Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Прапановы старшыні ТБМ спн. Алены Анісім па плане дзейнасці на 2018 год для абмеркавання

2018.01.16 2

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Старшыня ТБМ спн. Алена Анісім склала спіс прапаноў да плана дзейнасці арганізацыі ў 2018 г.  для публічнага абмеркавання. Усе свае прапановы, заўвагі і ідэі просім дасылаць на пошту siadziba@gmail.com з пазнакай "План дзейнасці на 2018 год".

Паважаныя сябры Таварыства беларускай мовы, прыхільнікі нашай дзейнасці і паплечнікі!

Перш за ўсё я хачу яшчэ раз падзякаваць усім за падтрымку – маральную і матэрыяльную – у 2017 годзе. Ваша актыўнасць засведчыла чарговы раз, хто насамрэч хвалюецца за лёс беларускай мовы, краіны і гатовы зрабіць для гэтага канкрэтна тое, што ў яго сілах, а хто толькі на словах заклікае іншых да дзейнасці. Ваша падтрымка і дапамога ў розных справах дае спадзеў на станоўчае вырашэнне набалелых пытанняў, бо моц любой арганізацыі і грамадства залежыць ад ступені самаарганізацыі і згуртаванасці ў крытычны момант.  Таму хачу падзяліцца з вамі сваімі прапановамі аб дзейнасці нашай арганізацыі на гэты год.   

У поўную сілу ўступае новы 2018 год, які для ўсіх беларусаў праходзіць пад знакам 100-годдзя БНР. Трэба, каб ён быў напоўнены адпаведным зместам і канкрэтнымі справамі.

1.     Лічу, што нам трэба запачаткаваць узнагароду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (акрамя Падзякі ТБМ) для таго, каб адзначаць тых асобаў з ліку грамадзянскай і бізнесовай супольнасцяў, а таксама з дзяржаўных устаноў і арганізацый, вытворцаў і прадстаўнікоў гандлёвых устаноў, якія пашыраюць прастору беларускай мовы, выкарыстоўваючы яе ў сферы сваёй дзейнасці. Вядома, што без актыўнай працы нашых структур у розных мясцінах Беларусі, якія зробяць адпаведны маніторынг, не абысціся. Але гэта канкрэтная праца, якая павінна даць станоўчы вынік у перспектыве.

2.      Правесці Агульнанацыянальную дыктоўку 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы па некалькіх магчымых тэкстах: 1)Трэцяя Устаўная грамата БНР, 2) па творах аднаго з пісьменнікаў – сёлетніх юбіляраў.

3.     Распрацаваць і выпусціць паштоўку да 100-годдзя юбілею БНР.

4.     Правесці ўрачыстыя пасяджэннні з гэтай нагоды (адпаведна нашым магчымасцям і ў супрацы з іншымі зацікаўленымі арганізацыямі).

5.     Дамагчыся рэгістрацыі прыватнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.

6.     Працягваць працу па традыцыйных накірунках нашай дзейнасці: дапамога бацькам у адкрыцці класаў, школ і гімназій з беларускай мовай навучання, святкаванне нашых юбіляраў і гістарычных асоб.

7.     Актывізаваць збор сяброўскіх складак у 2018 г.

8.     Пашыраць кола сяброў ТБМ, а таксама падпісчыкаў і чытачоў газет “Наша слова” і “Новы час”.

Ёсць у мяне пэўныя задумкі і адносна нашага памяшкання, пра што мы даўно размаўляем у кіраўніцтве арганізацыі, але каб яно выглядала лепш і каб у ім рабіць рамонт, трэба стаць уласнікам. Час пакажа, што тут можна зрабіць. Але калі б гэта ажыццявілася, то можна было б запачаткаваць стварэнне ў нашай сядзібе адмысловых выстаў, прысвечаных знакавым асобам – кіраўнікам нашай арганізацыі – Нілу Гілевічу і Генадзю Бураўкіну.

Шаноўныя сябры! Наша краіна можа выглядаць так, як мы захочам. Для гэтага трэба адчуваць сябе сапраўднымі гаспадарамі ў сваёй краіне. Я запрашаю ўсіх да абмеркавання прапаноў і магчымых спраў для супрацы. Зразумела, што ў працэсе нашага дыялогу нешта зменіцца, удакладніцца, дадасца. Дзялянка беларушчыны – вялікая, кожны можа знайсці для сябе патрэбны накірунак і форму. Таварыства беларускай мовы запрашае ў свае шэрагі людзей з актыўнай пазіцыяй і жаданнем забяспечыць беларускай мове яе дзяржаўны статус. Разам мы можам зрабіць больш!

Старшыня ТБМ Алена Анісім

 

Каментары

Госць 2018-01-23 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2018-01-31 14:33:52

Дзякуй за магчымасць выказаць сваю пазіцыю. Зразумела, што і раней такая магчымаць была, але ў гэтым годзе больш упэўненасці, што тваё меркаванне будзе прынамсі выслухана.


← вярнуцца ў навіны