Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Суіснаванне дзяржаўных моў паводле фінскага і беларускага заканадаўстваў

2017.10.21 0

Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні ТБМ

Уводзіны
У многіх артыкулах Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” для раздзялення беларускай і рускай моў выкарыстоўваецца злучнік “або”. Паміж найменнямі моў 23 разы стаіць спалучэнне “і (або)”, 15 разоў – злучнік “або” і 2 разы – злучнік “ці” [1]. Толькі 7 разоў паміж дзяржаўнымі мовамі стаіць злучнік “і”. Толькі адна з моў можа выкарыстоўвацца, у прыватнасці, у заканадаўстве, у медыцыне, у бытавым абслугоўванні, у міжнародных дамовах, ва ўзброеных сілах, у афіцыйных аб’явах, у маркіроўцы тавараў.

Дазволеная законам неабавязковасць ўжывання абедзвюх дзяржаўных моў часта з’яўляецца падставай для ігнаравання моўных правоў жыхароў краіны. Напрыклад, па законе арганізацыя мае права выбару мовы бланкаў для кліентаў. У Беларусі арганізацыя найчасцей выбярэ рускую мову і толькі яе – ігнаруючы правы беларускамоўнага кліента. Некалькі канкрэтных прыкладаў: пераважная большасць інтэрнэт сайтаў выканаўчых камітэтаў не мае беларускамоўнай версіі, а ў эталонным банку дадзеных прававой інфармацыі толькі 3,1% нарматыўных прававых актаў па-беларуску [2].

Такая сітуацыя з’яўляецца таксама і сацыялінгвістычнай праблемай. Невялікае месца беларускай мовы ў афіцыйнай моўнай прасторы краіны ставіць пад пагрозу яе далейшае існаванне. Сярод фактараў (не)бяспекі для моў, вылучаных ЮНЭСКА, фігуруюць прысутнасць мовы ва ўсіх сферах жыцця і стаўленне дзяржавы да мовы, у тым ліку да яе афіцыйнага выкарыстання [3]. Беларуская мова ўнесена ў "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне", выдадзены ЮНЭСКА.

У 2003 годзе Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у рашэнні ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 адзначыў, што “пры фармальна-юрыдычным раўнапраў’і беларускай і рускай моў на практыцы баланс іх выкарыстання не заўсёды захоўваецца” [4]. Тады ж для забеспячэння фактычнай роўнасці дзяржаўных моў суд прапанаваў разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон аб мовах “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і іншыя акты змяненняў і дапаўненняў, але зменаў у Закон аб мовах не зроблена дагэтуль.

Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” неаднаразова накіроўвала прапановы па ўдасканаленні моўнага заканадаўства ў дзяржаўныя інстанцыі, але атрымлівала адмовы змяняць Закон аб мовах. Так, у 2012 годзе Пастанянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адзначыла, што абавязковае ўжыванне дзвюх моваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця прывядзе да значнага павялічэння расходаў і дакументазвароту і паставіла пытанне аб мэтазгоднасці падрыхтоўкі закона аб змяненнях у Закон аб мовах. Камісія, аднак, лічыць, што змены ў бок адначасовага ўжывання дзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх сферах дзяржаўнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця не супярэчаць Канстытуцыі і будуць спрыяць фактычнай роўнасці моваў [5]. Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь адзначае, што айчыннае заканадаўства ідзе шляхам паступовага пашырэння выкарыстання беларускай мовы, што адлюстравана у пэўных заканадаўчых актах [6].

У 2015 годзе старшыня Канстытуцыйнага суда П. П. Міклашэвіч у пасланні Прэзідэнту і Парламенту Беларусі адзначыў, што “заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах…, у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 17 Канстытуцыі пра роўнасць дзвюх дзяржаўных моў" [7].

Для рэгуліроўкі праваадносін, што датычацца дзяржаўных моў, В. І. Самарын прапануе выкарыстоўваць тэорыю слабага боку ў праваадносінах. Адно з яе палажэнняў заключаецца ў тым, што праваадносіны, адным з бакоў якіх з’яўляецца грамадзянін, які пазбаўлены магчымасці як роўны ўздзейнічаць на іх змест, адносяцца да праваадносін са слабым бокам. Адпаведна, выбар сярод прадугледжаных законам моў павінен ажыццявіць грамадзянін. Асабліва гэта тычыцца  праваадносін,  адным  з  бакоў  якіх  з’яўляецца дзяржава [8]. Відавочна, што ў Законе аб мовах грамадзянін у большасці выпадкаў як слабы бок не разглядаецца.

Айчынныя аўтары адзначаюць, што рэфармаванне айчыннага моўнага заканадаўства варта грунтаваць на вывучэнні і магчымым пазычэнні пэўных аспектаў замежнага заканадаўства, у т.л. фінскага [8; 9]. Пры гэтым шэраг важных палажэнняў апошняга ў айчыннай літаратуры не аналізаваўся.

 Мэта гэтага артыкула – разгледзець некаторыя палажэнні фінскага моўнага заканадаўства, якія могуць у той ці іншай ступені паслужыць узорам пры рэфармаванні моўнага заканадаўства Беларусі. Рэспубліка Фінляндыя абрана для параўнання па некалькіх прычынах. З аднаго боку, у Фінляндыі таксама дзве дзяржаўныя мовы. З іншага боку, Беларусь і Фінляндыя маюць важныя для мэт нашага параўнання адрозненні. Па-першае, шведская мова – першая толькі для 5,4% насельніцтва краіны (але з’яўляецца абавязковым прадметам у фінскамоўных школах). Па выніках жа айчыннага перапісу 2009 года, рускую мову назвалі роднай (што, па ідэі арганізатараў перапісу, было эквівалентна першай мове) 41,5% насельніцтва, беларускую – 53,2%. Яшчэ адно адрозненне заключаецца ў тым, што большасць шведскамоўнага насельніцтва сканцэнтравана ў пэўных рэгіёнах краіны.

Можна было б чакаць, што такая мінарытарная і адносна лакальная ў Фінляндыі шведская мова будзе менш абаронена фінскім заканадаўствам (прынамсі, на нацыянальным узроўні), чым беларуская мова (мова тытульнай нацыі і родная мова большасці насельніцтва, распаўсюджаная па ўсёй краіне) – заканадаўствам беларускім. Фактычна, аднак, часта адбываецца адваротнае, што падкрэслівае неабходнасць рэформы айчыннага моўнага заканадаўства.

 Палажэнні аб мовах у канстытуцыі Фінляндыі

У фінскай канстытуцыі моўнаму пытанню прысвечана больш месца, чым у беларускай. Згодна канстытуцыі Фінляндыі, нацыянальнымі мовамі краіны з’яўляюцца фінская і шведская [10]. У раздзеле “Асноўныя правы і свабоды”, у артыкуле 6 “Роўнасць” прапісана, што ні да каго, акрамя як па прымальнай прычыне, нельга ставіцца інакш, чым да іншых людзей на падставе ў т.л. мовы. У канстытуцыі прапісана, што дзяржаўныя ўлады забяспечваюць культурныя і сацыяльныя патрэбы фінскамоўнай і шведскамоўнай супольнасцяў на роўных умовах. Мэта адміністратыўнага падзелу краіны – забяспечыць роўнасць у атрыманні паслуг на сваёй мове для гэтых супольнасцяў.

У працы парламента выкарыстоўваецца фінская ці шведская мова. Пры гэтым урад і іншыя структуры павінны перадаваць дакументы на разгляд гэтага органа на абедзвюх мовах. Ліставанне парламента, справаздачы і заявы яго камітэтаў і г.д. павінны быць дзвюхмоўнымі.

Бачна, што фінская канстытуцыя скіравана на забеспячэнне роўнасці правоў дзвюх асноўных моўных грамадаў – ажно настолькі, што роўнасць па моўнай прыкмеце згаданая сярод асноўных правоў і свабод. У нашай жа канстытуцыі гэта роўнасць прама не прапісана.

Адзін з падыходаў да моўных правоў заключаецца ў тым, што апошнія з’яўляюцца неад’емнай часткай фундаментальных правоў [11]. У такім выпадку можна дапусціць, што ў замацаванае ў нашай канстытуцыі права на годнасць асобы ўваходзіць і права чытаць афіцыйныя тэксты законаў ці этыкеткі на дзяржаўнай беларускай мове. Але гарантыі рэалізацыі гэтых правоў у заканадаўстве не прапісаныя.

 Фінскі закон аб мовах і іншыя законы

Фінскі Закон аб мовах 2004 года распаўсюджваецца на суды і іншыя дзяржаўныя ўстановы; незалежныя арганізацыі, якія дзейнічаюць паводле публічнага права; улады камун, парламент і адміністрацыю прэзідэнта. Закон мусіць забяспечваць, каб моўныя правы чалавека рэалізоўваліся так, каб у чалавека не ўзнікала неабходнасці адмыслова патрабаваць гэтага [12].

У айчынным Законе аб мовах, як і ў канстытуцыі, няма прамой згадкі роўнасці па моўнай прыкмеце, тады як фінскі закон паўтарае адпаведнае палажэнне канстытуцыі. Дзяржаўныя ўстановы павінны бараніць традыцыі моўнай культуры краіны і спрыяць выкарыстанню абедзвюх моў.

Фінскі Закон аб мовах, вылучае адна- і дзвюхмоўныя камуны. Камуна (kunta (фін.), kommun (швед.) – гэта нізавы ўзровень адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу; зараз у краіне 313 камун. Да якой групы належыць пэўная камуна, кожныя дзесяць год вызначае ўрадавы дэкрэт на аснове афіцыйных статыстычных дадзеных. Па законе, камуна прызнаецца дзьвюхмоўнай, калі прадстаўнікоў моўнай меншасці ў ёй як мінімум 8% ці 3000 чалавек. Дагэтуль дзвюхмоўная камуна прызнаецца аднамоўнай, калі колькасць прадстаўнікоў моўнай меншасці ў ёй стала ніжэй за 3000 чалавек ці за 6%. Па патрабаванні ўладаў камуны ўрадавы дэкрэт можа абвясціць яе дзвюхмоўнай, нават калі камуна не адпавядае азначаным вышэй крытэрыям. Калі дзвюхмоўная камуна робіцца часткай аднамоўнай, то апошняя становіцца дзвюхмоўнай.

Зараз у Фінляндыі 33 дзвюхмоўныя камуны (у 15 з іх мовай большасці з’яўляецца шведская), у якіх жыве 1,7 мільёнаў чалавек з амаль 5,3 мільённага насельніцтва. Колькасць прадстаўнікоў меншасці ў дзвюхмоўных камунах адносна невялікая: 140 тысяч шведскамоўных жыве ў дзвюхмоўных камунах, дзе мова болшасці – фінская, а 44 тысячы фінскамоўных – у тых, дзе мова большасці – шведская. [13]. Ёсць таксама 16 шведскамоўных камун на Аландскіх астравах, якія з’яўляюцца аўтаноміяй у складзе Фінляндыі. Для пераважнай большасці насельніцтва аўтаноміі родная мова – шведская, якая з’яўляецца і яе адзінай афіцыйнай мовай (Малюнак 1: рознымі адценнямі паказаныя дзвюхмоўныя камуны, дзе мова большасці фінская ці шведская, а таксама шведскамоўныя камуны [14]).

Лагічна параўнаць айчыннае моўнае заканадаўства з тымі палажэннямі фінскіх законаў, якія тычацца як краіны ўвогуле, так і дзвюхмоўных камун.

Фінскі Закон аб мовах вылучае і адна- і дзвюхмоўныя ўстановы. Да апошніх адносяцца тыя органы цэнтральнага дзяржаўнага кіравання, улады камун і міжкамунальныя кіроўныя арганізацыі, у чыю сферу дзейнасці ўваходзіць як мінімум адна дзвюхмоўная камуна.

 Законатворчасць

У згаданым вышэй пасланні Канстытуцыйнага суда адзначана, што нават ў савецкія часы кодэксы ў Беларусі былі дзвюхмоўнымі [15]. Аднак сёння беларуская мова амаль знікла са сферы законатворчасці. У Фінляндыі ж законы, пастановы, і прававыя нормы арганізацый прымаюцца і публікуюцца на дзвюх мовах. Законапраекты публікуюцца па-фінску, але публікацыя мусіць змяшчаць кароткі змест і поўны тэкст законапраекта па-шведску.

Паводле Акта аб працы паламента, яго асноўнай мовай з’яўляецца фінская, але ў дзейнасці прысутнічае і шведская, напрыклад, пратаколы пленумаў публікуюцца па-фінску са шведскім рэзюме, а прапановы канцылярскай камісіі для пленума перакладаюцца на шведскую [16].

 Судаводства

Айчынны Закон аб мовах, а таксама Грамадзяскі, Крымінальна-працэсуальны і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях прапісваюць што судаводства вядзецца на беларускай або рускай мовах, але не абазначаюць, як выбіраецца адна з моў у канкрэтным выпадку. Фінскі Закон аб мовах адзначае, што ў дзвюхмоўных судах у справе паміж установай і прыватнай асобай, мова адміністратыўнага судаводства – гэта мова прыватнай асобы. Калі абодва бакі – установы, то мовай працэсу будзе мова істца. Мовай крымінальнага судаводства з’яўляецца мова адказчыка. Калі мовы адказчыкаў розныя, то мову выбірае суд, зыходзячы з іх інтарэсаў. Калі гэта не ўдаецца, то выкарыстоўваецца мова большасці ў рэгіёне дзейнасці суда.

 Абслугоўванне і інфармаванне насельніцтва

Згодна фінскаму Закону аб мовах, установы павінны забяспечваць рэалізацыю моўных правоў індывіда ў межах сваёй кампетэнцыі.

Адпаведныя міністэрствы мусяць забяспечыць, каб па ўсёй краіне на абедзвюх мовах была даступна інфармацыя, важная для жыцця, здароўя, уласнасці індывіда і навакольнага асяроддзя. 

Калі фінская дзвюхмоўная ўстанова ў курсе, якой ёсць мова адрасата, то яна павінна выкарыстоўваць менавіта яе, а калі не – то абедзве. Адрозненнем ад айчыннага заканадаўства з’яўляеццца абарона слабога бока. Дзяржаўныя і камунальныя ўстановы інфармуюць насельніцтва дзвюхмоўных камун на фінскай і шведскай; шыльды і дарожныя знакі афармляюцца там на дзвюх мовах; тэксты на ўпакоўках прадуктаў – таксама, прычым абедзве версіі мусяць выглядаць аднолькава.

Фінскія ўстановы павінны дэманстраваць сваю дзвюхмоўнасць кліентам рознымі спосабамі. У Беларусі ж праводзяцца грамадскія кампаніі ў абарону права на беларускамоўнае абслугоўванне ці інфармаванне.

Пратаколы пасяджэнняў радаў дзвюхмоўных камун, пастановы і г.д. робяцца на дзвюх мовах. Дзяржпрадпрыемствы і прадпрыемствы, якімі кіруюць дзвюхмоўныя камуны, павінны абслугоўваць і інфармаваць насельніцтва на дзвюх мовах, праўда толькі ў той ступені, у якой гэта будзе палічана мэтазгодным для прадпрыемства. Калі кіраўнічая функцыя ўскладаецца законам на індывіда, то на яго распаўсюджваецца ўсё тое, што ў Законе аб мовах сказана пра ўстановы.

На фінскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы распаўсюджваюцца тыя ж палажэнні, што і на дзвюхмоўныя ўстановы ў рэгіёнах, дзе мова большасці – фінская.

У фінскіх законах аб правах пацыентаў і карыстальнікаў сацыяльных паслуг пазнанана, што іх родныя мовы павінны наколькі гэта магчыма брацца да ўвагі пры аказанні ім адпаведных паслуг.

 Адукацыя

Колькасць навучэнцаў устаноў адукацыі з беларускай мовай навучання змяншаецца. У 2014 – 2015 навучальным годзе цалкам па-беларуску навучалася ўсяго 300 студэнтаў (0,1%). За год да гэтага іх было ўдвая больш. [17]. У краіне няма ВНУ, дзе выкладалі б цалкам па-беларуску. Немагчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю па-беларуску называецца прычынай нежадання бацькоў аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы і школы.

Паводле фінскага Закона аб універсітэтах, мовай выкладання і экзаменаў у агульным выпадку з’яўляецца фінская. Аднак у некаторых універсітэтах гэтых моў дзве, а ў трох ВНУ яна шведская [18].

У папярэднія гады ў Беларусі масава закрываліся малакамплектныя школы, у большасці якіх навучанне вялося па-беларуску. Дзяцей пры гэтым пераводзілі ў рускамоўныя школы [19]. У Фінскім Законе аб базавай адукацыі прапісана, што камуна можа змяніць месца навучання, не мяняючы пры гэтым мову навучання [20].

 Мовай фінскага войска з’яўляецца фінская, але ў ім павіна быць мінімум адно шведскамоўнае падраздзяленне. Прызыўнік мае права быць накіраваным у падраздзяленне са сваёй мовай ці прайсці альтэрнатыўную службу на ёй. Падобных палажэнняў у айчынным заканадаўстве няма.

Беларускае заканадаўства не прапісвае, якая арганізацыя адказная за нагляд за забеспячэннем моўных правоў. Фінскі Закон аб мовах абавязвае ўрад кожны выбарны перыяд рабіць перад парламентам справаздачу аб выкананні моўнага заканадаўства і забеспячэнні моўных правоў.

 Заключэнне. Пры рэфармаванні айчыннага моўнага заканадаўства з фінскага досведу можа быць скарыстана абарона слабага бока; забеспячэнне рэальнай роўнасці дзяржаўных моў; дэтальнасць палажэнняў; актыўнае прапанаванне дзвюхмоўных паслуг; справаздачнасць урада за забеспячэнне моўных правоў на ды іншае.

 Літаратура

1. Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь [Электронны рэсурс] : Закон Рэсп. Беларусь, 26 студзеня 1990 г. № 3094-XІ : у рэд. ад 3 студзеня 2013 г. № 15-З // (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 09.01.2013, 2/2013) <H11300015>.

2. Беларуская мова ў небяспецы [Электронны рэсурс] // Вясна. – Рэжым доступу: http://spring96.org/be/news/79760.  Дата доступу:  08.09.2015.

3. Тушынскі, Дз. М. Маніторынг моўнай сітуацыі ў Беларусі і "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне". Частка 1 / Дз. М. Тушынскі // Наша слова. – 2014. – № 43.

4. Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання [Электронны рэсурс] : Рашэнне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 04.12.2003 г . N П-91/2003 // Заканадаўства. – Рэжым доступу: http://tbm-mova.by/laws1_13.html. – Дата доступу: 16.03.2016.

5. Палата прадстаўнікоў думае пра беларускую мову // Наша слова. – 2012. –  5 снежня. – С. 1.

6. У Нацыянальным цэнтры прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь вялікіх прэтэнзій да законапраекту “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” не маюць, але прыняць не лічаць магчымым…” // Наша слова. – 2015. –  21 студзеня. – С. 4.

7. Канстытуцыйны суд пацвердзiў, што на практыцы дзяржаўныя мовы няроўныя [Электронны рэсурс] // Таварыства беларускай мовы. – Рэжым доступу: http://tbm-mova.by/news_1022.html . – Дата доступу: 16.03.2016.

8. Самарын В. І. Да пытання аб забеспячэння роўнасці дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь [Электронны рэсурс] / В. І. Самарын // Электронная библиотека БГУ. – Рэжым доступу: http://elib.bsu.by/handle/123456789/12778. – Дата доступу: 17.03.2016

9. Тушынскі, Дз. М. Моўнае заканадаўства Рэспублікі Ірландыя / Дз. М. Тушынскі // Зборнік матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона", Мінск, 28 сакавіка 2015 года. – Том 1. – С. 224 – 232.

10. Finlands grundlag [Электронны рэсурс] : 11.6.1999/731 // Finlex. – Mode of access: http: // www.finlex.fi/sv/laki/ajantas /1999/19990731.  –  Дата доступу: 18.03.2016.

11. Arzoz Xabier The Nature of Language Rights / Xabier Arzoz // Journal on Ethnopolitics and Minority Issues in Europe. – 2009. – Vol. 6. – P. 1 – 35.

12. Språklag [Электронны рэсурс] : 6.6.2003/423 // Finlex. – Mode of access: http://www.finlex.fi/sv/laki/ajantasa/2003/20030423. – Дата доступу: 18.03.2016.

13. Svensk- och tvåspråkiga kommuner [Рэжым доступу] // Kommunerna.net. – Mode of access: http://www.kommunerna.net/sv/kommuner/svensk-tvasprakiga/Sidor/default.aspx. – Дата доступу: 18.03.2016.

14. Hetemäki Rasmus Geography of Swedish-speaking Finns [Electronic resource] / Rasmus Hetemäki // Helsinki Times. – Mode of access: http://www.helsinkitimes.fi/lifestyle/4734-geography-of-swedish-speaking-finns. – Date of access: 30/03/2016.15.

15. КС Беларусі лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах [Электронны рэсурс]  // Наша Ніва. – Рэжым доступу: http://nn.by/?c=ar&i=142649. – Дата доступу: 16.03.2016.

16. Riksdagens arbetsordning [Электронны рэсурс] : 17.12.1999/40 år 2000 // Finlex. – Рэжым доступу: http://www.finlex.fi/sv/laki/ajantasa/2000/20000040. – Дата доступу: 18.03.2016.

17. Хвоін Вольга Беларуская мова: Чужая сярод сваіх [Электронны рэсурс] / Вольга Хвоін // Новы Час Online. – Рэжым доступу: http://novychas.by/hramadstva/miznarodny_dzienj_rodnaj_movy/. – Дата доступу: 16.03.2016.

18. Universitetslag [Электронны рэсурс] : 24.7.2009/558 // Finlex. – Рэжым доступу: http://www.finlex.fi/sv/laki/ajantasa/2009/20090558. – Дата доступу: 18.03.2016.

19. Трусаў А. Трэба біць у званы! [Электронны рэсурс] / А. Трусаў // Радыё Рацыя. – Рэжым доступу: http://www.racyja.com/hramadstva/aleg-trusau-treba-bits-u-zvany/. – Дата доступу: 16.03.2016.

20. Lag om grundläggande utbildning [Электронны рэсурс] : 21.8.1998/628 // Finlex. – Рэжым доступу: http://www.finlex.fi/sv/laki/ajantasa/1998/19980628. – Дата доступу: 18.03.2016. 

Дзвюх- і шведскамоўныя камуны поўдня Фінляндыі

← вярнуцца ў навіны