Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Праекты заяў, пастаноў і рэзалюцый для абмеркавання перад ХІІІ З'ездам (абноўлена)

2017.09.25 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Прапануем да разгляду праекты заяў, пастаноў і рэзалюцый ТБМ "Вышэйшая адукацыя па-беларуску – аснова незалежнасці Беларусі", "Беларускія законы павінны быць напісаны і дзейнічаць на дзяржаўнай беларускай мове", “Аб заснаванні электроннай газеты ТБМ “Nasza_slowa.by” (“Наша_слова.бел”)”, “Аб ініцыяванні прыватнай гімназічнай (ліцэйнай) беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі” і "Аб унясенні ў парадак дня сесіі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь законапраекта "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” для абмеркавання і ўнясення прапаноў. Усе прапановы просім накіроўваць на паштовую скрынку siadziba@gmail.com да 15 кастрычніка з тэмай "Прапановы па заявах, пастановах і рэзалюцыях".

 

Вышэйшая адукацыя па-беларуску – аснова незалежнасці Беларусі

Напачатку ХХ ст. беларусы марылі пра свой універсітэт на роднай мове. БНР у 1918 годзе намагалася яго стварыць, а БССР адкрыла яго ў 1921 г. у Менску і паступова ажыццяўляла выкладанне на беларускай мове. Беларуская мова загучала і ў іншых ВНУ Беларусі, найперш у Горацкай акадэміі.

Аднак ужо ў 30-я гады сталіністы надоўга выкаранілі беларускую мову з нашых ВНУ. Дайшло да таго, што ўжо ў 70-х гадах ХХ ст. студэнты філфака БДУ, у тым ліку і будучы паэт Алесь Разанаў, змагаліся за тое, каб на іх факультэце выкладанне вялося па-беларуску.

Пасля студзеня 1990 г., калі ў БССР беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай, нашы ВНУ зноў пачалі ўводзіць выкладанне на беларускай мове. Але рэферэндум 1995 г. гэты працэс надоўга спыніў і зараз шмат у якіх ВНУ нашай краіны па-беларуску выкладаецца толькі адзін прадмет “Беларуская мова. Прафесійная лексіка.” (варыянт – “Беларуская мова. Афіцыйна-справавы стыль.”). Курс вядзецца на працягу 36 гадзін, форма кантролю – залік.

ХІІІ з’езд ТБМ лічыць, што з гэтай практыкай татальнай русіфікацыі трэба раз і назаўсёды скончыць.

Мы прапануем з верасня 2018 года ва ўсіх ВНУ нашай краіны ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам адкрыць беларускамоўныя плыні і студэнцкія групы. Запачаткаваць некалькі дзяржаўных і прыватных гуманітарных універсітэтатў, дзе ўсе прадметы і найперш замежныя мовы будуць выкладацца па-беларуску. Такія ВНУ стануць кузняй для падрыхтоўкі беларускіх дыпламатаў, дзяржаўных чыноўнікаў, выкладчыкаў і навукоўцаў – сапраўдных патрыётаў нашай краіны, для якіх беларуская мова будзе мовай штодзённага карыстання на працы, у побыце і асабліва ў сям’і.

 

Беларускія законы павінны быць напісаны і дзейнічаць на дзяржаўнай беларускай мове

У 1588 г., калі пасля гвалтоўнага стварэння Рэчы Паспалітай Беларусі пагражала паланізацыя, Леў Сапега ў ІІІ Статуце ВКЛ абвесціў нашу мову дзяржаўнай, а таксама захаваў на дзяржаўным узроўні наш спрадвечны алфавіт – кірыліцу. Дзякуючы гэтаму да 1696 года ўсе законы і іншыя юрыдычныя дакументы пісаліся і дзейнічалі па-беларуску.

У 1918 годзе дзяржаўначсць нашай мовы спачатку абвесціла БНР, а потым і БССР.

Пачынаючы з 1991 г. беларускі парламент – Вярхоўны Савет – пачаў працаваць на беларускай мове і значная частка законаў і іншых юрыдычных дакументаў прымаліся па-беларуску.

Аднак у 1996 годзе новы заканадаўчы орган Беларусі – Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу – парушыў дзейную Канстытуцыю і вынікі рэферэндума 1995 г. і перайшоў на рускую мову ў штодзённай працы. У выніку гэтага амаль усё дзейнае заканадаўства зараз існуе толькі ў рускамоўнай версіі, а беларускія суды адмаўляюцца працаваць па-беларуску.

ХІІІ з’езд ТБМ заклікае спыніць гэтую ганебную практыку і адразу ўсе законы прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а беларускія суды павінны працаваць па-беларуску ў выпадку, калі хоць бы адзін бок судовага працэсу гэтага пажадае ў пісьмовай форме.

Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі, усіх беларускіх патрыётаў пісьмова падтрымаць нашую заяву і накіраваць адпаведныя лісты па звычайнай і электроннай пошце ў ПП НС Беларусі.

 

ПАСТАНОВА

ХІІІ З’езда ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”

“Аб заснаванні электроннай газеты ТБМ “Nasza_slowa.by” (“Наша_слова.бел”)”

У сувязі з сусветнымі тэндэнцыямі па пераходзе СМІ ў электронныя формы існавання і функцыянавання ХІІІ З’езд ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” пастанаўляе:

1. Заснаваць электронную газету ТБМ “Nasza_slowa.by” (“Наша_слова.бел”) у поўнай і мабільных версіях, адаптаваных да ўсіх электронных браўзераў і гаджэтаў.

2. Даручыць Радзе ТБМ прапрацаваць усе тэхнічныя і арганізацыйныя пытанні, звязаныя з заснаваннем электроннай газеты ТБМ “Nasza_slowa.by” (“Наша_слова.бел”).

 

ПАСТАНОВА

ХІІІ З’езда ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”

“Аб ініцыяванні прыватнай гімназічнай (ліцэйнай) беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі”

З сусветнага досведу развіцця адукацыі ў многіх краінах свету выдатна бачная перавага прыватных сярэдніх адукацыйных устаноў над дзяржаўнымі па ўзроўні ведаў, якія там даюцца.  Прыватныя адукацыйныя ўстановы ўсе платныя, але запоўненыя вучнямі і паспяхова функцыянуюць. Яны даюць да 100 % выпускнікоў - абітурыентаў і студэнтаў ВНУ.

У Беларусі па факту ўжо створана платная нелегальная сістэма адукацыі пад выглядам татальнага ўсебеларускага рэпецітарства, якая паказвае, што беларусы гатовыя плаціць за якасную адукацыю сваіх дзяцей.

З’езд ТБМ пастанаўляе:

1. Ініцыяваць заснаванне і развіццё прыватнай элітнай беларускамоўнай адукацыі ў краіне ў выглядзе стварэння прыватных беларускамоўных гімназій і ліцэяў.

2. Даручыць Радзе ТБМ склікаць Аргкамітэт па стварэнні і развіцці прыватнай элітнай беларускамоўнай адукацыі і запусціць праграму “Беларускамоўная прыватная гімназія (ліцэй)”.

3. Даручыць Радзе ТБМ распрацаваць і ўнесці на разгляд Палаты Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь законапраект “Аб прыватнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

ПАСТАНОВА

ХІІІ З’езда ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”

“Аб унясенні ў парадак дня сесіі

Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь

законапраекта "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” 

Некалькі год таму Таварыствам беларускай мовы быў распрацаваны законапраект "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", які з'яўляецца заканадаўчым адказам на русіфікацыйныя працэсы, што адбываюцца ў краіне. Законапраект ужо атрымліваў станоўчыя водгукі Палаты Прадстаўнікоў, якая, аднак, адмовілася ўносіць яго ў парадак дня праз быццам бы недахоп грашовых сродкаў у краіне.

На сёння Першы намеснік старшыні ТБМ спн. Алена Анісім з'яўляецца дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў, што адкрывае рэальную перспектыву разгляду законапраекта.

З’езд ТБМ пастанаўляе:

1. Сакратарыяту дапрацаваць тэкст законапраекта.

2. Спадарыні А. М. Анісім унесці законапраект у парадак дня сесіі Палаты Прадстаўнікоў у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам па яго гатоўнасці.

 


← вярнуцца ў навіны