Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Мовы Зачараванай краіны

2017.10.25 0

 

Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні ТБМ

 У межах Праграмы міжнародных візітаў Дзярждэпартамента ЗША я праходзіў стажыроўку па тэме “Захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны”. Дэлегацыя адмыслоўцаў з Беларусі наведала шэраг з найбольш выбітных месцаў краіны з пункту погляду захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Вопыт, назапашаны ў гэтай паездцы, варты цэлага цыкла нарысаў, якія, я спадзяюся, неўзабаве будзе апублікаваныя.

Падчас шматлікіх сустрэчаў мне не раз даводзілася распавядаць пра наша таварыства і пра моўную сітуацыю ў Беларусі спецыялістам. А вось у Санта-Фэ арганізатары візіту загадзя запрасілі на сустрэчу з беларусамі ўсіх ахвотных. У нашай краіне часам выказваюцца, маўляў, някепска было б заснаваць у нас нешта кшталту беларускамоўнай рэзервацыі. На гэтым фоне можа падацца сімвалічным, што сустрэча праходзіла ў Музеі індзейскіх мастацтваў і культуры. Нью-Мексіка другі пасля Аляскі штат па працэнце карэнных амерыканцаў у агульным складзе насельніцтва. Дарэчы, быў я і ў сапраўднай рэзервацыі, пра што будзе асобны расповед. Дык вось, баюся, што такога ўзроўню палітычнай і эканамічнай самастойнасці тут дасягнуць будзе цяжкавата.

У выступе я распавёў пра асноўныя накірункі нашай дзейнасці і паказаць кароткаметражку пра курсы беларускай мовы, якую знялі на замову Таварыства.

Дарэчы, штат Нью-Мексіка ўяўляе цікавасць у плане моўнай разнастайнасці. Толькі 63,5% насельніцтва размаўляюць дома толькі на англійскай мове, 28,7% – па іспанску, 4,1% – на мове наваха. Частка іспанамоўных размаўляе на асобным Новамексіканскім дыялекце іспанскай мовы. Гэты дыялект захоўвае рысы іспанскай мовы каланіяльнага перыяду, а таксама мае шмат індзейскіх запазычанняў. Увогуле, 48% насельніцтва маюць іспанскае ці лацінаамерыканскае паходжанне, амаль 10% – карэнныя амерыканцы. Іспанцы праніклі на гэту тэрыторыю яшчэ ў першай палове 16 стагоддзя.

Даследчыкі спрачаюцца, ці можна назваць гэты штат афіцыйна дзвюхмоўным. Хаця у канстытуцыі 1912 года ніводная мова не называецца афіцыйнай, там прапісана, што ўсе законы павінны публікавацца на англійскай і на іспанскай мовах. Гэта палажэнне дзейнічала першыя 20 год, а потым мусіла было перыядычна прымацца наноў, што рабілася да 1949 года. Але і зараз заканадаўства змяшчае палажэнні, скіраваныя на падтрымку іспанскай. Канстытуцыя гарантуе кожнаму права займаць пасаду, удзельнічаць у выбарах і быць прысяжным, без залежнасці ад таго, валодае ці не чалавек англійскай ці іспанскай мовай. Канстытуцыя гарантуе забеспячэнне прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў як у англійскай, так і ў іспанскай мовах. Праекты паправак у канстытуцыю публікуюцца на дзвюх мовах, таксама як і ўсе матэрыялы, што датычацца выбараў.

У 1906 годзе амерыкаснкі ўрад прапанаваў аб’яднаць дзве тэрыторыі: Нью-Мексіка і Арызону ў адну. Гэта выклікала пратэсты ў пераважна англамоўнай Арызоне, жыхары якой не захацелі аб’ядноўвацца з дзвюхмоўнай тэрыторыяй, дзе веданне англійскай не было абавязковым, каб, напрыклад, займаць афіцыйную пасаду. І сёння заканадаўства Арызоны скіравана на падтрымку менавіта англійскай мовы. У прыватнасці, настаўнікам з моцным акцэнтам не дазваляюць працаваць з людзмі, якія вывучаюць англійскую мову – яны могуць вярнуцца да выкладання толькі па праходжанні адмысловага курса па карэкцыі вымаўлення.

Наадварот, заканадаўства Нью-Мексіка гарантуе фінансавае забеспячэнне для дзвюхмоўнага (звычайна англа-іспанскага ці англа-карэнна амерыканскага) полікультурнага навучання ў школах штата. Яшчэ ў 1989 годзе заканатворцы штата першымі ў краіне прынялі так званую Рэзалюцыю “Англійская мова +”. Гэты дакумент-дэкларацыя засведчвае, што пазіцыі англійскай мовы ў ЗША не патрабуюць адмысловага заканадаўства для яе падтрымкі; што нацыянальным інтарэсам найлепш адпавядае, каб усе грамадзяне мелі магчымасць вывучаць і англійскую, і яшчэ адну іншую ці некалькі іншых моў; што білінгвізм нясе карысць культуры і эканоміцы, і што валоданне англійскай і яшчэ адной мовай мусіць падтрымлівацца па ўсёй краіне.

Увогуле, Нью-Мексіка і горад Санта-Фэ – чароўныя і экзатычныя мясціны са своеасаблівай атмасферай, прыродай і архітэктурай. Тым прыемней было знайсці ў Музеі народнага мастацтва, што насупраць Музея індзейскіх мастацтваў і культуры, некалькі беларускіх лялек.

Музей Пляцоўка перад музеем Цэнтр Санта-Фэ У Санта-Фэ
Дзікі Захад - рака Рыё Грандэ Старажытны скальны горад недалёка ад Лос Аламаса

← вярнуцца ў навіны