Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Старшыня гомельскага ТБМ Алеся Аўласевіч пра моўныя кансультацыі, Цэнтр беларускай мовы і многае іншае

2017.12.21 0

На сайце gomel.today з'явілася разгорнутае інтэрвью з старшынёй гомельскага ТБМ Алесяй Аўласевіч, яка распавяла пра моўныя кансультацыі дзяржаўных устаноў, заснаванне Цэнтра беларускай мовы ў Гомелі, беларускамоўныя заняткі для дзетак і многае іншае. Даем перапост з сайта (пытанні пераклалі на беларускую мову мы, адказы спн. Алесі ў арыгінале).

— Якімі праектамі займаецца ТБМ?

— Для нас год быў вельмі насычаным, цяжка прыгадаць нешта адно. Галоўнай падзеяй году стала адкрыццё Цэнтра беларускай мовы. За год праведзена больш за 150 мерапрыемстваў, сярод якіх: кінапрагляды, заняткі беларускай мовы, вечары настольных гульняў, трэнінгі для валанцёраў, заняткі «Мова дзяцей». Наша пляцоўка стала месцам развіцця іншых гарадскіх актыўнасцяў: англійская мова, гендарныя даследванні ад АБФ — ініцыятывы «Актыўным Быць Файна», курсы ўкраінскай мовы ад украінскай дыяспары Гомеля, сустрэчы краязнаўчай ініцыятывы «Пошукі старога Гомеля», інтэлектуальнага клубу «Міжрэчча», сустрэчы са студэнтамі арганізацыі БАСС (Братэрства Арганізатараў Студэнцкага Самакіравання) і іншыя.

За тыдзень Цэнтр наведвае больш за 80 чалавек, актыўна працуем у сацыяльных сетках, дзе рэагуем на спатрэбы аўдыторыі. Дарэчы, мы гатовыя да любой супрацы, так што звяртайцеся, калі вам ці вашым сябрам, чытачам будзе неабходная арганізацыйная, кансультацыйная дапамога або проста памяшканне пад івэнт.

Цэнтр існуе на ахвяраванні, таму мы зацікаўленыя ў тым, каб яго наведвала як мага большая колькасць людзей.

Мы правялі конкурс-эсэ сярод школьнікаў, які сабраў больш за 30 работ. Гэта быў адзін з першых паспяховых прыкладаў супрацы з дзяржаўнымі ўстановамі.

Два сезоны заняткаў «Мова дзяцей» паказалі, што беларускамоўная адукацыя ў горадзе запатрабаваная, бо нашыя заняткі за гэты час наведалі каля 90 дзетак. У доказ нашых поспехаў мы рэгулярна здымаем відэа: з заняткаў, з разважаннямі дзетак, вершамі і г.д. Сёлета мы правялі ўжо другі фестываль беларускамоўнай адукацыі ў Гомелі, які не мае аналагаў у Беларусі.

Некалькі гадоў гады мы займаемся праблемай амаль поўнай адсутнасці беларускамоўнай адукацыі ў горадзе. На сённяшні дзень адчуваюцца змены ў гэтым накірунку: адкрытыя два класы з беларускай мовай навучання ў гімназіі № 36 імя Мележа, створаная асобная сістэма ўліку дзяцей, чые бацькі хочуць аддаць дзіця ў беларускамоўную групу ў дзіцячым садку.

— Што за сістема ўліку? Хіба не адкрыліся ў гомельскіх садках беларускамоўныя групы?

— Каб разабрацца ў рэальнай прычыне адсутнасці адукацыі па-беларуску, летась мы правялі вельмі грунтоўны маніторынг і атрымалі падрабязныя звесткі амаль са ўсіх дашкольных навучальных устаноў горада.

Калі коратка, то высновы такія: нават без тлумачальнай работы рэйтынг беларускамоўных груп — 20-30%. У межах горада гэта многія тысячы дзетак, якія сёння не навучаюцца па-беларуску. І гэта адбываецца не таму, што іх бацькі не хочуць, а таму што пры нядаўна існай сістэме арганізацыі груп у садках, каб адкрыць хоць адну групу, было неабходна сабраць 20 «беларускамоўных» дзетак, якія б стаялі ў чарзе ў канкрэтны дзіцячы садок адзін за адным запар. Гэта чыста статыстычна проста немагчыма. Абсурднасць гэтай сістэмы мы абмяркоўвалі з кіраўніцтвам горада яшчэ год таму. Тады нават не гледзячы на пяць сотняў гамельчукоў, чые подпісы мы сабралі пад прапановай удасканалення сістэмы, улады адмовілі, абапіраючыся на «дзейснае заканадаўства», але праблема была акрэсленая і прынесла вынік праз год.

Ніякія садкі створаныя не будуць пакуль няма для гэтага жадаючых. Зараз, дзякуючы новай сістэме ўліку, гэтыя бацькі могуць сабрацца са ўсяго горада альбо раёна і пад іх ужо будзе адкрытая група, можа дзьве, а можа і дзіцячы садок у кожным раёне. Усё будзе залежыць ад колькасці ахвочых і сумленнасці аддзелаў адукацыі ў працы з людзьмі, бо не ўсё мы можам зрабіць як НДА.

Калі вы хочаце, каб дзіця навучалася на беларускай мове абавязкова станьце ў гэтую чаргу ў гарвыканкаме ў службе «Адно акно».

— Ці палепшылася камунікацыя з мясцовымі ўладамі? Ці сталі пачутыя меркаванні зацікаўленых у беларускай мове?

— Для нас зразумела, што тэндэнцыі ў стаўленні да мовы паляпшаюцца, але складана сказаць з чым гэта звязана. Адчувальны ўплыў інтэрнэта, СМІ, тэхналогій, геапалітычны ўплыў суседзяў.

Рытм нашай дзейнасці моцна змяніўся ў гэтым годзе, бо мы выйшлі з «падполля», заснавалі «Цэнтр беларускай мовы», гэта публічнае месца, дзе нас можна лёгка знайсці. Мы адкрытыя для размовы, пра нас ведаюць, нават дзяржаўныя ўстановы да нас звяртаюцца па моўныя кансультацыі, пакуль што гэта адбываецца без афішавання, бо на дадзены момант мы будуем сістэму даверу паміж намі.

У размове з амбасадарам Украіны адміністрацыя горада спасылалася на супрацу з намі ў пытанні развіцця беларускамоўнай адукацыі. За 2017 год мы даслалі каля 300 лістоў і больш за 40 калектыўных зваротаў. Па выніках шмат якія звароты прыводзяць да рэальных змен, нас запрашаюць на бацькоўскія сходы ў навучальныя ўстановы, уключаюць у экспертныя камісіі кніжных крамаў, запрашаюць прымаць удзел у дзяржаўных фестывалях у якасці журы, тэлефануюць на гарачую лінію і г.д.

— Часы бываюць розныя. Ці ёсць складанасці, з якімі сутыкаецца арганізацыя, і як вы іх вырашаеце?

— Нам бачыцца грамадская супольнасць як адзіны арганізм, які разам прымае выклікі гораду і адгукаецца на запыты грамадства. На дадзены момант праблема ў тым, што ў Гомелі не так шмат маладых і актыўных арганізацый з якімі можна разам нешта ствараць.

Нашае памяшканне ўжо занадта маленькае для нас і сённяшняя праблема — пераезд у большую і прасторную пляцоўку, дзе мы можам працягваць тое, што рабілі гэты год. Пераезд выклікае неабходнасць пошуку дадатковых сродкаў для ўтрымання Цэнтра.

 

Таксама спн. Алеся будзе ўдзельнічаць у Гарадскім форуме, дзе ёй можна будзе задаць пытанні. Мерапрыемства пройдзе 23 снежня (субота) у прасторы «Ковчег» (пр.Перамогі , 2а, 2 паверх). Пачатак а 15.00. Уваход вольны, але колькасць месцаў абмежаваная. Прыярытэт атрымаюць тыя, хто зарэгіструецца па спасылцы. Поўная праграма і спіс спікераў тут.


← вярнуцца ў навіны