Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Справаздача спн. Алены Анісім пра праведзеную працу на пасадзе старшыні ТБМ

2017.12.12 4

  Выява мае ілюстрацыйны характар.

Прайшло крыху больш за месяц з майго абрання на пасаду старшыні ТБМ. Я ўдзячная ўсім, хто падтрымаў маё абранне, і падчас з’езду і пасля яго. Адчуваю вялікую адказнасць за лёс арганізацыі, і за стан беларускай мовы ў нашым грамадстве. Таму звяртаюся да вас з першай кароткай справаздачай за паўтара месяца дзейнасці ў якасці кіраўніка арганізацыі Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. 

За гэты перыяд мы – кіраўніцтва ТБМ – зрабілі наступнае. 16 лістапада ў бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі правялі прэзентацыю кнігі “Ліцвіны ў гвардыі Напалеона”, дарэчы, падчас выставы ў Варшаве гэтае выданне выклікала значную цікавасць у наведнікаў.

25-26 лістапада адбылася канферэнцыя “Нацыянальны ўніверсітэт: місія і выклікі”, а 27-28 лістапада мы з Паўлам Церашковічам (сябрам аргкамітэта па стварэнні ўніверсітэта з беларусай мовай навучання) удзельнічалі ў Міжнароднай канферэнцыі ў Варшаве, дзе абмяркоўваліся пытанні, датычныя развіцця вышэйшых навучальных устаноў Польшчы. Досвед гэты будзе вельмі карысным у нашай працы над стварэннем універсітэта. Трапіць на такую канферэнцыю мы змаглі пры падтрымцы польскай Амбасады, за што ім вялікая падзяка.

5 снежня ў нашай сядзібе прайшла прэзентацыя кнігі, прысвечанай 100-годдзю Усебеларускага з’езда, якую напісалі С.Рудовіч і В.Герасімаў.  Выданне падрыхтаваў аргкамітэт па святкаванні сотых угодкаў БНР на чале з Радзімам Гарэцкім, запачаткаваны ў Вільні ў 2015 г.

А яшчэ мы абнавілі мэблю ў нашай сядзібе дзякуючы дапамозе чэшскай Амбасады.

30 лістапада адбылося паседжанне  Сакратарыята, на якім былі размеркаваны абавязкі паміж намеснікамі старшыні ТБМ і прааналізаваны фінансавы стан і перспектывы. Акрамя таго, было прынята рашэнне давесці да ўсіх сяброў арганізацыі просьбу дасылаць свае прапановы ў план дзейнасці арганізацыі на 2018 г. Іх можна дасылаць з пазнакай “план” на наш электронны адрас siadziba@gmail.com ці па пошце: 220034 вул. Румянцава, 13, г. Мінск. Зразумела, што запланаваныя мерапрыемствы павінны быць рэальнымі і выканальнымі, пра што павінны дбаць у тым ліку кіраўнікі суполак і абласных і раённых арганізацый.

Шаноўныя сябры! Апошнія дваццаць гадоў мы мелі няпростую сітуацыю з выкарыстаннем беларускай мовы ў грамадстве. Дзяржаўная беларуская мова амаль знікла ў сферы дзяржаўных органаў улады, мала ўжывальная ў сферы адукацыі і ў дзяржаўных СМІ.  Але дзякуючы намаганням як сяброў ТБМ, так і грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікам замежнага і беларускага бізнесу, стаўленне да беларускай мовы пачало змяняцца. Наперадзе шмат працы: і па адкрыцці школ з беларускай мовай навучання, і па адкрыцці ўніверсітэта, і ў беларусізацыі заканадаўства, і ў напаўненні інфармацыйнай прасторы арыгінальным кантэнтам на беларускай мове. Таму так важна скансалідаваць нашыя намаганні і настойліва і неадступна працаваць штодня.

Я хачу выказаць вялікую падзяку ўсім, хто падтрымлівае нас матэрыяльна, дасылаючы штомесяц (а то і часцей) свае ахвяравнні. Насамрэч, такія рэгулярныя ўнёскі дазваляюць нам аплочваць арэнду сядзібы, дзе мы можам вольна ладзіць нашы розныя мерапрыемствы. Да слова сказаць, калі кожны сябра ТБМ (а іх у нас у базе налічваецца звыш 6 тысяч) штомесяц пералічыць па  2 рублі, то многія праблемы фінансавага плану будуць вырашаныя. І мы змаглі б замахнуцца і на правядзенне розных конкурсаў, і арганізаваць цікавыя адукацыйныя курсы, і праводзіць культурніцкія імпрэзы.

Шаноўныя сябры ТБМ! Мы здолелі ў свой час выстаяць і абараніць арганізацыю, сфармаваць дзейную каманду. Я ўпэўнена, што мы зможам шмат што зрабіць, калі будзем штодня паўсюль размаўляць на беларускай мове, раіцца па ўсіх пытаннях, датычных дзейнасці арганізацыі, падтрымліваць адзін аднаго і дамагацца канкрэтных вынікаў кожны на сваім месцы.

Старшыня ТБМ Алена Анісім

Каментары

Госць 2017-12-14 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2017-12-15 13:25:11

Дзякуй новаму старшыні за справаздачу. У ТБМ, акрамя сайту, амаль няма каналаў, каб шараговыя чальцы даведваліся, што адбываецца "наверсе". Таму караценькія справаздачы - вельмі слушны сродак інфармавання.

Госць 2017-12-17 06:35:33

Колькі ўступіла ў ТБМ за азначаны перыяд?

Госць 2017-12-20 10:13:35

Уступіла 7 чалавек праз Менскую арганізацыю (тое, што дайшло да Сакратарыята), але не ўсе суполкі паведамляюць пра новых сяброў адразу, таму лічба можа быць большай.


← вярнуцца ў навіны