Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

У Слуцку прайшла «гадзіна беларускай мовы»

2017.09.23 0

Дзесяць случчан сабраліся 17 верасня разам, каб вывучаць беларускаю мову. 5 сябраў ТБМ і 5 прыхільнікаў беларушчыны на працягу амаль дзвюх гадзін вывучалі асаблівасці беларускай мовы і практыкаваліся ў размовах па-беларуску.

 

Аляксандр Туміловіч, былы рэжысёр народнага тэатра імя Галубка, нядаўна стаў сябрам ТБМ, яго можна назваць сапраўдным распаўсюднікам беларускай мовы ў Слуцку.

— Я размаўляю толькі па-беларуску і зацікаўлены ў развіцці роднай мовы, таму з радасцю згадзіўся выкладаць курс беларускай мовы ў рамках ТБМ, — распавёў спадар Аляксандр. — Мяне радуе, што ў Слуцку ёсць людзі, якія падтрымліваюць мову сваіх продкаў. На мой погляд, у краіне паціху адбываецца адраджэнне нашай мовы. Калі раней жыхары горада слухалі мяне як нейкага дзівака, то зараз хваляць за “смачную” беларускую мову і шкадуюць, што не ўмеюць самі размаўляць. 

Аляксандр Туміловіч лічыць, што беларускамоўныя лекцыі павінны гучаць для сотняў людзей, а не толькі для сябраў ТБМ.

Аўдыторыя ўважліва выслухала лекцыю Туміловіча пра цвёрдыя зычныя, асіміляцыю гукаў, правілы, звязаныя з напісаннем уласных імёнаў. Слухачы таксама папрактыкаваліся ў правільным вымаўленні беларускіх гукаў, размове па-беларуску на розныя тэмы.

Пенсіянерка Тамара Блінова, бібліятэкар па адукацыі, 28 гадоў пражыла ў Расіі. Яна прыйшла на ўрок, каб папрактыкавацца ў размове.

— Мне вельмі спадабаўся ўрок, — гаворыць жанчына, — прыемна было паслухаць добрых носьбітаў беларускай мовы і паразмаўляць самой. Абавязкова буду наведваць іншыя ўрокі і цікавыя культурныя беларускамоўныя мерапрыемствы.

У планах слуцкай філіі ТБМ — сустрэчы з гісторыкамі, выкладчыкамі мовы, паэтамі і пісьменнікамі, краязнаўчыя беларускамоўныя экскурсіі, наведанне тэатра імя Янкі Купалы і тэатра Беларускай драматургіі.

novychas.by


← вярнуцца ў навіны