Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выступ Алега Трусава на канферэнцыі, прысвечанай Ф. Скарыне: Маральная перамога Францыска Скарыны

2017.09.27 0

  Выява мае ілюстрацыйны характар.

Маральная перамога Францыска Скарыны

У Еўропе і на тэрыторыі Беларусі пра Францыска Скарыну забыліся на некалькі стагоддзяў і ўзгадалі толькі тады, калі стала фарміравацца новая беларуская нацыя ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. Ф. Скарына стаў сімвалам славутай гісторыі Беларусі эпохі Сярэднявечча і Новага часу. Палітычныя дзеячы і БНР, і БССР спрыялі папулярызацыі асобы Ф. Скарыны ў беларускім грамадстве. Менавіта ў БССР у эпоху беларусізацыі постаць Ф. Скарыны стала знакамітай і трапіла ў школьныя падручнікі.

Як лічаць сённяшнія даследчыкі дзейнасці нашага першадрукара, “ён зрабіў важныя крокі для інтэграцыі беларускага і наогул беларуска-літоўска-ўкраінскага рэгіёна (колішняга Вялікага Княства Літоўскага) у агульнаеўрапейскую культурную палітыку, вельмі шмат зрабіў для трансляцыі сусветных агульнахрысціянскіх каштоўнасцей у нашым рэгіёне. Самае важнае: ён, з аднаго боку, адкрыў вочы беларусам на ўвесь свет, а з другога – свету адкрыў вочы на нашу зямлю. Адкрыў нам магчымасць сказаць сваё сапраўднае друкаванае слова і сімвалічнае слова пра саміх сябе. Ён не прыдумаў новую тэхналогію, ён не прыдумаў, як перакладаць кнігі ці Біблію, ён не прыдумаў, як рабіць батанічныя сады ці нешта іншае. Але ён зрабіў, як мне падаецца, значна больш: змяніў непазнавальна ўсход Еўропы, уключыў вялікія масы людзей, якія пражывалі на ўсходнееўрапейскіх землях, у агульнасусветны культурны арэал, дзякуючы чаму агульнасусветная культура ўзбагацілася новымі ідэямі, досведам… Шэкспір таксама не першым у свеце прыдумаў пісаць вершы, але зрабіў гэта таленавіта. Тое ж мы кажам пра Скарыну”. Так справядліва пра Ф. Скарыну напісаў Алесь Суша, беларускі культуролаг, кнігазнавец, Старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў [1].

Актыўная друкарская дзейнасць Ф. Скарыны заняла два гады: з 1517-а па 1719-ы 22 кнігі. Усяго Ф. Скарына надрукаваў 24 кнігі. 22 кнігі былі надрукаваныя ў Празе, а 2 у Вільні. Напрыклад, апошняя кніга – “Апостал” – выйшла ў Вільні ў 1925 г.

Вядома, Ф. Скарына не змог бы выдаць кнігі без падтрымкі спонсараў. Яго мецэнатамі сталі віленчукі Багдан Онькаў і Якуб Бабіч, а таксама вялікі князь Канстанцін Астрожскі ды іншыя адукаваныя магнаты эпохі. Лічыцца, што Я. Бабіч і Б. Онькаў фінансавалі пераклад і выданне ўсіх 24-х кніг. А Віленская друкарня Ф. Скарыны месцілася ў доме Я. Бабіча.

Можна задумацца пра тое, навошта прадстаўнікам тагачаснай беларускай эліты ўкладаць вялікія грошы ў друкарскую справу, калі яна наўрад была самаакупляльнай, ужо не кажучы пра вялікія прыбыткі? На нашую думку, кнігадрукаванне ў ВКЛ было справай не толькі адукацыйнай, але, у першую чаргу, палітычнай.

Некаторыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі называюць той час, калі жыў і дзейнічаў Ф. Скарына, “залатым векам” Беларусі. На нашую ж думку, сапраўдны “залаты век” на нашай тэрыторыі пачаўся пасля Грундвальдскай перамогі і скончыўся ў канцы XV ст., яшчэ да нараджэння славутага першадрукара. У 1480 г. у Еўропе паўстала новая вялікая дзяржава Вялікае Княства Маскоўскае, якое да 1485 г. захапіла вялізную тэрыторыю суседніх Наўгародскай рэспублікі і Вялікага княства Цвярскога, а Пскоўскую рэспубліку і Вялікае княства Разанскае пераўтварыла ў сваіх паслухмяных васалаў. Неўзабаве добрападрыхтаванае да вайны велізарнае варожае войска абрынулася на паўночныя і ўсходнія межы ВКЛ. З поўдня пачаліся няспынныя татарскія наезды.

Пакуль Ф. Скарына набываў адукацыю, жыў і працаваў за мяжой ВКЛ страціла вялікія тэрыторыі на ўсходзе: у 1500 г. Бранск, а ў жніўні 1514 г. Смаленск. Поўдзень і цэнтр Беларусі нішчылі, рабавалі і палілі татарскія атрады. Уся дзяржава дзень і ноч рыхтаваліся да абароны. Умацоўваўся Полацк, радзіма Ф. Скарыны, дзе нават Полацкая Сафія набыла рысы абарончага храма, а тагачасная сталіца ВКЛ Вільня атрымала мураваныя гарадскія ўмацаванні, нягледзячы на існаванне Верхняга і Ніжняга замкаў. У выніку вялікіх намаганняў нашыя войскі ў 1506 г. разбілі крымскіх татараў пад Клецкам і вялізнае маскоўскае войска ў 1514 г. пад Воршай. Аднак вярнуць Смаленск так і не здолелі.

Але нашыя эліты разумелі, што перамір’е з ворагам часовае і трэба мацаваць мясцовы патрыятызм, які не магчымы без адукацыі і культуры. Дарэчы, менавіта пасля Аршанскай перамогі кіраўнікі Свяшчэннай Рымскай імперыі нямецкага народа адмовіліся ад хаўруса з маскоўскімі ўладамі і з павагай сталі ставіцца да ВКЛ і яго эліты, якая складалася з каталіцкіх і праваслаўных магнатаў і шляхты.

Паколькі ў ВКЛ тады панавала старабеларуская мова, якая была дзяржаўнай, і пісьмовая культура, якая грунтавалася на кірылічным алфавіце, Ф. Скарыне было даволі лёгка знайсці неабходныя грошы і пачаць імклівую выдавецкую дзейнасць перакладаў Бібліі.

Наша эліта пераадолела разгубленасць, умацавала свой патрыятычны дух, у тым ліку і дзякуючы друкаванай кнізе на роднай мове, і выйграла чарговую “старадубскую вайну” з Масковіяй, у выніку якой быў вернуты стратэгічна важны аб’ект – горад Гомель.

У гэтыя часы быў прыняты Першы Статут ВКЛ, а кнігі Ф. Скарыны распаўсюджваліся сярод магнатаў і шляхты, якія пільна сачылі за рэфарматарскім рухам у Еўропе, а некаторыя з іх нават станавіліся прыхільнікамі арыянаў і кальвіністаў. Таму невыпадкова постаць Ф. Скарыны мацуе патрыятычны дух беларусаў менавіта ў часы розных гістарычных выклікаў, якімі так багатая беларуская гісторыя.

Літаратура

1. Ён паказвае нашу злучнасць з рознымі народамі. Справа Скарыны. Працяг. "Літаратура і мастацтва". №34 ад 25 жніўня 2017 г., С. 4.

Алег Трусаў,

 кандыдат гістарычных навук, дацэнт


← вярнуцца ў навіны