Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Справаздача па паездцы ў Лондан старшыні ТБМ Алены Анісім

2018.03.26 2

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Паважаныя сябры ТБМ, нашы прыхільнікі і паплечнікі!

Напярэдадні Дня Волі я па запрашэнні Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі знаходзілася ў Лондане з 18 па 23 сакавіка. Мэтай паездкі быў удзел у святкаванні 100-годдзя БНР, якое ладзілі беларусы.

Мікола Пачкаеў, старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі і сябра Рады БНР, склаў даволі аб’ёмную праграму.

Першае, што мы зрабілі пасля майго прылёту ў англійскую сталіцу, паехалі на могілкі, дзе пахаваны многія беларусы, у тым ліку – святары, пакланіліся магіле айца Аляксандра Надсана, які шмат гадоў апекаваўся беларусамі ў замежжы, іх духоўным жыццём, дапамагаў дзецям з Чарнобыльскай зоны.  Пабыла я таксама ў Доме, дзе жыў айцец А.Надсан і дзе да нядаўняга часу адбываліся службы, пакуль не была пабудавана новая адмысловая царква. Гэты драўляны будынак, як многія ўжо ведаюць, атрымаў прэмію як адзін з адметных у англійскай сталіцы.

У гэты ж вечар я пазнаёмілася і з скарбамі, якія захоўваюцца ў Скарынінскай бібліятэцы, што знаходзіцца непадалёк ад царквы. На ўспамін пра наведванне я пакінула запіс у кнізе, а таскама буклет ТБМ і некалькі сувеніраў, у прыватнасці рушнік з Нясвіжскай зямлі, радзімы айца Аляксандра Надсана.

Падчас паездкі ў Лондан я мела сустрэчу з паслом Беларусі ў Англіі сп. С.Ф. Алейнікам, мы размаўлялі пра ўзаемадзеянне і супрацу з Згуртаваннем беларусаў Вялікабрытаніі.

Самым запамінальным уражаннем для мяне, вядома, застанецца знаёмства з Івонкай Сурвілай, старшынёй Рады БНР. Напэўна, ёсць такая адметная рыса беларускай ментальнасці, як шчырасць і адкрытасць, што праяўляецца акурат у такія моманты першай сустрэчы. Як толькі мы пабачыліся і пачалі размаўляць, узнікла адчуванне духоўнай роднасці і блізкасці. Я перадала сп. Івонцы Сурвіле афіцыйнае запрашэнне нашай Рады ТБМ прыехаць у Беларусь у 2018 г. Наколькі гэта можа быць рэалізавана – пытанне часу і адпаведных намаганняў.

21 сакавіка адбыўся прыём у англійскім парламенце, прысвечаны 100-годдзю БНР, арганізаваны Міколам Пачкаевым пры падтрымцы дэпутата Джона Уатэндэйла. Перад прысутнымі выступілі Джон Уатэндэйл, я як дэпутат Палаты прадстаўнікоў (хоць афіцыйна  знаходзілася  ў адпачынку), Івонка Сурвіла і Станіслаў Шушкевіч. Прысутнічаў на прыёме прадстаўнік беларускага пасольства П. Касуха.

На прыёме было шмат беларусаў, некаторыя з дзецьмі, і гэта вельмі прыемна.

На наступны дзень увечары Івонка Сурвіла, Станіслаў Шушкевіч і я наведалі Беларускі дом у Лондане, дзе сустрэліся з беларусамі Вялікабрытаніі ў нефармальных умовах і адказалі на іх пытанні.

23 сакавіка я вярнулася ў Мінск, дзе ўжо ўвечары атрымала новыя календарыкі ТБМ, выдадзеныя да 100-годдзя БНР Ігарам Марачкіным, якія былі прэзентаваныя ўдзельнікам святочных мерапрыемстваў у нашай сталіцы 24 і 25 сакавіка.

Адносна фінансавага пытання паведамляю, што выдаткі за праезд і пражыванне ў Лондане ўзяло на сябе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, візу я аплаціла за ўласны кошт. Паездка адбывалася падчас майго афіцыйнага адпачынку, таму ніякіх затрат ТБМ не было.

Старшыня ТБМ,

спн. Алена Анісім

 

Каментары

Госць 2018-04-03 00:00:00

Алена Анісім - яна caпраўды "Старшыня ТБМ" Таму што, напрыклад, тут: https://news.tut.by/society/586569.html - іншыя звесткі. І тут: http://tbm-mova.by/structure.html http://tbm-mova.by/people.html - таксама.

Госць 2018-04-27 15:31:52

Дзякуй, інфармацыю на нашым сайце абнавілі.


← вярнуцца ў навіны