Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Справаздачны даклад старшыні ТБМ Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі з кастрычніка 2014 г. па кастрычнік 2017 г.

2017.10.18 1

Як і заўсёды, мінулыя гады прайшлі для нас у штодзённай стваральнай працы на карысць нашай Радзімы.

У нашай арганізацыі, якая існуе з 1989 года, адбываецца змена пакаленняў, што асабліва праявілася ў апошнія гады. Адышлі ў лепшы свет шмат якія заснавальнікі і актыўныя дзеячы ТБМ. Сярод іх першыя кіраўнікі ТБМ Генадзь Бураўкін і Ніл Гілевіч, сябры Рады ТБМ Анатоль Грыцкевіч і Уладзімір Содаль, старшыня Баранавіцкай арганізацыі ТБМ Віктар Сырыца, галоўны рэдактар газеты "Новы час" Аляксей Кароль і многія іншыя рупліўцы роднага слова.

Па стану на 15 кастрычніка наша арганізацыя налічвае 6401 чалавек. З іх у Мінску 2502 і Мінскай вобласці 735, у Гродзенскай вобласці 909, у Брэсцкай вобласці 536, у Гомельскай вобласці 420, у Віцебскай вобласці 752, у Магілёўскай вобласці 235, за межамі нашай краіны 312 чалавек.

Гэтыя гады былі для нас гадамі цяжкай, але стваральнай працы як у Мінску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гродна, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Паставаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Мінска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Мінску. Была створана новая суполка ТБМ у Скідзелі, аднавіла сваю дзейнасць Стаўбцоўская арганізацыя ТБМ.

Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі “Наша слова”, “Новы час”, "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Краязнаўчая газета"  і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё “Свабода”, радыё “Рацыя”, Еўрарадыё, партал tut.by і іншыя.

Аднак актыўнасць некаторых нашых арганізацый жадае быць лепшай. Нас хвалюе сітуацыя з дзейнасцю нашых сяброў у Брэсце, Бабруйску, Пухавічах, Ваўкавыску, Навагрудку, Мазыры і Нясвіжы.

Нягледзячы на неаднаразовыя абяцанні сябра Рады ТБМ Аляксандра Меха аднавіць дзейнасць Кобрынскай раённай арганізацыі, а таксама стварыць і зарэгістраваць Брэсцкую абласную арганізацыю ТБМ ім нічога не было зроблена ў гэтым накірунку.

З красавіка 2014 г. па чэрвень 2015 г. рэгулярна праводзіўся маніторынг моўных правоў грамадзян Беларусі. Мы накіравалі запыты аб стане моўных правоў усіх 117 раённых выканаўчых камітэтаў Беларусі. Зроблены аналіз адказаў мясцовых райвыканкамаў паказвае, што большасць рашэнняў выканкамаў і пастаноў мясцовых раённых саветаў прымаецца на рускай мове. Справаводства таксама пераважна вядзецца па-руску. Атэстацыя па валоданні беларускай мовай супрацоўнікамі арганізацый дзяржаўнай улады не праводзіцца.

Беларуская мова найбольш пашырана ў сферы культуры, адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ў візуальным афармленні.

У Савеце Міністраў Беларусі за вышэй азначаны перыяд па-беларуску было прынята толькі 13% пастаноў (170 з 1287) і 64% распараджэнняў Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь (246 з 384).

Маніторынг аказвае стымулюючае дзеянне. Некаторыя органы ўзялі на сябе абавязальніцтвы па паляпшэнню сітуацыі, асабліва ў стварэнні беларускамоўных версій сайтаў.

Нядаўна беларускі парламент прыняў вялікі заканадаўчы дакумент Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які складаецца з 257 артыкулаў, напісаны толькі па-беларуску і ўступіў у сілу з лютага 2017 г.

Дзякуючы намаганням ТБМ у артыкуле 69 вышэй згаданага кодэкса запісана, што "Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў адносіцца беларуская мова (вусная і пісьмовая), імёнаслоўныя традыцыі і традыцыйная форма звароту да людзей". Гэты сказ будзе карысны падчас спрэчных пытанняў у пашпартных сталах ці іншых установах нашай краіны.

Зараз нашыя намаганні накіраваныя на тое, каб новая версія Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь таксама была прынятая на беларускай мове.

Актыўную працу па пашырэнні беларускай мовы ў дзіцячых садках Гомеля праводзіць мясцовая арганізацыя ТБМ пад кіраўніцтвам Алесі Аўласевіч. Гомельская суполка ТБМ зладзіла фэст удзельнікаў беларускамоўнай адукацыі. Дзеці розных узростаў з бацькамі вучыліся разам спяваць беларускія песні, танцаваць, прыдумляць і маляваць ілюстрацыі да беларускіх казак, рабіць лялькі. Створаны першыя беларускамоўныя класы ў Гомелі, Жодзіна, Лідзе і Гродна. У горадзе Лідзе, дзякуючы Станіславу Судніку, з’явіліся 3 білборды ў падтрымку беларускай мовы.

У гэтым годзе прайшла юбілейная 10-я Агульнанацыянальная дыктоўка, у якой прынялі ўдзел тысячы чалавек, як у Беларусі, так і за яе межамі.

У гэтым годзе выйшаў 16 нумар часопіса “Верасень” (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за яе межамі.

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7–11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. 2016-2017 гады працавалі беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам Людмілы Бурлевіч і Леанарды Мухінай, а таксама псіхалагічныя беларускамоўныя заняткі “Школа асобаснага росту” Людмілы Дзіцэвіч. У кастрычніку гэтага года пачалі працаваць курсы ўкраінскай мовы сумесна з амбасадай Украіны ў Беларусі.

Апошнія гады актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства “Прамова”, кіраўнік – Аляксандр Давідовіч. Актыўна дзейнічала ў 2015 г. і першай палове 2016 г. гістарычная школа пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках з Алегам Трусавым” (каардынатар Алена Анісім). Зараз гэтым займаецца клуб “ПраМова”.

Варта адзначыць вялікі поспех курсаў "Мова нанова", заснаваных актывістамі ТБМ Глебам Лабадзенка і Алесяй Літвіноўскай. Курсы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю, іх наведалі больш за тысячу асобаў у розных гарадах краіны, дзе працуюць філіялы гэтых курсаў.

Вось ужо дзявяты год кіраўнік Гродзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гродзеншчыны.

З 2012 г. дзейнічае інтэрнэт-партал ТБМ, каардынатар партала і сацыяльных сетак Юлія Бажок. Дзякуючы парталу, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: нашу гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя слаі грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі.

Актыўна займаюцца краязнаўчай і турыстычнай працай нашы сябры з Мінска, Гродна, Магілёва, Паставаў, Шклова, Баранавічаў, Шаркаўшчыны, Магілёва і Ліды. Яны ладзяць беларускамоўныя экскурсіі, пленеры, канферэнцыі і семінары. У гэтым плане хочацца адзначыць сяброў Рады ТБМ Станіслава Судніка, Алега Дзьячкова, Алеся Кроя і Аляксандра Давідовіча.

Адбыліся змены ў рэгіянальным кіраўніцтве ТБМ. Абраныя новыя кіраўнікі ў Полацку, Слуцку, Дзятлаве і Салігорску. Былі выдадзеныя насценныя і кішэнныя календары і паштоўкі, прысвечаныя Нілу Гілевічу, Алесю Смолічу, Макару Краўцову, ксяндзу Уладзіславу Чарняўскаму і Янку Брылю.

Выдавецкі дом ТБМ у Лідзе таксама выдаваў календары і зрабіў банер, прысвечаны 500-м угодкам беларускага кнігадрукавання.

Дзякуючы намаганням сяброў ТБМ была зроблена рэстаўрацыя помніка літары “Ў” у Полацку, дзе помнік доўгі час быў занядбаны. Увесну 2015 года была працягнутая на чарговыя 3 гады арэнда памяшкання сядзібы ТБМ у Мінску. Таксама ў 2016 г. у сядзібе ўсталявалі новую пажарную сігналізацыю.

Напрыканцы 2015 г. па ініцыятыве ТБМ быў створаны аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, у які ўвайшлі прадстаўнікі розных палітычных і грамадскіх арганізацый. Сустаршынямі аргкамітэта абраны сп. Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Колас і Алег Трусаў, каардынатарка Алена Анісім. 

Дзякуючы намаганням аргкамітэта 11 верасня 2017 г. Мінскі выканаўчы абласны камітэт выдзеліў для дзейнасці будучага ўніверсітэта як структурнай адзінкі ТБМ "Універсітэт Альбарутэнія" асобнае памяшканне. Зараз мы актыўна працуем над канчатковай версіяй Статута ўніверсітэта.

28 сакавіка 2015 г. у Мінску адбылася Міжнародная канферэнцыя “Моўныя правы і іх абарона”. Былі запрошаныя праваабаронцы і навукоўцы з Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі, Эстоніі. Сярод беларускіх удзельнікаў праваабаронцы з праваабарончага цэнтра “Вясна”, навукоўцы з НАН Беларусі, вядучых універсітэтаў краіны.

Было праведзена пленарнае паседжанне і 2 секцыі. У канферэнцыі прынялі ўдзел звыш 50 удзельнікаў. Інфармацыя пра канферэнцыю была апублікаваная ў “Свободных новостях плюс”, у “Нашым слове”, на Еўрарадыё, ва ўкраінскіх СМІ.

Па выніках канферэнцыі ў чэрвені 2015 г. быў надрукаваны зборнік (у дзвюх частках). Гэта каштоўная крыніца інфармацыі для навукоўцаў і абаронцаў моўных правоў. Экземпляры матэрыялаў канферэнцыі былі перададзены ў бібліятэкі і навуковыя асяродкі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Англіі, Германіі.

Для рэкламы сваёй дзейнасці мы надрукавалі каляровы буклет разам з календаром у колькасці 1600 асобнікаў.

Буклеты распаўсюджаны ў Мінску, у Баранавічах, Слуцку, Салігорску, Лідзе, Гомелі і за мяжой (у Літве, Украіне, Польшчы і Расіі). Зроблена і англамоўная версія буклета ТБМ, якая размешчана на сайце ў зручным для пампавання фармаце.

Сакратарыят ТБМ у 2015 годзе накіраваў усім кандыдатам у прэзідэнты прапановы па паляпшэнні стану беларускай мовы ў краіне, каб яны ўключалі адпаведны пункт у свае прадвыбарчыя праграмы. Трэба адзначыць, што сп. Таццяна Караткевіч нашы прапановы ўключыла ў сваю праграму са спасылкай на нашу арганізацыю.

Сябры ТБМ прынялі актыўны ўдзел у апошніх парламенцкіх выбарах у 2016 г. Акрамя мяне подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты збіраў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі, намеснік старшыні ТБМ Аляксандр Давідовіч. У рэгіёнах найбольш праявілі сябе сябры Лідскай і Баранавіцкай арганізацый ТБМ, а таксама сябра Рады ТБМ з Кобрына сп. Аляксандр Мех і Алена Анісім з Мінска.

На першым месцы тут знаходзіцца Лідская арганізацыя ТБМ, якая здолела вылучыць (праз партыю БНФ) і зарэгістраваць пяць кандыдатаў у дэпутаты беларускага парламента. Вядома, што ўсе кандыдаты ў дэпутаты – сябры ТБМ – вялі сваю выбарчую кампанію па-беларуску.

У беларускіх і замежных сродках масавай інфармацыі актыўна асвятлялі перадвыбарную кампанію і парламенцкія выбары ў Беларусі 2016 года, і цяпер, дзякуючы перамозе на парламенцкіх выбарах першага намесніка старшыні Таварыства беларускай мовы спн. Алены Анісім, пра ТБМ ведаюць ва ўсім свеце. Як паведамляецца ў некаторых СМІ, з 2004 года ў парламент траплялі толькі актыўныя прыхільнікі дзеючай улады, таму перамога аднаго з кіраўнікоў ТБМ з’яўляецца сапраўдным поспехам, бо наша арганізацыя адстойвае не заўсёды зручныя для ўладаў погляды. Праз гэта нас нават пачалі параўноўваць з палітычнай партыяй апазіцыйнага кшталту.

Перамога спн. Анісім не адбылася б без двухгадовай папярэдняй падрыхтоўкі. ТБМ мэтанакіравана і паслядоўна рыхтавалася да вераснёўскіх выбараў 2016 года, актыўнымі сябрамі нашай арганізацыі праводзіліся абмеркаванні і планаванні, на Радах ТБМ 2015 і 2016 гадоў галасаваннем прымаліся адпаведныя рашэнні.

Акрамя таго, некаторыя сябры ТБМ маюць непасрэднае дачыненне да нефармальнага аб'яднання беларускіх патрыётаў, якое арганізавала 21 снежня 2014 года Усебеларускі кангрэс за незалежнасць (спн. Анісім з’яўляецца каардынатарам Рады Кангрэса). На ім было прапанавана стварыць грамадзянскую ініцыятыву "Беларускую мову - у парламент", а абранне спн. Анісім у парламент фактычна з’яўляецца пачаткам рэалізацыі планаў вышэйзгаданай грамадзянскай ініцыятывы.

Зараз наша задача з дапамогай спн. Алены Анісім пачаць актыўна беларусіфікаваць наш парламент, а таксама ўнесці неабходныя змены ў Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь і прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Праца ў гэтым накірунку ўжо вядзецца.

На гэтым з’ездзе трэба вызначыцца як нам працаваць далей у тых знешніх і ўнутраных абставінах, якія рэзка змяніліся за апошнія тры гады.

Пасля анэксіі Крыма і вайны на Данбасе над нашай краінай навісла пагроза страты незалежнасці і пераўтварэння ў чарговую ахвяру так званага “рускага міра”. У гэтых умовах роля працы па пашырэнні беларускай мовы і культуры ва ўсіх сферах нашага жыцця значна ўзрастае.

Паколькі ўлады Беларусі не спяшаюцца рэальна пашыраць ужыванне беларускай мовы, асабліва ў сферы адукацыі наспеў час стварыць у краіне сістэму прыватнай беларускамоўнай адукацыі ад дзіцячых садкоў да нацыянальнага ўніверсітэта з дапамогай уласных сродкаў. Нам патрэбныя прыватныя беларускамоўныя школы і асабліва гімназіі, дзе будуць вучыцца па-беларуску нашыя дзеці і ўнукі за нашыя грошы ў лепшых умовах, чым у дзяржаўных школах і гімназіях, дзе ўжо шмат год назіраецца дэградацыя сістэмы навучання.

Папулярная ў Беларусі рускамоўная газета "Камсамольская праўда" адзначае, "што ў апошні час ёсць усё больш запытаў на беларускамоўных нянек" для маленькіх дзетак. Калі бацькі знаходзяць грошы на беларускамоўную няньку, то яны знойдуць іх на беларускамоўную школу ці гімназію, дзе будуць працаваць высокапрафесійныя беларускамоўныя настаўнікі, якія размаўляюць па-беларуску не толькі на ўроках, але і ў сям'і, крамах, транспарце і іншых грамадскіх месцах.

Я бачу дзейнасць ТБМ у новых умовах як згуртаванне аднадумцаў, якія не лямантуюць, што ўсё страчана, а ўмеюць гуртавацца, працаваць у камандзе і знаходзіць грошы на сваю дзейнасць.

Я прапаную зменшыць колькасць новай Рады ТБМ з 54 да 30-35 чалавек і не выбіраць туды "вясельных генералаў", якія потым не будуць нават з'яўляцца на пасяджэннях, ужо не кажучы пра штодзённую працу. Тое ж можна сказаць і пра Сакратарыят ТБМ.

Рэгіянальныя структуры таксама павінны ўзяць на сябе абавязкі рэгулярнага фінансавання офіса ТБМ у Мінску (сума складае каля 2000 BYN за месяц), дзе зарэгістравана ТБМ як юрыдычная асоба і штодзень працуе Сакратарыят ТБМ. Гэта складкі і ахвяраванні, якія трэба рэгулярна пералічваць на рахункі ТБМ.

Сярод найбольш актыўных ахвярадаўцаў і фундатараў ТБМ я хачу адзначыць сп. Бераговіча, які фінансуе выданне часопіса "Верасень", сябра ТБМ з Масквы сп. Казакова, нашага канадскага сябра сп. Мурзёнка, ветэрана вайны са Слаўгарада Фелікса Шкірманкова, спн. Алену Анісім і сотні іншых сяброў і прыхільнікаў ТБМ, імёны якіх мы рэгулярна друкуем у газеце "Наша слова" і абвяшчаем на партале ТБМ.

Я спадзяюся, што новае, больш маладое і дынамічнае кіраўніцтва ТБМ, якое мы абяром на нашым з'ездзе, не толькі захавае тыя здабыткі, якія мы маем зараз, але і здолее іх павялічыць.

Сыходзячы з пасады старшыні ТБМ, якую займаю з 1999 г., я выказваю шчырую ўдзячнасць сотням найбольш актыўных сяброў ТБМ, якіх я ведаю асабіста і якія назаўжды застануцца маімі сябрамі і аднадумцамі.

Жыве наша мова і жыве Беларусь!

З павагай да вас усіх 

Старшыня ТБМ                                                                                                                        Алег Трусаў

 

Каментары

Госць 2017-10-18 20:42:19

У такім неспрыяльных умовах зролена шмат!


← вярнуцца ў навіны