. Алены Анісім у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу

2018.04.27 0

Паважаныя спадарыні і спадары! 

Я планавала выступаць на беларускай мове, аднак з-за складанасцей перакладу вымушана выступаць на рускай мове.

Дзякуй за магчымасць прысутнічаць і прымаць удзел у дыскусіі на высокім еўрапейскім узроўні. Для мяне гэта асабліва важна, бо я тут прадстаўляю грамадзянскую супольнасць і выбаршчыкаў двух раёнаў Беларусі. Падставай для майго выступу стала выказванне эксперта на канале Еўраньюс, які выказаўся так: Беларусь не з'яўляецца прыярытэтам для Еўропы, у прыярытэце Украіна і Грузія. У сувязі з гэтым хачу сказаць наступнае. Нядаўна дэмакратычная грамадскасць нашай краіны адзначала 100-годдзе аднаўлення нашай дзржаўнасці, звязанае з абвяшчэннем у 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак і тады - 100 гадоў таму - Беларусь не была ў прыярытэце. Нягледзячы на ўсе намаганні тагачаснай эліты і волю беларускага народа жыць у сваёй незалежнай краіне, БНР не была да канца прызнанай еўрапейскімі краінамі, у адрозненне ад нашых бліжэйшых суседзяў: Літвы, Латвіі, Польшчы. У выніку розных перадзелаў у міжваенны і пасляваенны перыяды беларусы страцілі значную частку сваіх этнічных тэрыторый, якія зараз знаходзяцца ў складзе іншых еўрапейскіх краін, дзе жыве значная колькасць беларусаў.

У выніку сённяшняга непрыярытэту толькі для беларускіх грамадзян існуе высокая плата за візы, якая можа стаць яшчэ большай. А між тым, беларусы першыя ва Ўсходняй Еўропе распачалі кнігадрукаванне, выдалі першы Буквар (400 гадоў таму), а Статут Вялікага княства Літоўскага - узор законаў, створаны ў 16 ст. Мы былі часткай еўрапейскай культурнай прасторы.

Вернемся да сучаснасці. У выніку русіфікацыі, якая мэтанакіравана праводзілася ў Савецкім Саюзе, і пазнейшай незбалансаванай моўнай палітыкі ў незалежнай Беларусі, беларуская мова трапіла ў спіс моў, якім пагражае знікненне. Наша арганізацыя (ТБМ), як і шэраг іншых, прыкладалі шмат намаганняў, каб паўплываць на гэту сітуацыю. У прыватнасці, мы спрычыніліся да таго, каб быў створаны тэлеканал "Белсат", няхай сабе зарэгістраваны ў Польшчы, але ён праводзіў вяшчанне на беларускай мове. Зараз праз супрацу з Бі-бі-сі ён пашырае праграмы на рускай мове, якой у нас і так дастаткова ў інфармацыйнай прасторы. А чаму ў такім разе няма рэдакцыі Еўраньюс і іншых еўрапейскіх каналаў на беларускай мове?.Хацелася б, каб на еўрапейскім узроўні было разуменне і падтрымка дзейнасці грамадзянскай супольнасці, якая змагаецца за лінгвістычныя правы ўнутры Беларусі, пачынаючы са стварэння садкоў, школ і прыватнага ўніверсітэта. Гэта пытанне мы падымаем на самым высокім узроўні. Таму вельмі хацелася б, каб Беларусь прысутнічала на парадку дня Савета Еўропы: і па пытаннях візавага рэжыму і ў падтрымцы дзейнасці грамадскіх арганізацый, якія займаюцца абаронай лінгвістычных правоў. Бо без беларускай мовы Беларусь не можа стаць ні дэмакратычнай краінай, ні арганічнай часткай еўрапейскай прасторы.

Дзякуй за ўвагу!


← вярнуцца ў навіны