Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Вітальнае слова Алены Анісім на прэзентацыі першага поўнага Рыма-каталіцкага выдання «Новага Запавету» па-беларуску

2017.12.20 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

На прэзентацыі першага поўнага Рыма-каталіцкага выдання «Новага Запавету» па-беларуску, якая адбылася 19 снежня ў нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, спн. Алена Анісім, дэпутатка і старшыня ТБМ, прачытала вітальнае слова.

Шаноўны Раман Сцяпанавіч !

Ваша Эксцэленцыя!

Паважаныя госці, шаноўныя прысутныя!

Падыходзіць да канца 2017 год, у якім мы годна адзначылі 500-годдзе выдання Бібліі нашым славутым Францішкам Скарынам. Але мы з вялікай радасцю можам сцвярджаць: падзей, што сілкуюць нас, беларусаў, духоўна, становіцца ўсё больш. Сённяшняя прэзентацыя кнігі – выдатнае пацверджанне гэтага факта. Як ужо неаднаразова адзначалася, прадстаўнікі каталіцкага веравызнання на працягу многіх гадоў стварылі некалькі варыянтаў падобных перакладаў Святога пісання. І гэта вельмі добра, што ў розных асяродках і ў розных краінах вялася і вядзецца праца па далучэнні вернікаў многіх пакаленняў да праўдзівага Слова і Веры ў роднай матчынай мове. Для нас, беларусаў, чыя мова на працягу некалькіх стагоддзяў была пад ціскам і забаронай, вельмі важна, што мы маем магчымасць звяртацца да Ўсявышняга на сваёй роднай мове, дзякуючы намаганням і шчырай працы выдатных асоб духоўнага і свецкага стану. Тое, што з’яўляюцца новыя пераклады духоўнай літаратуры на беларускай мове, сведчыць пра адраджэнне Веры, пра вяртанне да самых вытокаў чалавечай гісторыі і жаданне спазнаць ісціну.

Сённяшняя падзея лучыць нас з усімі нашымі папярэднікамі, хто змагаўся і пацярпеў за адданасць роднай зямлі і роднай мове, у тым ліку працуючы на ніве Слова. 

Як член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь я віншую ўсіх з гэтай выдатнай і радаснай падзеяй. Няхай гэта кніга стане надзённай патрэбай кожнаму, хто шукае праўдзівага Слова і хто прамаўляе гэтае Слова ў храме!

Старшыня ТБМ, дэпутат Алена Анісім


← вярнуцца ў навіны